Logo Polskiego Radia
Print

Навука й тэхніка

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 02.05.2013 17:33
  • 02.05.13.mp3
Касьмічная абсэрваторыя «Гершэль» завершыла сваю працу (слухайце, калі ласка, гукавы файл)

Касьмічная
Касьмічная абсэрваторыя «Гершэль», © Эўрапейскае касьмічнае агенцтва


Эўрапейская касьмічная абсэрваторыя «Гершэль» завершыла сваю працу - на борце апарата скончыўся запас вадкага гелію, неабходнага для астуджэньня яго камэр, паведамляе Эўрапейскае касьмічнае агенцтва.

Апарат «Гершэль», названы ў гонар брытанскага астранома Ўільяма Гершэля, быў запушчаным на арбіту 14 траўня 2009 года. На ім знаходзіўся найбуйнейшы і самы магутны інфрачырвоны тэлескоп у космасе. Дыямэтр яго люстэрка складае 3,5 мэтра. Дзякуючы таму, што яго камэры ахаладжаліся вадкім геліем, «Гершэль» мог ўлоўліваць выпраменьваньне, якое зыходзіла ад самых халодных аб'ектаў Сусьвету.

У панядзелак падчас сэансу сувязі з «Гершэлем» з дапамогай станцыі далёкай касьмічнай сувязі ў заходняй Аўстраліі, навукоўцы атрымалі зьвесткі аб тым, што ўвесь запас вадкага гелію - 2,5 тысячы літраў, якія цягам чатырох гадоў паволі выпараліся, утрымліваючы тэмпэратуру камэр на ўзроўні 271 градус ніжэй за нуль - вычарпаны.

З дапамогай «Гершэля» навукоўцы правялі больш за 35 тысяч сэансаў назіраньняў і каля 600 назіральных праграм. Архіў зьвестак, сабраных тэлескопам, як спадзяюцца навукоўцы, можа хаваць у сабе мноства адкрыцьцяў.

«Гершэль» даў нам магчымасьць зірнуць на тую частку Сусьвету, якая дагэтуль заставалася ўтоенай, навёў нас на раней незаўважаныя працэсы, зьвязаныя з нараджэньнем зорак і фармаваньнем галяктык, дазволіў нам выявіць сьляды вады ва ўсім Сусьвеце - ад малекулярных аблокаў да нованароджаных зорак і іх пратаплянэтных дыскаў, і паясоў камэт», - падсумаваў адзін з удзельнікаў праекту Горан Пілбрат з Эўрапейскага цэнтру касьмічных дасьледаваньняў і тэхналёгій у Рэйк'явіку (Ісляндыя).

эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт