Logo Polskiego Radia
Print

Пайшоў з жыцьця заснавальнік беластоцкай "Нівы"

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 08.04.2013 15:47
  • 08.04-wałkawycki.mp3
Георгі Валкавыцкі стварыў літаратурны падмурак беларускай нацыянальнай меншасьці ў Польшчы.

/

У нядзелю ня стала Георгія Валкавыцкага. Ва ўзросьце 90 гадоў пайшоў з жыцьця заснавальнік і шматгадовы кіраўнік тыднёвіка беларусаў у Польшчы - “Нівы”. Ён стварыў выданьне, паказаў, што часопіс на беларускай мове можа быць цікавы й карысны.

Георгі Валкавыцкі стварыў літаратурны падмурак беларускай нацыянальнай меншасьці ў Польшчы. Беларускае слова ён вывеў на шырокую прастору. Стараўся друкаваць на старонках “Нівы” самых розных аўтараў, як з Усходу, так і Захаду. Стваральніка часопіса “Ніва” згадвае яго сёньняшні галоўны рэдактар Яўген Вапа.

Я. Вапа: Г. Валкавыцкі нарадзіўся 13 сакавіка 1923 году ў Белавежы, у гэтым годзе яму споўнілася 90 гадоў. Сваю літаратурную творчасьць пачаў яшчэ ў пачатковай школе. Закончыў элітны Літаратурны інстытут імя Горкага ў Маскве. 4 сакавіка 1956 году выйшаў першы нумар тыднёвіка беларусаў Польшчы “Ніва”, які арганізаваў менавіта Г. Валкавыцкі. І кіраваў ім 32 гады.

Ён разумеў, што беларусы ў Польшчы – неад’емная частка шырэйшай беларускай прасторы. Таму на старонках “Нівы” сустракаліся беларусы з Усходу, з Захаду й беларусы Беласточчыны. Тут друкаваліся й Максім Танк, і Аляксей Карпюк, і Васіль Быкаў, друкаваліся творы пісьменьнікаў Захаду.

Мы часта недаацэньваем Георгія Валкавыцкага як літаратара. А ён сябе выяўляў у розных жанрах. І паставіў сабе задачу вышукоўваць і падтрымліваць людзей, якія займаюцца прыгожым беларускім пісьменствам. Ён прыклаў нямала высілку, каб узьнікла літаратурная група “Белавежа”. На жаль, гэты літапісец нашага жыцьця заснуў у нядзелю на сьвята Дабравешчаньня Гасподняга ў цёплых сонечных промнях, якія абагравалі ў гэты дзень Беласточчыну.

Валкавыцкі быў выключным чалавекам, які ніколі не казаў пра іншых дрэнна, а зрабіў для людзей вельмі шмат добрага – згадвае Георгія Валкавыцкага паэт Алесь Барскі (праф. А. Баршчэўскі).

А. Барскі: Дзякуючы яму я разьвіўся як паэт і публіцыст. І дзякуючы яму апублікаваў свае творы. Валкавыцкі быў чалавекам выключным. Паходзіў зь Белавежы, быў сымбалем Белавескай пушчы, беларускасьці. Заўсёды добра гаварыў аб іншых людзях. Незабыўнае першае спатканьне ў 1957 годзе, калі выйшаў першы зборнік “Рунь”. Гэта былі вершы маладых паэтаў, у тым ліку мой верш. Адбыўся сход у вёсцы Клейнікі – адной з найбуйнейшых беларускіх вёсак на Беласточчыне. Не было яшчэ электрычнасьці, гарэлі толькі газавыя лямпы. Народу напхалася столькі, што гасьлі лямпы – было замала кіслароду. Валкавыцкі быў вядучай постацьцю на гэтым спатканьні. Тады й пазьней, незалежна ад таго, калі мы спатыкаліся, заўсёды меў добрае слова. І казаў: не глядзець на тых, хто адносіцца зь нянавісьцю да нас, а пісаць тое, што дыктуе сэрца й душа.

Я глыбока перажываю тое, што Валкавыцкага няма. Ён застанецца ў памяці дзясяткаў і соцен людзей як чалавек добры, выдатны, які жадаў іншым шчасьця й дабрабыту. Для мяне ён як брат або бацька, самы дарагі чалавек на сьвеце.

Георгі Валкавыцкі будзе пахаваны ў сераду ў роднай Белавежы.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт