Logo Polskiego Radia
Print

Сёньня людзей выхоўвае тэлебачаньне

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 01.01.2013 10:12
Кажа праф. Стэфан Хвін у інтэрвію тыднёвіку „Newsweek”.

/


Сэрыялы, нават найгоршыя, маюць свой плюс: зазвычай паказваюць людзей чыстых, прычасаных і адносна добра апранутых, — кажа літаратар, прафэсар Гданьскага ўнівэрсытэту Стэфан Хвін у інтэрвію тыднёвіку „Newsweek”. Зрэшты, гэты чалавек добра вядомы тым, што любіць ставіць правакацыйныя тэзы.

— Сёньня функцыі фармаваньня культуры пераняло тэлебачаньне, — кажа Хвін. — Сёньня тэлебачаньне выхоўвае людзей. Таму я хацеў бы хоць зрэдку ўбачыць на экране пакойчык з бібліятэчкай і актора, які сядзіць у фатэлі з кніжкай у руках ды чытае. Можа гэта заахвоціла б людзей чытаць?

Традыцыйны сьвет польскай інтэлігенцыі рассыпаецца. У XIX ст. інтэлігент ведаў, што ён існуе па тое, каб падтрымліваць працэс духоўнага ўзбагачэньня простых людзей. А хто сёньня так акрэсьлівае мэту сваёй інтэлігенцкай адукацыі? Міт інтэлігента, які ідзе ў народ, сёньня нікога ўжо не захаляе. Выбітны польскі пісьменьнік Чэслаў Мілаш лічыў, што інтэлігенцкаю выспаю ў капіталістычным грамадзтве павінны быць унівэрсытэцкія гарадкі. Бо тут, як у сярэднявечных манастырах, захоўваецца глыбокі зьмест культуры.

Бібліятэка Гданьскага ўнівэсытэту месьціцца ў будынку паміж Макдоналдсам і крамаю з электронным абсталяваньнем. Студэнты, якія выходзяць зь бібліятэкі, адразу трапляюць у гарадзкі вір пакупак і фастфудаў.

На пытаньне журналіста пра месца ў сёньняшнім сьвеце прафэсара ўнівэсытэту і пісьменьніка, Хвін рэагуе зьдзіўленьнем: „Пісьменьніка? Сёньня пісьменьнік павінен быць літаратурным тэхнікам. Такі тэхнік працуе ў сэктары адпачынку і рэляксацыі, ён піша на замову творы з галіны science fikction і крымінальныя раманы. Мяне гэта вельмі хавалюе,” — прызнае Стэфан Хвін.

Літаратура, як сродак задумы над жыцьцём і грамадзтвам, мае ўсё менш чытачоў. Зьнікае таксама чытач, які разумее форму эсэ. Нават студэнты польскай філялёгіі зьдзіўляюцца: „А навошта чытаць”? Іх мэта ў ВНУ — атрымаць акрэсьленую колькасьць пунктаў, а не пашыраць эрудыцыю.

Гэтак мяркуе пісьменьнік, літаратар, прафэсар Гданьскага ўнівэрсытэту Стэфан Хвін, зь якім размаўляў журналіст штотыднёвіка „Newsweek”.

эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт