Logo Polskiego Radia
Print

„Gazeta Wyborcza”: „І вярнуўся тратыл”

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 07.12.2012 15:01
Вытворца прыбораў, якімі дасьледавалі абломкі Ту-154М, сьцьвярджае, што яны даюць 100% упэўненасьці.

Менавіта гэтыя прыборы паказалі наяўнасцьць тратылу. Але для пракуратуры атрыманы вынік ня мае значэньня. Што гэта значыць? – пытаецца газэта.

Учора ў Сэйме абмяркоўваліся супярэчлівыя зьвесткі, датычна прысутнасьці сьлядоў выбуховых рэчываў на парэштках урадавага самалёту, які разьбіўся пад Смаленскам у 2010 г.

Тратылавая спрэчка пачалася пасьля візыту ў Смаленск групы польскіх эскпэртаў паліцыі і вайскоўцаў, што адбыўся 12 кастрычніка. 30 кастрычніка пра выяўлены тратыл напісала штодзёнка „Rzeczpospolita”, якая пазьней, аднак, прызнала, што з артыкулам пасьпяшалася, бо не было цьвёрдых доказаў паднятых у ім „скандальных фактаў”. Пракуратура абвергла інфармацыю пра сьляды тратылу, спасылаючыся на вынікі дзевяці экспэртызаў на прысутнасьць на борце выбуховых рэчываў. Тры аналізы былі выкананыя расейцамі, а астатнія – польскімі экспэртамі, якія дасьледавалі абломкі самалёту, парэшткі ахвяр і іх вопратку. Для пракуратуры галоўнае – ацэнка Вайсковага інстытуту хіміі і радыёмэтрыі, паводле якога „не была сьцьверджаная наяўнасьць ні баявых, ні выбуховых рэчываў”.

Аднак вытворца дэтэктараў тратылу, з-за якіх і падняўся шум, цьвёрда бароніць сваю пазыцыю. Памылкі проста немагчымыя, кажуць прадстаўнікі фірмы. Зрэшты, такімі дэтэктарамі карыстаюцца спэцслужбы больш як 60 краін, між іншым, у аэрапортах.

Пракуратура правяла на дэтэктарах іспыты, якія не далі адназначных вынікаў: сьляды тратылу былі выяўленыя на мундзіры, дэзадаранце, а нават на кавалку каўбасы.

Але для дэпутатаў партыі „Права й справядлівасьць”, якія ініцыявалі ўчорашнія слуханьні ў Сэйме, справа адназначная – пракуратура хлусіла, бо не прызналася, што на Ту-154М былі сьляды выбуховых рэчываў.

эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт