Logo Polskiego Radia
Print

ЭЗ абавязаў лепш ставіцца да жывёл

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 27.11.2012 13:25
З 1 студзеня ў Польшчы ўступяць у сілу эўразьвязаўскія правілы, датычныя стаўленьня да жывёл.
Источник: wikipedia.pl

З будучага года ў Польшчы пачнуць абавязваць правілы ЭЗ па стаўленьні да жывёл, то бок, па забесьпячэньні хатнім жывёлам адпаведных умоваў гадоўлі.

За невыкананьне гэтых правілаў фэрмэрам пагражае штраф у выглядзе скарачэньня эўразьвязаўскіх даплатаў.

Гэта адно з агульных законаў ЭЗ, якія Польшча пасьля ўступленьня ў ЭЗ абавязалася ажыцьцявіць. У 2009 годзе былі ўведзеныя правілы па ахове навакольнага асяродзьдзя, ідэнтыфікацыі й рэгістрацыі жывёл. У 2011 годзе – нормы, датычныя бясьпекі харчовых прадуктаў. У сваю чаргу з 1 студзеня 2013 года ўступіць у сілу апошняе правіла па гуманным стаўленьні да жывёл.

Правілы ЭЗ патрабуюць ад фэрмэра, які мае сельскагаспадарчую жывёлу, адпаведных ведаў пра іх харчаваньне, гадоўлю, апеку, у тым ліку над хворымі жывёламі, забесьпячэньне адпаведных умоваў жыцьця: асьвятленьня, вэнтыляцыі і г.д.

Міністэрства сельскай гаспадаркі супакойвае, што гэтыя правілы ня новыя, паколькі польскія фэрмэры й цяпер абавязаны іх прытрымлівацца паводле нацыянальнага заканадаўства.

Усё ж за іх парушэньне ад пачатку будучага году фэрмэру будуць пагражаць штрафы ў выглядзе зьмяншэньня эўразьвязаўскіх даплатаў. Памер штрафу будзе ўзалежнены ад характару парушэньня. У крайніх выпадках Агенцтва рэструктурызацыі й мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі можа адмовіць фэрмэру ў выплаце належных яму эўразьвязаўскіх сродкаў.

Міністэрства сельскай гаспадаркі паведамляе, што фэрмэры, якія падалі заявы аб непасрэдных даплатах з ЭЗ у бягучым годзе, атрымаюць усю неабходную інфармацыю аб новых патрабаваньнях.

аз


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт