Пра яго чулі амаль усе. Не адзін чалавек марыць знайсьці месца, дзе ён схаваны, аднак ніхто ня ведае, дзе ён знаходзіцца. Праблема ў тым, што такіх месцаў могуць быць некалькі дзясяткаў. Замак у Болькаве, крэпасьць у Срэбнай Гары, палац у Дзікове, крыжацкая крэпасьць у Лідзбарку Варміньскім – гэта толькі вярхушка бурштынавай гары. На сёньняшні дзень вартасьць Бурштынавага пакою ацэньваецца на 500 мільёнаў даляраў.
Гісторыя скарбу сягае пачатку XVІІІ стагодзьдзя. Готфрыд Вольфрам - надворны бурштыншчык дацкага караля - выканаў яго па замове прускага караля Фрыдэрыка І Гогензольнэра. Бурштынавае арцыдзела хутка пачалі называць восьмым цудам сьвету. У 1715 годзе прускі кароль падараваў яго расейскаму імпэрарату Пятру І.
Прапаў бясьсьледна
Манумэнтальныя, майстарска выкананыя з бурштыну панэлі першапачаткова аздаблялі залю ў Зімовым палацы Пецярбурга. Адтуль былі перавезеныя ў Екацярынінскі палац у Царскае Сяло. Бурштынавы кабінэт быў разбудаваны і ўзбагачаны чарговымі элемэнтамі й крыштальнымі люстрамі. Царскія госьці ня мелі сумневаў, што ўваходзячы ў пакой уваходзяць у іншы сьвет.
Бурштынавы пакой перажыў бурлівыя часы рэвалюцыі й толькі ў 1941 годзе, калі царскі палац захапілі немцы, яго разабралі й перавезьлі ў Кёнінсбэрг. Эрых Кох – гаўляйтэр Кёнінсбэрга і надпрэзыдэнт Усходняй Прусіі прыклаў усе намаганьні, каб затрымаць гэты скарб сабе. У сталіцы Ўсходняй Прусіі бурштынавы скарб заставаўся амаль да моманту ўваходу Чырвонай Арміі. Там яго апошні раз бачылі ў студзені 1945 году. Пасьля сьлед прапаў. Шукалі яго ўсе – аматары й навукоўцы, урады краінаў, разьведкі й спэцслужбы, а нават злачынныя групоўкі. Аднак нікому не ўдалося знайсьці.
Бурштын высоўваўся з аўто
У 2000 годзе Польшчу абляцеля сэнсацыйная інфармацыя пра тое, што Бурштынавы пакой схаваны ў Болькаве. Над горадам узвышаецца замак, а зусім побач руіны замкаў Нясытна й Сьвін. Легенда распавядае, што замак Болькаў спалучаны зь іншым замкам падземным тунэлем. Быццам бы знайшоўся сьведка зь ініцыяламі Ц. X. Мужчына пераконваў, што ад немцаў даведаўся пра транспарт, які прыбыў у мястэчка ў лістападзе 1944 году. На рынак уехалі 17 грузавікоў, загружаных скрынямі. З двух пашкоджаных скрынаў вылазілі бурштынавыя панэлі. Грузавікі ўехалі на тэрыторыю замка, адтуль выехалі ўжо разгружаныя. Гэтую тэзу праверылі пры дапамозе геарадара. Вынікі расчаравалі многіх. Аднак Болькаў патрапіў у сьпіс месцаў, дзе можа быць схаваны бурштынавы скарб, а гэта ў сваю чаргу прываблівае турыстаў.
Хаця Мазуры зусім не патрабуюць, то і ў іх папулярызацыі дапамаг Бурштынавы пакой. Міжнароднае пошукавае агенцтва па замове Нормана Скота – уладальніка амэрыканскай пошукавай фірмы „Global Explorater Company” – праводзіла дасьледаваньні ў Парэжках. Дасьледаваньні не пацьвердзілі домыслаў, што менавіта ў гэтым месцы схаваны скарб, дакладней - у падножжа Таямнічай Гары - аднаго з самых высокіх узвышаньняў на Мазурах. Існавалі таксама гіпотэзы, што Бурштынавы пакой „напэўна” схавалі ў Крыжацкім замку ў Лідзбарку Варміньскім, альбо ў Паслэнку, альбо ў палацы Швэрынаў у Дзікове.
Эсэсман пераапрануты за жанчыну
У палове 1944 году ў палац у Дзікове прывезьлі абразы з музэяў Кёнінсбэрга, а некалькі месяцаў пазьней заплямбаваныя скрыні. Што цікава, транспарт даглядаў сам доктар Альфрэд Родэ – апякун Бурштынавага пакоя. Факт прыезду Родэ ў Дзікаў яшчэ нічога не даказвае, аднак удзел менавіта гэтага чалавека ў канваяваньні сакрэтнага транспарту прымушае задумацца.
Сам палац згарэў на пачатку 1945 году. Пасьля здабыцьця Дзікова чырвонаармейцамі, жаўнеры затрымалі пераапранутага ў жаночую вопратку афіцэра СС. Пры ім знайшлі архітэктурныя пляны палаца з нанесенымі нейкімі сакрэтнымі знакамі. Падчас допыту немец узарваў схаваную гранату. Выбух зьнішчыў таксама знойдзеныя пры ім пляны. Сёньня ад палаца засталіся толькі руіны й засыпаныя падвалы.
Падрыхтавала Караліна Русіновіч