15 чалавек загінулі, 387 атрымалі раненьні й пашкоджаньні цела рознай ступені цяжкасьці, яшчэ двое – расстраляныя - гэтакае жудаснае жніво “сабраў” тэракт, які здарыўся й менскім мэтро. Прайшоў год. Справа „раскрытая”, вінаватых „наказалі”, але застаецца шмат пытаньняў.
Выбух на станцыі мэтро „Кастрычніцкая” адбыўся 11 красавіка ў 17.56. Ужо праз суткі пасьля тэракту былі затрыманыя падазраваныя ў выкананьні злачынства віцябляне Дзьмітры Канавалаў і Ўладзіслаў Кавалёў. На надзвычайнай нарадзе Лукашэнка заявіў, што чэкістам і міліцыі спатрэбіліся суткі, каб у 09:00 правесьці бліскучую апэрацыю й бяз шуму й траскатні затрымаць выканаўцаў. "Сёньня а 5-й раніцы яны далі свае паказаньні", - заявіў Лукашэнка. Акрамя абвінавачваньня ў зьдзяйсьненьні выбуху ў мэтро, іх абвінавацілі ў выбухах у Віцебску ўвосень 2005 году і ў Менску 4 ліпеня 2008.
Крымінальную справу аб тэракце ў мэтро разглядаў Вярхоўны суд. Канавалаў падчас працэсу сваю віну прызнаў цалкам. Кавалёў сваё дачыненьне да ўсіх трох выбухаў адмаўляў, а таксама заявіў, што падчас дасудовага расьсьледавання абгаварыў сябе й Канавалава пад ціскам сьледзтва. 30 лістапада суд прысудзіў іх да вышэйшай меры пакараньня – сьмяротнай кары.
Маці Ўладзіслава Кавалёва Любоў да самага канца змагалася за жыцьцё сына. Яна шукала дапамогі ва ўсіх міжнародных структурах, скіравала зварот у ААН, наведала шэраг эўрапейскіх краінаў і Эўрапарлямэнт, дзе распавяла пра мэханізм працы беларускага сьледчага апарату й сыстэмы правасудзьдзя.
Уладзіслаў Кавалёў падаў касацыйную скаргу на прысуд і прашэньне аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі. Канавалаў, паводле афіцыйных дадзеных, прашэньня не падаваў. Лукашэнка ў памілаваньні адмовіў, матывуючы гэта „небясьпекай і надзвычай цяжкімі наступствамі для грамадзтва зьдзейсненых актаў тэрарызму”. Расстралялі іх у дзень Канстытуцыі - 15 сакавіка. Пасьля Лукашэнка выказаў спачуваньне сваякам расстраляных, назваўшы расстрэл сваёй асабістай трагедыяй.
Шмат хто ў Беларусі, у тым ліку некаторыя пацярпелыя ад тэракту, сумняюцца ў віне Канавалава й Кавалёва. Яны зьвяртаюць увагу на тое, што судовы працэс не адпавядаў прававым нормам, доказы абароны ігнараваліся. Праваабаронцы, у сваю чаргу, адзначаюць беспрэцэдэнтна хуткае пакараньне абвінавачаных у тэракце, што, на іхнюю думку, выглядае падазрона. Юрыст Беларускага Хэльсінскага камітэту Гары Паганяйла кажа, што асуджаныя нават ня мелі магчымасьці адклікацца ад прысуду, вынесенага Вярхоўным судом.
Міжнародная супольнасьць, у тым ліку Рада Эўропы й Эўразьвяз асудзілі расстрэл Канавалава і Кавалёва і ў чарговы раз заклікалі Беларусь - адзіную ў Эўропе краіну, дзе да гэтага часу прыводзяць у выкананьне сьмяротныя прысуды - увесьці мараторый на іх выкананьне.
У Менску адбываюцца афіцыйныя мерапрыемствы ў памяць аб ахвярах тэракту. Ля ўваходу на станцыю мэтро „Кастрычніцкая” адкрыты памятны знак. Каля храма ў гонар Усіх Сьвятых у памяць аб бязьвінна забітых прайшоў мітынг-рэквіем. Прайшоў год. Справа „раскрытая”, вінаватых „наказалі”, а пытаньняў у грамадзтве засталося куды больш, чым адказаў.
кр/charter97/ БелаПАН