Я. Сарыюш-Вольскі: Эўропа заклікае беларусаў абудзіцца
PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko
27.01.2012 02:55
“Ніхто звонку не ўсталюе ў Беларусі дэмакратыі ды правоў чалавека. Гэта могуць зрабіць толькі самі людзі.”
Яцэк Сарыюш-Вольскі Фота: eurodialogue.org
Фота: eurodialogue.org
Ці можа Эўразьвяз пайсці на жорсткія крокі, каб дабіцца ад Менску вызваленьня палітвязьняў? Што Эўропа можа зрабіць для беларускага грамадзтва й чаго чакае ад саміх беларусаў? На гэтыя пытаньні карэспандэнту нашага радыё адказаў вядомы эўрапейскі палітык, сябра камітэту па міжнародных справах Эўрапейскага парлямэнту Яцэк Сарыюш-Вольскі.
Ці можа Эўрапейскі зьвяз пайсьці на больш жорсткія крокі, каб прымусіць Менск выпусьціць палітычных зьняволеных? – запыталіся мы ў эўрадэпутата. У Брусэлі ўсьведамляюць, што кропкавыя санкцыі супраць шэрагу беларускіх чыноўнікаў не даюць ніякага эфэкту – адказаў Яцэк Сарыюш-Вольскі. Эўразьвяз ведае пра драматычны лёс беларускіх палітвязьняў, аднак на жорсткія дзеяньні, такія як увядзеньне эканамічных санкцыяў, Эўропа ня пойдзе – кажа палітык.
Я. Сарыюш-Вольскі: Эўразьвяз не зьяўляецца арганізацыяй, якая мае інструмэнты, каб усталёўваць дзе-небудзь дэмакратыю. Вобразна кажучы, ня варта спадзявацца эўрапейскіх спэцназаўцаў на парашутах з надпісамі “дэмакратыя” й “правы чалавека”. Мы ня хочам, каб ад санкцыяў пацярпелі ні ў чым не вінаватыя людзі. Мы можам толькі падтрымліваць дэмакратычныя памкненьні беларускага народу, супрацуючы з грамадзянскай супольнасьцю, кантактуючы з апазыцыяй, а таксама робячы сымбалічныя крокі. Да іх адносяцца рэзалюцыі Эўрапейскага парлямэнту, уручэньне ўзнагароды Сахарава Аляксандру Мілінкевічу й Беларускай асацыяцыі журналістаў, напамінаньне пра лёс Андрэя Саньнікава, Міколы Статкевіча ды іншых палітвязьняў. Сёньня ў Эўропе сымбалем супраціву й адвагі беларускага народу становіцца Алесь Бяляцкі.
Эўрапейскі зьвяз будзе рэалізаваць у дачыненьні да Беларусі доўгатэрміновую стратэгію: зьмяняць, эўрапеізаваць само грамадзтва, кажа Яцэк Сарыюш-Вольскі.
Я. Сарыюш-Вольскі: Мажлівая толькі доўгатэрміновая палітыка, скіраваная на тое, каб беларускае грамадзтва сасьпела ў палітычным пляне й само дабілася пераменаў. Пакуль што велізарная частка грамадзтва пагружаная ў апатыю й не выказвае яўных дэмакратычных памкненьняў. Каб зьмяняць мэнтальнасьць беларускага грамадзтва краіны Эўразьвязу могуць адчыняцца, пашыраць кантакты з прадпрымальнікамі, навукоўцамі, запрашаць на вучобу студэнтаў... У кароткатэрміновай пэрспэктыве мы можам рабіць важныя сымбалічныя жэсты. Напрыклад, цяпер мы зьбіраем подпісы для вылучэньня Алеся Бяляцкага на Нобэлеўскую прэмію.
Яцэк Сарыюш-Вольскі прыклаў шмат намаганьняў для стварэньня праграмы Ўсходняга партнэрства. Пасьля сумнавядомых падзеяў 19 сьнежня Менск фактычна выпаў з удзелу ў праграме. Які лёс напаткаў Усходняе партнэрства й ці дзейнічае яно?
Я. Сарыюш-Вольскі: Партнэрства жыве й працуе, мае цікавую праграму й бюджэт. Толькі Беларусь удзельнічае ў ім у вельмі абмежаванай ступені. Доказамі гэтага стала адмова беларускага міністра замежных справаў удзельнічаць у нядаўным саміце Ўсходняга патнэрства ў Варшаве, а таксама адсутнасьць беларускіх дэпутатаў у парлямэнцкай асамблеі партнэрства EuroNest. Справа ў тым, што мы не прызнаем Палаты прадстўнікоў, сфармаванай у выніку недэмакратычных выбараў. Аднак карыстацца мажлівасьцямі Усходняга партнэрства надалей могуць беларускія няўрадавыя арганізацыі – за пасярэдніцтвам іх партнэраў у Эўразьвязе.
Сустрэчы зь беларускімі праваабаронцамі й экспэртамі адбываюцца ў Эўрапарлямэнце кожны месяц. Чаму Эўропа цікавіцца Беларусьсю? Занепакоенасьць падзеямі ў Беларусі абсалютна натуральная, і ня трэба шукаць у гэтым нейкіх імпэрскіх амбіцыяў - кажа Яцэк Сарыюш-Вольскі.
Я. Сарыюш-Вольскі: Эўрапейскі зьвяз ня можа пагадзцца з тым, што такія фундамэнтальныя каштоўнасьці, як правы чалавека й прынцыпы дэмакратыі, парушаюцца ў краіне, якая зьяўляецца найбліжэйшым нашым суседам. Тым больш, што Эўразьвяз прызнае, што беларускі народ зьяўляецца народам эўрапейскім і ў будучыні мае права далучыцца да аб’яднанай Эўропы – канешне, калі сам гэтага захоча. ЭЗ таксама хацеў бы мець сваім суседам дэмакратычную, прыязную й багатую краіну. Гэта галоўныя прычыны ўвагі да Беларусі, а не нейкае жаданьне пашырыць зону сваіх уплываў, як часамі думаюць у Маскве. Эўрапейскі зьвяз – гэта дабравольная арганізацыя, уступіць у якую суседзі настойліва просяцца самі, а не нейкая імпэрыя, якая захоплівае ўсё навокал.
А што павінны зрабіць самі беларусы, каб дабіцца пераменаў? Чаго спадзяюцца ад беларусаў у Эўропе?
Я. Сарыюш-Вольскі: Абуджэньня! Мы хацелі б, каб большая частка беларускага грамадзтва падзяляла такія каштоўнасьці, як прававая дзяржава, пашана правоў чалавека, дэмакратычны выбар улады. Гэтыя каштоўнасьці падзяляе пакуль невялікая частка беларускага грамадзтва. Толькі ўнутраная зьмена самога грамадзтва прывядзе да зьменаў палітычных. Але ніхто звонку не ўсталюе ў Беларусі дэмакратыі ды правоў чалавека. Гэта могуць зрабіць толькі самі людзі. І яны павінныя гэта рабіць не для кагосьці, а для саміх сябе. Яны павінныя хацець, каб ў свабодзе й пашане да правоў чалавека расьлі іх дзеці ды ўнукі.
Аляксандар Папко, Брусэль