У панядзелак памерла Віялета Віляс - вядомая польская сьпявачка, акторка, кампазытарка, легенда польскай эстрады. Ёй было 73 гады.
У Віялеты Віляс (сапраўднае імя - Чэслава Марыя Цесьляк) быў абсалютны слых ды фэнамэнальны голас - каларатурны сапрана – шкала якога ахоплівала некалькі актаваў.
Яна выконвала як эстрадны, так і клясычны рэпэртуар, у тым ліку опэрныя арыі; запісвала таксама кавэр-вэрсыі папулярных амэрыканскіх і францускіх песьняў.
Віялета Віляс стварыла й распаўсюдзіла стыль паводзінаў зоркі з 60-х гадоў, якім яна карысталася цягам усёй сваёй кар’еры.
Артыстка была вядомая буйнымі, сьветлымі валасамі ды багатай эстраднай вопраткай. Яна карысталася вялікай папулярнасьцю ў 60-х гадох: выступала на фэстывалях у Польшчы й за мяжой, у тым ліку ў парыскай Алімпіі ды Лас-Вэгасе.
Ад 1966 году, цягам трох сэзонаў, была зоркай „Casino de Paris”, дзе яна сьпявала песьні й опэрныя арыі на 9 мовах. Сваю кар’еру яна працягвала ў Злучаных Штатах Амэрыкі, выступаючы ў музычных кінастужках.
У інтэрвію зь 90-х гадоў Віялета Віляс расказвала, што тэмы для сваіх кампазыцыяў яна бярэ з жыцьця.
Віялета Віляс: Я выдатна сябе адчуваю ў рэпэртуары, дзе магу, скажам так, паказаць крыху голасу… Зразумела, там павінны быць разумныя словы й прыгожая музыка.
- гэта быў фрагмэнт інтэрвію з артысткай з 90-х гадоў.
Журналіст Тамаш Рачэк, які не аднойчы размаўляў з артысткай, падкрэсьлівае, што Віялета Віляс, гэта быў ня толькі выдатны голас, але й індывідуальнасьць. І хаця яна не давала сабе рады з поп-культурай, але была ўсё ж ейным сымбалем, - кажа Рачэк.
Тамаш Рачэк: Віялета Віляс ва ўсіх сваіх слабасьцях была надзвычай чалавечая. І тады, калі не давала сабе рады з багацьцьем й славай у Лас-Вэгасе, адкуль яна ўцякла ў Польшчу. І тады, калі не давала сабе рады з жыцьцём пасьля заканчэньня кар’еры, калі спрабавала дапамагаць жывёлам ды адначасова занядбала сябе, як чалавек й вялікая зорка.
- лічыць Тамаш Рачэк.
У сваю чаргу музычная журналістка Марыя Шаблоўска падкрэсьлівае, што Віялета Віляс была нязвычайнай артысткай, што ў часы ейнай кар’еры выклікала шматлікія сумневы.
Марыя Шаблоўска: Яна была фантастычнай зоркай: у нязвычайнай ступені музычнай ды вельмі яскравым чалавекам. Мы толькі цяпер разумеем факт, што артысты эстрады вось такімі быць павінны. Аднак у часы дэбюту Віялеты - на пачатку 60-х гадоў - факт, што яна іншая, чым астатнія вакалісткі, вельмі моцна ўсім перашкаджаў.
- лічыць Марыя Шаблоўска.
У 80 -гадох Віялета Віляс супрацоўнічала з Тэатрам „Сырэна” ды выступала з канцэртамі ў ЗША й Канадзе. У 1998 годзе яна пераехала ў родную мясцовасьць Левін Клодзкі (на паўднёвым захадзе Польшчы). У 2003 годзе яна выступіла з сольным канцэртам на Фэстывалі польскай песьні ў Аполі. Яна займалася дабрачыннай дзейнасьцю.
Цягам апошніх гадоў артыстка вельмі рэдка выступала з канцэртамі. У 2007 годзе ўлады Левіна Клодзкага ў атмасфэры скандалу зачынілі прытулак для жывёлаў, які старалася весьці сьпявачка.
Ад пачатку 2008 году Віялета Віляс вельмі рэдка пакідала свой дом. У сваю чаргу СМІ зьвярталі ўвагу на ейную дрэнную матэрыяльную сытуацыю й праблемы са здароўем.
Паводле спэцыялістаў, Віялета Віляс застаецца нявыкарыстаным талентам. Паводле іх, у вялікай ступені ў сувязі з палітычнымі абставінамі, у якіх давялося жыць сьпявачцы.
аз