Logo Polskiego Radia
Print

“Беларусь была генэратарам ідэалягічнага антысэмітызму”

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 22.08.2011 15:12
  • басін2208.mp3
Гаворыць Якаў Басін.

Пры гэтым звычайныя беларусы мірна ўжываліся з габрэямі яшчэ з часоў ВКЛ.
А вось некаторыя кніжкі, якія, на думку, Якава Басіна прапаведваюць ідэі антысэмітызму, выходзілі ў Беларусі яшчэ тры гады таму.

Праваабаронца й гісторык Якаў Басін жыве то ў Менску, то ў Ізраілі, дзе ён вымушаны атрымліваць спэцыяльную мэдыцынскую дапамогу.

Але вяртаючыся ў родны Менск, ён часам засмучаецца, сустракаючыся з выхадкамі неанацыстаў.

Напрыклад, напярэдадні апошніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі нехта размаляваў лесьвічную пляцоўку Якава Басіна зьняважлівымі сымбалямі.

Якаў Басін: Шкло на лесьвічнай пляцоўцы й на ліфце – слова “Чеrеп”, стылізаваныя свастыкі. І самае галоўнае – лічбы 1488.

Лічбы, пра якія гаворыць гісторык і праваабаронца, гэта кадаваны лёзунг белых нацыстаў, складзены ў ЗША мясцовым ідэолягам Дэвідам Лэйнам.

Праз наша дзяржаўнае тэлебачаньне шэраговаму беларусу ўводзіцца ў вушы, што наша краіна – ня месца для падобных ідэяў. Але Якаў Басін, вывучаючы праблему, упэўніўся, што антысэмітызм прыжыўся ў многіх сфэрах жыцьця беларускага грамадзтва. Напрыклад, сярод некаторых праваслаўных вернікаў, якім даводзяць, што габрэі прыносяць у ахвяры жывых хрысьціянскіх дзяцей.

Якаў Басін: Ты ведаеш гісторыю пра Гаўрыіла Беластоцкага, сьвятога хлопчыка, якога нібыта ў 1690-ым годзе забілі габрэі ў рытуальных мэтах? Больш за тое, у беларускім праваслаўным календары могуць напісаць: “Гэтыя зьверы-габрэі цябе закатавалі, беднага хлопчыка…” Канешне, гэта ўсё спрацоўвае на праваслаўнае насельніцтва, якое гэта ўсё чытае.

Пры гэтым, адзначае гісторык, каталіцкі касьцёл ужо ня ўзгадвае тых сьвятых, якіх нібыта прынесьлі ў ахвяру габрэі.

Якаў Басін: Ужо даўно дэкананізавалі сваіх сьвятых, нібыта ахвяраў габрэйскіх рытуальных забойстваў. Адзін быў – Х’ю Лінкольнскі, другі – Сымон Трэнцкі. А Руская праваслаўная царква не сьпяшаецца дэкананізаваць такіх сьвятых.

Яшчэ адна праблемная зона, на думку Якава Басіна, так званы ідэалягічны антысэмітызм. Так, у нашай краіне сапраўды выходзілі некаторыя кнігі, якія падтрымлівалі імпэрскія ідэі чарнасоценцаў і погляды расейскіх антысэмітаў, якія ў многіх гістарычных праблемах перш-наперш абвінавачваюць габрэяў.
Простыя беларусы не вызначаюцца падобнымі поглядамі, а вось некаторыя навукоўцы з нашай краіны…

Якаў Басін: Беларусь была заўсёды генэратарам ідэалягічнага антысэмітызму. Больш за тое, быў пад эгідай уладаў орган, які гэтым займаўся – Інстытут філязофіі й права Акадэміі навук. Менавіта адтуль выйшлі аўтары вядомых кніг, якія так ці інакш можна назваць кнігамі, якія прапаведваюць ідэалёгію нэанацызму.

У прыклад Якаў Басін прыводзіць імёны некаторых навукоўцаў і называе нядаўнія скандальныя кнігі, якія былі складзены выхаванцамі НАН Беларусі. А таксама наракае на выдавецтва “Праваслаўная ініцыятыва”, якое з-за схільнасці да радыкалізму было зачынена беларускім судом.

Якаў Басін: Я гэту кніжку вывез з сабой. Гады тры таму ўсяго яна выйшла -- “Бесы на Русі”. Гэта відавочна нацысцкае выданьне.

І яшчэ, што вельмі важна, у нас была выдавецкая дзейнасьць. У 1999 годзе распачало працу выдавецтва, якое называлася “Праваслаўная ініцыятыва”. Потым яно сябе кампрамэтавала, яны выступілі супраць царкв...

Нягледзячы на ўсе прыведзеныя факты, Беларусь застаецца краінай, дзе да габрэяў ня самае горшае стаўленьне. Наўрад ці наш шэраговы зямляк возьмецца зь пенай ля рота наракаць на гэты народ.

Урач Людміла Старыкава яшчэ за савецкім часам працавала ў Інстытуце анкалёгіі, што ў Бараўлянах пад Менскам. Працавала ў адным калектыве зь габрэямі. На пачатку 2000-х доктарка пераехала працаваць у Маскву, усьлед за калегай габрэйскага паходжаньня.

Вось што жанчына думае пра праявы антысэмітызму ў нас і ў Расеі.

Людміла Старыкава: Да габрэяў ставіліся нядрэнна, але й габрэі былі ўсялякія. Былі сабе на розуме, але былі й вельмі цудоўныя людзі. Я думаю, што ў Расеі да габрэяў ставяцца горш.

Яшчэ з часоў Вялікага княства Літоўскага беларусы мірна суіснавалі й зь габрэямі, і з татарамі, і з палякамі, і зь іншымі народамі. Талерантнасьць зрабілася своеасаблівай “фішкай” беларусаў.

Таму сучасныя праявы антысэмітызму, напэўна, ня робяць нам гонару й маюць далёка не беларускія карані.

Аляксандр Парошын, Менская вобласьць

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт