На гэтым тыдні ў Польшчы пачынаюцца спартыўныя спаборніцтвы ў рамках 31-ай Міжнароднай парафіяды дзяцей і моладзі.
Парафіяда – гэта сьвята спорту, культуры і веры. Мерапрыемства зьяўляецца самай буйной такога тыпу імпрэзай у Эўропе. У ім будзе ўдзельнічаць каля паўтары тысячы ўдзельнікаў з сямі краін – Летувы, Латвіі, Беларусі, Украіны, Расеі, Нямеччыны ды Польшчы. З панядзелку да чацьвяргу маладыя спартоўцы прымуць удзел у спартыўных спаборніцтвах у 13-ці дысцыплінах і 16-ці канкурэнцыях. Гэта, у прыватнасьці, лёгкая атлетыка, плаваньне, матчы футболу і валейболу.
Спорт здаўна лічыўся вельмі добрым ды эфэктыўным інструмэнтам гартаваньня як цела, так і характару. Гэта не зьмянілася, нягледзячы на хуткі прагрэс нашай цывілізацыі і зьмены навыкаў. Сучаснай моладзі вельмі патрэбная дысцыпліна, якую дае спорт. І менавіта спартыўныя спаборніцтвы зьяўляюцца ідэальным інструмэнтам выхаваньня моладзі, вучаць ня толькі перамагаць, але таксама і мірыцца з паразамі, – адзначае айцец Яцэк Волян з манаскага ордэну піяраў, які зьяўляецца арганізатарам падзеі.
Я. Волян: Мы не адмаўляемся ад таго, што ў спорце ёсьць нейкая форма спаборніцтва. Гэта неабходна, паколькі спаборніцтва, барацьба з іншымі дае моладзі штуршок да працы, да таго, каб разьвіваць сваю сілу і выносьлівасьць. Акрамя таго, маладыя людзі павінны вучыцца ня толькі, як радавацца перамогам, але і таму, як мірыцца з паразамі. Мы вучым моладзь, як правільна прайграваць. Трэба ўмець ня толькі выігрываць, цешыцца сваёй перамогай, але таксама і прайграваць.
Парафіяда – гэта папулярная форма спартыўнага спаборніцтва, яна разьвіваецца ня толькі ў Польшчы, але таксама за яе межамі, – гаворыць Яцэк Волян.
Я. Волян: На дадзены момант мы ладзім чатыры парафіяды ў асяродзьдзі палякаў замежжа. Адно з такіх мерапрыемстваў мае ўжо дваццацігадовую традыцыю. Гэта амаль столькі ж, колькі і наша Міжнародная парафіяда ў Варшаве. Дарэчы, вельмі часта на нашу варшаўскую парафіяду прыяжджаюць маладыя асобы польскага паходжаньня з-за мяжы, якія ў сябе на радзіме ўдзельнічаюць у падобных спартыўных спаборніцтвах, і таксама прыяжджаюць у польскую сталіцу, каб паўдзельнічаць у гэтай падзеі.
Шмат гадоў удзельнічае ў Міжнароднай варшаўскай парафіядзе Аліна Слонім зь Беларусі. Яна прыехала з групай з 15 чалавек. Аліна падкрэсьлівае, што для яе падапечных парафіяда – гэта вельмі важная падзея, якой яны доўга чакаюць і да якой старанна рыхтуюцца.
А. Слонім: На працягу ўсяго году яны часта згадваюць падарожжа ў Польшчу, усё кажуць – калі ўжо будзе той ліпень, каб зноў паехаць у Польшчу. Яны вельмі цешацца, калі пачуюць, што едуць у Польшчу, у Варшаву, калі ўжо набліжаецца тэрмін парафіяды. А рыхтавацца пачынаюць яшчэ зімой, трэніруюцца. Для нашых удзельнікаў важнае ня толькі падарожжа ў Польшчу, але таксама спартыўнае спаборніцтва, каб заваяваць мэдалі і завезьці іх дадому, у Беларусь.
Парафіяда – гэта ня толькі спорт. У рамках мерапрыемства яго ўдзельнікі змагаюцца за званьне найлепшага ў розных конкурсах ведаў, прымаюць удзел у мастацкіх, вакальных ды тэатральных занятках, майстар-клясах, а таксама ў супольнай малітве.
Парафіяда адбываецца ў Варшаве, яна працягнецца да канца тыдня. Спартыўныя спаборніцтвы ды культурніцкія сустрэчы пройдуць у аб’ектах дзьвюх сталічных вышэйшых навучальных устаноў – Галоўнай аграрнай школы (Szkoła Główna Gospodarstwa Wiejskiego) і Акадэміі фізычнай культуры (Akademia Wychowania Fizycznego).
Праграма парафіяды заснаваная на старажытнай трыядзе: стадыён – тэатар – храм, гэта значыць, яна ўтрымлівае ў сабе тры віды актыўнасьці – спартыўную, культурніцкую і духоўную.
Пры арганізацыі парафіяды ўдзельнічае 150 добраахвотнікаў, а ганаровы патранат над мерапрыемствам узяў на сябе прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда.
ІАР ПР/нг