Logo Polskiego Radia
Print

У Кракаве рыхтуюцца да Летняй вышаградзкай школы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 28.06.2019 14:44
  • Летняя вышаградзкая школа.mp3
Школа - гэта магчымасьць запытаць экспэртаў, якім чынам добрыя ідэі ўвасобіць у жыцьцё.
pixabay.com

У панядзелак у Кракаве пачынаецца чарговы выпуск Летняй вышаградзкай школы. Гэта адукацыйная праграма, у якой могуць прыняць удзел маладыя людзі з краін Вышаградзкай групы (Польшча, Чэхія, Вугоршчына і Славаччына), а таксама з дзяржаў Усходняй Эўропы. Кожны год у пэрыяд летніх канікул школу ладзіць Віла Дэцыя (Willa Decjusza).

Летняя вышаградзкая школа праходзіць ужо 18-ты раз. А пра тое, якая была мэта арганізацыі такіх сустрэч, распавядае дырэктар Інстытуту культуры Вілы Дэцыя прафэсар Дамініка Каспровіч.

Д. Каспровіч: Калі дзяржавы нашага рэгіёну – Польшча, Чэхія, Славаччына і Вугоршчына вырашылі больш інтэнсіўна супрацоўнічаць, быў створаны Міжнародны вышаградзкі фонд, які можа фінансаваць розныя ініцыятывы. Адной з такіх ініцыятыў стала Летняя вышаградзкая школа, у рамках якой кожны год у ліпені сустракаюцца маладыя лідэры з краін Вышаградзкай групы, а таксама з іншых дзяржаў Цэнтральнай ды Ўсходняй Эўропы. Удзельнікі школаў у пазьнейшы пэрыяд як правіла становяцца важнымі постацямі ў культурным, навуковым, грамадзкім жыцьці, а таксама ў мэдыя-прасторы.

Да гэтае пары ў выпусках Летняй вышаградзкай школы прыняло ўдзел звыш 500 чалавек з амаль 20 краін. Гэта студэнты, асьпіранты, маладыя настаўнікі і журналісты. Як можна апісаць гэтых людзей, хто яны, да чаго імкнуцца?

Д. Каспровіч: Агульнай рысай гэтых людзей зьяўляецца тое, што ўсе яны – актыўныя асобы ў розных галінах. Нельга сказаць, што гэта маладыя палітыкі, старшыні моладзевых структур палітычных груповак. Не, гэта хутчэй грамадзкія дзеячы. Кожны год мяняецца вядучая тэматыка школы, удзельнікі могуць абмяняцца поглядамі, думкамі, ідэямі. Гэта людзі, многія з якіх ужо нешта стварылі, заснавалі стартап, але іх не цікавіць выключна грашовы прыбытак, яны глядзяць шырэй – каб іх дзейнасьць прыносіла карысьць грамадзтву, мяняла яго ў лепшы бок.

У бягучым годзе прыходзіцца выключна шмат важных гістарычных датаў, гадавін лёсавырашальных падзеяў, асабліва ў Польшчы. Немагчыма зусім праігнараваць гэтыя здарэньні, таму сёлетні выпуск Летняй вышаградзкай школы асаблівую ўвагу надае аналізу мінулага і яго ўплыву на будучае. Гэта неразлучны дуэт, які дазваляе лепш разумець рэчаіснасьць дзяржаў ды сьвету. У Кракаве маладыя лідэры маюць магчымасьць пра гэта паразмаўляць.

Д. Каспровіч: У рамках Летняй вышаградзкай школы кожны год маладыя ўдзельнікi, лідэры грамадзкага жыцьця з розных дзяржаваў маюць магчымасьць сустрэцца з выдатнымі экспэртамі ў сваіх галінах, у тым ліку вопытнымі палітыкамі, дасьледчыкамі, журналістамі, дыпляматамі і г.д. Ёсьць нагода паразмаўляць з імі пра будучыню Эўропы. Сёлета, у год важных гадавін, вядучай тэмай нашай школы зьяўляецца лёзунг «Зразумець мінулае – запраектаваць будучае».

Летняя вышаградзкая школа – гэта ня толькі нагода, каб сустрэцца з равесьнікамі з іншых дзяржаваў, якія імкнуцца нейкім чынам мяняць сьвет у лепшы бок, але таксама магчымасьць запытаць экспэртаў, якім чынам добрыя ідэі ўвасобіць у жыцьцё.

Д. Каспровіч: У гэтым годзе ў нашай школе ўдзельнічаюць 43 маладыя лідэры з 11 краін, а на гэтых людзей прыходзіцца 28 вопытных экспэртаў з розных галін. Гэта непаўторная магчымасьць паразмаўляць з экспэртам, пачарпнуць з яго аповеду адказы на важныя пытаньні, даведацца розныя ноу-хау. Трэба прызнаць, што мы даем вельмі мала свабоднага часу нашым удзельнікам, кожны год яны просяць, каб было больш свабоднага часу, але мы хочам гэты час скарыстаць найбольш поўна, таму сустрэчы і заняткі вельмі інтэнсіўныя. Напрыклад, у гэтым годзе мы запрасілі экспэртаў, якія ў сваім асяродзьдзі займаюцца між іншым пытаньнямі спадчыны. Такім экспэртам зьяўляецца прафэсар Майк Робінсан з Бірмінгемскага ўнівэрсытэту ў Вялікабрытаніі. Ён займаецца пытаньнямі культурнай спадчыны, яе ўплыву на гарады, якім чынам яе выкарыстоўваць дзеля ўстойлівага разьвіцьця гістарычных гарадоў. Іншы запрошаны экспэрт – польская дасьледчыца Аляксандра Пшэгаліньска, якая займаецца між іншым пытаньнем штучнай інтэлігенцыі, яе ўплывам на эканоміку і грамадзтва.

З гэтымі, а таксама іншымі экспэртамі змогуць сустрэцца і пагутарыць удзельнікі 18-ай Летняй вышаградзкай школы, якая пачнецца 1 ліпеня ў Кракаве. У школе прымаюць удзел маладыя людзі з краін Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы ва ўзросьце ад 18 да 32 гадоў. А пра школу распавяла дырэктар Інстытуту культуры Вілы Дэцыя прафэсар Дамініка Каспровіч.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт