Logo Polskiego Radia
Print

У Казахстана зьявіўся новы кіраўнік

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 11.06.2019 16:11
  • новы кіраўнік.mp3
Пасьля трыццаці гадоў у Казахстане зьмяніўся лідэр краіны.
Foto: EPA/IGOR KOVALENKO Dostawca: PAP/EPA

Замест «бацькі нацыі» Нурсултана Назарбаева новым прэзыдэнтам краіны стаў Касым Такаеў. Выбары прайшлі ў атмасфэры вулічных пратэстаў і слабасьці апазыцыі. Казахскі «сцэнар перадачы ўлады» назвалі пасьпяховым, магчыма іншыя дыктатары на постсавецкай прасторы ім скарыстаюцца.

У нядзелю 9 чэрвеня ў Казахстане прайшлі датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары. З выбарамі была зьвязаная інтрыга, ці зможа гэтая краіна ўпершыню перадаць уладу мірным шляхам. Справа ў тым, што з моманту незалежнасьці ў 1991- м годзе Казахстанам кіраваў адзін чалавек – прэзыдэнт Нурсултан Назарбаеў. На пачатку сакавіка ён падаў у адстаўку, заявіўшы, што настаў час «новага пакаленьня лідэраў», і абвясьціў сваім пераемнікам былога міністра замежных спраў краіны Касым-Жомарт Такаева. Такі ход зьвязаны з тым, што Назарбаеў ня мае сына, каб перадаць яму ўладу, як сталася ў Азэрбайджане, кажа палітоляг Андрэй Ляховіч.

Андрэй Ляховіч: У Назарбаева не было сына, а перадаць уладу дачцэ – у казахскай патрыярхальнай мадэлі няма магчымасьці.

Пераемнік Такаеў быў апошнія месяцы в.а. прэзыдэнта. 9 чэрвеня яму трэба было толькі пацьвердзіць свой мандата. Тут не абышлося без праблем. Выбары суправаджаліся масавымі пратэстамі. Міліцыя затрымала больш за 500 чалавек. Афіцыйна ЦВК Казахстана заявіла, што большасьць казахаў (70%) прагаласавалі за Такаева пры яўцы 77% выбарцаў. У сваю чаргу назіральнікі зазначалі, што перамога Такаева сумнеўная, бо шмат хто з выбарцаў галасаваў за прадстаўніка апазыцыі Аміржана Касанава. З часткі апублікаваных назіральнікамі выбарчых пратаколаў за Касанава прагаласавала не 16%, як падала ЦВК, а больш. Некаторыя пачалі казаць, што павінен быць другі тур. Аднак лідэр апазыцыі зьвярнуўся да казахаў з заклікамі «не паддавацца на правакацыі» ды паведаміў, што прызнае вынікі выбараў ды павіншаваў Такаева з перамогай.

Аміржан Касанаў: Зараз Казахстан чакаюць вялікія зьменамі. Таму, знаходзячыся за мяжой, п'ючы каву ў кавярні, заклікаць народ на такое падчас выбараў замест таго, каб даць людзям скарыстацца сваім канстытуцыйным правам, ведаючы, што яны парушаць закон і будуць пакараныя, – гэта самая сапраўдная палітычная правакацыя і подласьць. У гэтую падзею ўцягнулі моладзь. Наша моладзь памыляецца, прытрымліваючыся псэўдадэмакратычнай пазыцый.

У панядзелак наступіла міжнароднае прызнаньне выбараў. 10 чэрвеня, АБСЭ ў цэлым станоўча ацаніла выбары ў Казахстане, хоць і сумняваецца, што іх можна назваць дэмакратычнымі. Назіральнікі зьвярнулі ўвагу, што затрыманьні людзей на вуліцах – гэта дрэнна. Казахскія палітолягі прагназуюць, што пасьля выбараў у Казахстане нічога ня зьменіцца. Маўляў, пакуль жыве першы прэзыдэнт – зьменаў ня будзе. Да таго ж улады ня хочуць прызнаваць праблемы, а тыя, што прызнаюцца, вырашаюцца на словах.

Нягледзячы на гэта, казахская форма «транзыту ўлады» можа быць цікавая і для Беларусі, дзе наступныя пяць год Лукашэнка будзе заняты пошукам пераемніка, кажа Андрэй Ляховіч.

Андрэй Ляховіч: На гэтыя прэзыдэнцкія выбары Лукашэнка пойдзе сам. Ён адчувае сябе дастаткова добра, чаго варты ягоны 7-гадзінны сакавіцкі выступ перад журналістамі. Ягоныя заявы пра неабходнасьць зьмены ў Канстытуцыю сьведчаць, што ён пачынае думаць аб пераемніку і падчас наступнага тэрміну паўнамоцтва ён будзе шукаць пераемніка.

У Казахстане прайшлі датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары. На пасаду прэзыдэнта абраны пераемнік Назарбаева – Такаеў. Экспэрты кажуць пра завяршэньне працэсу перадачы ўлады ў гэтай краіне. Казахскі сцэнар магчыма будзе неўзабаве паўтораны ў Беларусі.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт