Польшча і ЗША дамовіліся аб прысутнасьці амэрыканскіх жаўнераў
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
10.06.2019 14:42
Польшча прызначыць каля 2 млрд. даляраў на мадэрнізацыю палігонаў ды вайсковай інфраструктуры.
Ілюстрацыйны здымакpixabay.com
Польшча і ЗША прынялі ўзаемакарыснае пагадненьне пра фінансаваньне амэрыканскай вайсковай прысутнасьці ў Польшчы – паведамляе «Rzeczpospolita». У сераду прэзыдэнты Анджэй Дуда і Дональд Трамп падпішуць у Белым доме адпаведную дамоўленасьць. Да апошняй хвіліны працягваліся перамовы наконт фінансавага аспэкту справы. Бакі дамовіліся, што Польшча прызначыць менш за 2 млрд. даляраў на мадэрнізацыю палігонаў ды вайсковай інфраструктуры, якой будуць карыстацца амэрыканцы. Пазьней польскі бок будзе плаціць толькі за электраэнэргію, ваду і абагрэў.
Прадстаўнікі Польшчы хацелі б, каб на палігонах маглі трэніравацца ня толькі амэрыканскія, але таксама польскія жаўнеры. Аднак пакуль што невядомыя падрабязнасьці і дакладнае месца разьмяшчэньня базы.
У сакавіку «Блюмбэрг» паведамляў, што прэзыдэнт Трамп намераны зьмяніць формулу разьлікаў за прысутнасьць амэрыканскіх войскаў за межамі ЗША, між іншым у Японіі, Паўднёвай Карэі ды Нямеччыне, каб гаспадары несьлі ўсе кошты і плацілі яшчэ 50% прэміі (г.зв. формула «costs plus 50». Аднак да гэтае пары Вашынгтон нідзе афіцыйна не прадставіў такой пазыцыі.
Як будзе выглядаць прысутнасьць амэрыканскіх салдат у Польшчы? Асабовы склад плянуецца павялічыць да каля 6 тыс. чалавек (на 1,3 тыс. жаўнераў). Гэта быў бы самы вялікі кантынгент амэрыканскіх войскаў у Эўропе пасьля Нямеччыны, Італіі ды Вялікабрытаніі. Магчыма таксама, што ў будучыні ЗША збудуюць у Польшчы сваю авіябазу зьнішчальнікаў Ф-35, калі раней польскія ВПС закупяць гэтыя машыны.
Rzeczpospolita/нг