Мерапрыемства прысьвечана абмеркаваньню найважнейшых выклікаў ды задач, якія стаяць перад польскай дзяржавай.
А 10 раніцы ў пятніцу ў польскай сталіцы ў каралеўскім замку пачаўся кангрэс «Вялікі праект для Польшчы». Дадзенае мерапрыемства сабрала каля 1300 чалавек: палітыкаў, навукоўцаў, прадпрымальнікаў з усяе Польшчы ды з-за мяжы. Яны сабраліся, каб абмяркоўваць шанцы ды пагрозы, якія стаяць перад краінай. Таксама падчас Кангрэса адбудзецца ўручэньне ўзнагароды імя Леха Качыньскага – мэдаль за адвагу і верагоднасьць.
Сярод заяўленых тэмаў дыскусіі падчас Кангрэса такія пытаньні, як разьвіцьцё сельскай гаспадаркі, рэгіянальнае разьвіцьцё ў рамках Эўрапейскага Зьвязу, задачы польскай замежнай палітыкі, будучыня польскай моладзі. Таксама шмат эканамічных пытаньняў ды справы эфэктыўнага дзяржкіраваньня, кажа адзін з арганізатараў Кангрэса Томаш Матыня.
Томаш Матыня: Эканамічны рост без эфэктыўнасьці працы, без эфэктыўнасьці прадпрыемстваў, ня ёсьць нечым пажаданым у нашыя часы. Вельмі хутка настае канчаецца. У Польшчы назіраецца рост прадуктыўнасьці, што выклікае цікаўнасьць шматлікіх эканамістаў. Мы таксама хочам паразмаўляць пра гэта падчас Кангрэса.
Пытаньні эканомікі ды дзяржаўнага кіраваньня закрануў у сваім выступе на Кангрэсе прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі. Польскі ўрад хоча, каб краіна ішла ў бок сучаснасьці, дзеля гэтага ліквідуюцца прарэхі папярэдніх гадоў, казаў польскі прэм’ер.
Матэвуш Маравецкі: Хто вырашае, якія пэрспэктывы да правілы гульні абіраць? У першую чаргу гэта робяць моцныя дзяржавы, якія дзейнічаюць у супрацоўніцтве ды каардынацыі з іншымі ў рамках розных аб’яднаньняў ды арганізацый. Такім аб’яднаньнем зьяўляецца Эўрапейскі Зьвяз. Яны павялічваюць магчымасьці ўплыву для тых дзяржаў, якая разумеюць правілы гульні сучаснага сьвету. Таму важна, каб наша краіна працягвала рух у напрамку таго, каб змагацца з паталёгіямі, няроўнасьцю, падатковымі махінацыямі. За папярэднія гады мы страцілі з-за гэтага цэлы гадавы бюджэт, або 300 мільярдаў злотых у «шэрай зоне» і праз падатковыя афёры.
З лістом да ўдзельнікаў Кангрэсу зьвярнуўся прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда. Прэзыдэнт назваў Кангрэс «Вялікі праект для Польшчы» важнай плятформай для абмеркаваньня будучыні краіны. Анджэй Дуда нагадаў, што першы кангрэс меў адбыцца ў 2010-м годзе. З-за смаленскай катастрофы кангрэс адклалі. Цяперашні кангрэс – гэта даніна спадчыне Леха Качыньскага. Ліст прачытала кіраўніца Канцылярыі прэзыдэнта Галіна Шыманьска.
Галіна Шыманьска: Тады ў нас было пачуцьцё, што спадчына памерлага прэзыдэнта Леха Качыньская трэба працягваць, што ягоная канцэпцыя салідарнай, сучаснай і справядлівай Польшчы зьяўляецца правільным бачаньнем, што польскі посьпех магчымы, грунтуючыся на каштоўнасьцях нашай супольнасьці. Мы ведалі, што праект будзе пасьпяховым, калі будзе сыстэмная рэалізацыя. Ужо тады мы былі сьвядомыя таго, што ўдзельнічаем у нечым важным ды надзвычайным.
Падчас першага дня кангрэса сабраныя экспэрты размаўлялі пра важныя і глябальныя зьмены, якія цяпер закранаюць эканомікі краін Эўропы ды сьвету.Больш падрабязна перадае карэспандэнт Польскага радыё Караль Суруўка.
Караль Суруўка: У эканоміцы адбываецца пераход у бок паслуг ды новых тэхналёгій. Каб адказаць на гэта, патрэбна павышаць эфэктыўнасьць дзяржаўнага кіраваньня ды паляпшаць супрацоўніцтва зь іншымі краінамі ў рамках ЭЗ да Вышаградзкай групы. Пра гэта казалі сёньня на Кангрэсе. Гучалі меркаваньні, што Польшча пакуль даволі пасьпяхова праходзіць адаптацыю да новых правіл гульні. На Кангрэсе абмяркоўвалі яшчэ такія тэмы пэрспэктывы польскай эканомікі ды роля хрысьціянства ў сучаснай Эўропе.
Дыскусіі падчас Кангрэсу «Вялікі праект для Польшчы» працягнуцца да нядзелі.
Юры Ліхтаровіч