Logo Polskiego Radia
Print

Польска-беларуская сустрэчa на ўзроўні міністраў адбылася ў Беларусі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 31.05.2019 14:38
  • ахова асяродзьдзя.mp3
Гаворка ішла, у прыватнасьці, пра ахову навакольнага асяродзьдзя, а таксама праблемы польскай меншасьці.
Ілюстрацыйны здымакІлюстрацыйны здымакwww.pixabay.com/CC0 Creative Commons

Польская дэлегацыя наведала Беларусь, дзе правяла перамовы, прысьвечаныя між іншым ахове навакольнага асяродзьдзя, сумесным экалягічным ініцыятывам ды праблемам мясцовых палякаў.

Надоечы на тэрыторыі беларускай часткі Белавескай пушчы адбылася сустрэча міністраў аховы навакольнага асяродзьдзя Польшчы і Беларусі Генрыка Кавальчыка ды Андрэя Худыка. Па словах міністра Кавальчыка, бакі закранулі некалькі важных пытаньняў. Перамовы датычылі, у прыватнасьці, уплыву на навакольнае асяродзьдзе вялікіх прамысловых аб’ектаў, як акумулятарны завод у Берасьці.

Г. Кавальчык: Адной з тэмаў сустрэчы была таксама якасьць вады ў Бугу, гэта значыць, неабходна клапаціцца пра чысьціню вады тых рэк, якія ўліваюцца ў Буг. Мы размаўлялі пра станцыю ачысткі сьцёкаў у Берасьці.

Іншае важнае пытаньне, якое абмяркоўвалася падчас сустрэчы польскіх і беларускіх спэцыялістаў, гэта сытуацыя ў Белавескай пушчы. Працягвае Генрык Какальчык.

Г. Кавальчык: Мы разам павінны клапаціцца пра Белавескую пушчу, паколькі яна знаходзіцца на тэрыторыі як Польшчы, так і Беларусі. Нагадаю, што пушча занесеная ў сьпіс сусьветнай прыроднай спадчыны ЮНЭСКА. Мы разам зь беларускімі калегамі павінны займацца праблемамі Белавескай пушчы, між іншым, якім чынам абмежаваць распаўсюджваньне жука-караеда.

Экспэрты па пытаньнях аховы навакольнага асяродзьдзя зь Беларусі ды Польшчы сустрэліся таксама ў Менску. Падчас перамоваў бакі прыйшлі да высновы, што Польшча згодная актыўна падтрымліваць беларускія інвэстыцыі ў праекты, зьвязаныя з аховай навакольнага асяродзьдзя, а прадстаўнікі Беларусі заявілі, што яны гатовыя карыстацца досьведам польскіх устаноў ды прадпрыемстваў.

Анна Чыжэўска з Нацыянальнага фонду аховы навакольнага асяродзьдзя і воднай гаспадаркі Польшчы сказала, што польскія адмыслоўцы зь вялікай прыемнасьцю перададуць свой вопыт беларускім калегам.

А. Чыжэўска: Мы выдзялялі фінансавую дапамогу на будаўніцтва станцыі ачысткі сьцёкаў у Берасьці. Гэтае супрацоўніцтва вельмі карыснае, і мы хочам яго працягваць. Тут гаворка ідзе таксама пра прасоўваньне польскіх прадпрыемстваў. Нам ёсьць што паказаць, польскія фірмы могуць падзяліцца сваім вопытам. Гэта вельмі важна, і гэта цэняць таксама тут, у Беларусі.

Ужо 15 гадоў Польшча знаходзіцца ў структурах Эўрапейскага Зьвязу. Улады ЭЗ патрабуюць ад сваіх чальцоў высокіх стандартаў, зьвязаных з аховай навакольнага асяродзьдзя. І гэты досьвед, назапашаны Польшчаю, можа быць прыдатны беларускай дзяржаве. З гэтым згодны Кшыштаф Баланда з управы Польскай палаты гаспадараньня адкідамі.

К. Баланда: Мы на базе найлепшага эўрапейскага вопыту стараемся ўводзіць самыя сучасныя тэхналягічныя вырашэньні. Дарэчы, яны не такія ўжо і складаныя. І такім чынам мы стараемся ўвесьці ў Польшчы сыстэму закрытага абароту адкідаў.

Меркаваньнем Кшыштафа Баланды, раней супрацоўніцтва паміж Беларусьсю ды Польшчай у дадзенай галіне была даволі абмежаванае, у тым ліку Польская палата гаспадараньня адкідамі хацела б ладзіць больш сумесных праектаў зь беларускімі партнэрамі. Перамовы экспэртаў, якія адбыліся ўчора ў Беларусі, могуць інтэнсыфікаваць супрацу.

У сваю чаргу міністар аховы навакольнага асяродзьдзя Польшчы Генрык Кавальчык сёньня наведаў Горадню, дзе сустрэўся з прадстаўнікамі польскай меншасьці. Ён заявіў, што ведае праблемы палякаў Беларусі.

Г. Кавальчык: Я назіраў за тым, як палякі ў Горадні інтэгруюцца, як яны клапоцяцца пра навучаньне польскай мове, гісторыі. Аднак мы таксама абмяркоўвалі тыя праблемы, з якімі сустракаюцца мясцовыя палякі – супрацоўніцтва, паездкі, праблемы з памяшканьнем. Мы пастараемся памагчы ў вырашэньні гэтых праблем.

Праблемы палякаў, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі, вельмі цікавяць міністра аховы навакольнага асяродзьдзя, паколькі ён зьяўляецца таксама старшынёй рады Таварыства «Wspólnota Polska», якое памагае палякам замежжа, – адзначыла старшыня Саюзу палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс.

А. Борыс: На сустрэчы ў нас была магчымасьць прадставіць нашу дзейнасьць, а таксама тыя пытаньні, якія нас вельмі непакояць. Гэта перш за ўсё польская адукацыя, каб усе польскія дзеці ў Горадні ды Ваўкавыску маглі вучыцца ў польскіх школах. Для нас таксама вельмі важна, каб СПБ мог нармальна працаваць, згодна эўрапейскім стандартам ды па беларускіх законах.

Падчас наведваньня Беларусі міністар Кавальчык сустрэўся таксама са старшынёй Гарадзенскага аблвыканкама Ўладзімерам Краўцовым. Гаворка ішла пра памежнае супрацоўніцтва, ахову навакольнага асяродзьдзя ды праблемы палякаў Гарадзеншчыны.

У. Пац/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт