Logo Polskiego Radia
Print

Асобы з інваліднасьцю могуць разьлічваць у Польшчы на новы від дапамогі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 21.05.2019 14:35
  • дапамога інвалідам.mp3
Тыя, хто не ў стане працаваць і самастойна сябе ўтрымліваць, атрымаюць штомесяц па 500 злотых.
pixabay.com/Public Domain CC0

Людзі з абмежаванымі магчымасьцямі, з інваліднасьцю зьяўляюцца як правіла адным з самых малазабясьпечаных слаёў грамадзтва. Гэта ня тая група, якая ахвотна пратэстуе, выходзіць на вуліцы і змагаецца за свае правы. Таму і палітыкі, якія прымаюць важныя дзяржаўныя рашэньні, нярэдка пра іх забываюць. Аднак сьпеласьць грамадзкай сыстэмы вызначаецца менавіта па адносінах да слабых, у тым ліку інвалідаў.

У Польшчы кіруючыя сілы рэдка прагінаюцца пад цяжарам грамадзкіх патрабаваньняў, яны не паддаліся, калі ў мінулым годзе адбываўся пратэст бацькоў інвалідаў. Аргумэнты і патрабаваньні пратэстуючых аб значным павышэньні пэнсіі для апекуноў інвалідаў не былі рэалізаваныя. Тым ня менш, магчыма, праблемы інвалідаў тады на столькі кранулі палітыкаў, што яны вырашылі ўсё ж такі імі заняцца, і надоечы была прадстаўленая прапанова аб штомесячнай фінансавай дапамозе для асоб з поўнай інваліднасьцю. Праўда, нельга забываць, што сёлетні год у Польшчы выключны, у ім заплянаваныя некалькі выбарчых кампаній, у прыватнасьці, у бліжэйшую нядзелю адбудуцца выбары дэпутатаў Эўрапейскага парлямэнту.

Некалькі дзён таму прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі прадставіў новую сацыяльную праграму – асобы з інваліднасьцю, якія ня ў стане працаваць і самастойна сябе ўтрымліваць, атрымаюць штомесяц па 500 злотых (каля 116 эўра). Па словах кіраўніка ўраду, дарослыя людзі з інваліднасьцю зьяўляюцца адной з самых слаба абароненых груп у грамадзтве.

М. Маравецкі: У сёньняшняй сыстэме апекі яны пазбаўленыя шэрагу розных элемэнтаў фінансавай дапамогі. Мы імкнемся да таго, каб гэтая сыстэма сацыяльнай дапамогі была больш справядлівай, нам удалося ўвесьці дадатковыя элемэнты падтрымкі асоб з інваліднасьцю. А цяпер мы робім чарговы крок, уводзім штомесячную падтрымку для тых людзей, з якімі лёс абышоўся самым жорсткім чынам.

Адкуль кіруючая партыя «Права і справядлівасьць» возьме сродкі на чарговую фінансавую дапамогу? Гэтыя грошы плянуецца выдзяляць з Фонду салідарнай падтрымкі асоб з інваліднасьцю (грошы ў фонд уносяць багатыя людзі) і за кошт гэтак званага гандлёвага падатку, які плянуецца спаганяць у Польшчы з вялізных гандлёвых сетак з замежным капіталам. Матэвуш Маравецкі нагадаў: нядаўна стала вядома, што Польшча перамагла ў судзе Эўразьвязу судовую справу з Эўрапейскай камісіяй менавіта за дадзены падатак.

М. Маравецкі: З будучага году мы верагодней за ўсё зможам увесьці гэты падатак, паколькі магчымы яшчэ працэс абскарджаньня рашэньня суду. Аднак мы ўпэўненыя, што і яго выйграем. А калі не, то знойдзем іншыя крыніцы фінансаваньня. Ёсьць Фонд салідарнай падтрымкі, у яго паступаюць ужо першыя сумы. Як мы абяцалі год таму, сродкі з дадзенага фонду і з гандлёвага падатку мы прызначым на падтрымку людзей з інваліднасьцю. Яны атрымаюць штомесячную пастаянную дапамогу.

Паводле падлікаў ураду, такую дапамогу зможа атрымліваць прыкладна паўмільёна асоб з абмежаванымі магчымасьцямі. Прэс-сакратар ураду Яана Капціньска паведаміла, што яны павінны адказваць адпаведным крытэрам.

Я. Капціньска: У іх павінна быць група інваліднасьці, якая сьведчыць пра поўную няздольнасьць працаваць. Гэтыя асобы ня могуць атрымліваць пэнсію па інваліднасьці аб недзеяздольнасьці. Адным словам, гэта асобы, у якіх, акрамя сацыяльнай пэнсіі, няма пастаянных крыніц даходу.

У Польшчы назіраецца выдатная эканамічная сытуацыя, дзякуючы чаму ёсьць магчымасьць увесьці такую дапамогу для інвалідаў, – заявіла ў эфіры Польскага радыё Івона Арэнт з партыі ПіС.

І. Арэнт: Сёньня наша эканамічная сытуацыя, дзяржаўны бюджэты дазваляе даць дадатковыя 500 злотых асобам з інваліднасьцю. У нас назіраецца эканамічны рост, рэгіструюцца новыя кампаніі, людзі плацяць падаткі, дзяржава пачала эфэктыўна спаганяць падатак на дададзеную вартасьць. Мы ўжо ведаем, што можна будзе ўвесьці падатак на гандлёвыя сеткі, паколькі ёсьць рашэньне суду, Эўрапейская камісія памылялася, забараняючы Польшчы ўводзіць дадзены падатак. Грошы знайшліся, і мы гэтымі сродкамі дзелімся з самым малазабясьпечаным слоем грамадзтва.

Ня ўсе ў захапленьні ад дадзенага абяцаньня «Права і справядлівасьці». Івона Хартвіх (Iwona Hartwich), адна з лідарак пратэсту бацькоў дарослых інвалідаў, які працягваўся ў польскім парлямэнце 40 дзён, заявіла, што такім чынам урад хоча адцягнуць увагу грамадзтва ад праблем інвалідаў, а 500 злотых павінны выплачваць усім паўналетні асобам з інваліднасьцю, а ня толькі некаторым.

ІАР ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт