Logo Polskiego Radia
Print

Ці эканоміка павінна ісьці перад палітыкай? (дапоўнена)

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 21.05.2019 15:00
  • К. Здуноўскі форум.mp3
  • Польшча - Беларусь эканоміка.mp3
Адказ на гэтае пытаньне ў інтэрвію з арганізатарам Польска-беларускага эканамічнага форуму «Добрасуседзтва».
photo: www.pbihp.pl

Ці эканоміка павінна ісьці перад палітыкай? Арганізатары Польска-беларускага эканамічнага форуму станоўча адказваюць на так зададзенае пытаньне. На іх думку, калі паміж краінамі інтэнсіўна разьвіваюцца эканамічныя добрасуседзкія адносіны, то і на палітычным узроўні раней ці пазьней будзе назірацца паляпшэньне.

Польска-беларускі эканамічны форум «Добрасуседзтва» адбываецца кожны год, па чарзе ў Беларусі і Польшчы. На гэты раз ён пройдзе ў Менску 6-7 чэрвеня. На яго запрошаная прадстаўнічая дэлегацыя з Польшчы, якая наведае таксама Міжнародны сельска-гаспадарчы кірмаш у Беларусі. Сёлета форум адбываецца ўжо 22 раз, але ў гэтым годзе ён мае выключны характар, – адзначае адзін з арганізатараў падзеі, старшыня Польска-беларускай гандлёва-прамысловай палаты Казімеж Здуноўскі.

К. Здуноўскі: У гэтым годзе форум зьяўляецца выключнай падзеяй, паколькі мы хочам даць новы імпульс польска-беларускім эканамічным адносінам. Нагадаю, у 2016 годзе і польскі, і беларускі бок прынялі рашэньні, якія дазволілі пачаць гэтак званую перазагрузку адносінаў. Тагачасны віцэ-прэм’ер Матэвуш Маравецкі наведаў з візытам Беларусь, адкрыў польска-беларускі форум, сустрэўся між іншым зь беларускім прэзыдэнтам і прэм’ер-міністрам. З тае пары назіраецца інтэнсіўнае разьвіцьцё кантактаў, рост колькасьці ўзаемных візытаў ды эканамічных адносін. Цяпер мы ліквідуем тыя страты, якія адбыліся ў нашых эканамічных адносінах, калі Польшча галасавала за ўвядзеньне санкцый супраць Беларусі, якія цяпер ужо поўнасьцю адмененыя. Польскія ўлады імкнуцца разьвіваць эканамічныя адносіны, а на іх грунце будуць разьвівацца таксама іншыя кантакты.

Апошнія гады польска-беларускія эканамічныя адносіны былі моцна запаволеныя, гэта было вынікам практычнага спыненьня палітычных адносінаў на вышэйшым узроўні. Гэтак сталася з-за палітычных рэпрэсій, якія назіраліся ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году, Эўрапейскі Зьвяз, у тым ліку Польшча, увялі санкцыі супраць Беларусі, кантакты замерлі. Цяпер жа яны паступова вяртаюцца ў нармальнае рэчышча, – кажа наш госьць.

К. Здуноўскі: Я хачу паказаць гэта на прыкладзе эканамічных паказчыкаў. У 2008 годзе польска-беларускае эканамічнае абарачэньне дасягала трох мільярдаў даляраў. Пазьней абарачэньне ўпала да 2,4 млрд. у выніку фінансавага крызісу ў Беларусі ды крызісу ў нашых двухбаковых адносінах. Цяпер мы паступова вяртаемся да тых старых паказчыкаў, за мінулы год наш тавараабарот перавысіў 3 млрд. Пытаньне ў тым, навошта мы страцілі 10 гадоў? На думку прадпрымальнікаў, тавараабарот можа быць нават у два разы большы, пры ўмове, што будзе добрая воля з боку палітыкаў ды эканамічная стабільнасьць у адносінах.

На дадзены момант такая палітычная воля ёсьць, і зь беларускага, і з польскага боку. Аднак, на думку Казімежа Здуноўскага, палітыка заўсёды будзе на другім пляне – за эканамічнымі інтарэсамі. Палітыка павінна служыць эканоміцы, а не наадварот.

К. Здуноўскі: Палітычнае жаданьне ісьці на кантакт – гэта не праблема. Мы часам перабольшваем значэньне палітычнага жыцьця. Палітыка – гэта сынтэз эканомікі. Калі эканамічныя адносіны добрыя, калі яны разьвіваюцца, то палітыка ім будзе служыць, будзе адным з інструмэнтаў эканамічнага жыцьця, а не наадварот. Канешне, ёсьць людзі, якія перабольшваюць значэньне палітычных рашэньняў, аднак яшчэ раз падкрэсьліваю: самае важнае – эканамічныя адносіны.

Польска-беларускі эканамічны форум у Менску падзелены на тры тэматычныя сэсіі, падчас якіх будуць абмяркоўвацца розныя пытаньні эканамічнага супрацоўніцтва. Гэта сучасныя тэхналёгіі, лягістычныя паслугі і стварэньне спрыяльнага клімату, а таксама рэгіянальнае супрацоўніцтва. Акрамя таго, удзельнікі форуму наведаюць выставу-кірмаш «Белагра, белфэрма і белпрадукт», – распавядае старшыня Польска-беларускай гандлёва-прамысловай палаты.

К. Здуноўскі: Ёсьць тры тэматычныя блёкі, якія мы будзем абмяркоўваць, заплянаваныя між іншым выступленьні міністраў – Ядвігі Эмілевіч, Уладзімера Калтовіча, старшыні Савета Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча, старшыні польскага Сэнату Станіслава Карчэўскага. Не выпадкова форум ладзіцца 6-7 чэрвеня, паколькі ў гэты час у Беларусі адбываецца выстава Белагра – вялікае міжнароднае мерапрыемства, прысьвечанае сельскай гаспадарцы. Гэта важная падзея, і мы хочам, каб польскія прадпрымальнікі таксама прынялі ўдзел у гэтай выставе.

Геапалітычнае становішча Беларусі і Польшчы вельмі спрыяе таму, каб эканамічныя кантакты былі выдатнымі, – кажа Казімеж Здуноўскі.

К. Здуноўскі: Беларусь і Польшча знаходзяцца ў выключнай геапалітычнай сытуацыі. Зьмянілася эканамічная геаграфія, няма ўжо двухвэктарнай сыстэмы – з аднаго боку захад, з іншага – Савецкі Саюз. Цяпер самая магутная дзяржава на сьвеце – гэта Кітай, дзе ўнутраны валавы прадукт вышэйшы, чым у ЗША. Гандлёвае абарачэньне паміж Кітаем і Эўразьвязам перавышае 500 млрд. даляраў, гэта больш, чым кітайска-амэрыканскі гандаль. У такой сытуацыі будаўніцтва новага Шаўковага шляху стала фактам, цягнікі з Кітая ўжо курсіруюць у Лёндан. Я хачу зьвярнуць увагу на тое, што перагрузка тавараў або зьмена колаў у вагонах адбываецца ў Берасьці і Тэрэспалі. І праз 20 гадоў гэтыя два гарады будуць мець большае значэньне, чым многія іншыя гарады, якія прэтэндуюць сёньня на званьне сталіцы бізнэсу.

Калі гаворка ідзе пра глябальны бізнэс, то ў зьменлівым сьвеце Беларусь і Польшча якраз трапляюць у сам цэнтар новых гандлёвых шляхоў, між іншым, шляху, які вядзе з поўдня на поўнач. З іншага боку, падкрэсьлівае наш госьць, нельга забываць пра вялізны ўплыў на адносіны паміж дзяржавамі рэгіянальнага супрацоўніцтва.

К. Здуноўскі: Дзесьці ў прапагандзе ў нас зьнікла вельмі цікавая тэма – супрацоўніцтва гарадоў-пабрацімаў, супраца гмін, паветаў. А гэта ўсё ёсьць, разьвіваецца. Мастацкія гурты зь Беларусі часта прыяжджаюць у Польшчу з канцэртамі, выступленьнямі, таксама польскія гурты наведваюць Беларусь, паказваюць сваё ўменьне. Я спадзяюся, што палякі знойдуць сваё месца на вялікім фэстывалі Славянскі базар у Віцебску, варта, каб мы ўдзельнічалі ў гэтым сьвяце славянскай культуры.

Вяртаючыся да эканамічнага супрацоўніцтва, трэба сказаць, што вельмі важнай тэмай падчас сустрэч польскіх і беларускіх прадпрымальнікаў зьяўляецца лягістыка, – адзначае Казімеж Здуноўскі.

К. Здуноўскі: Мы можам падзяліцца з нашымі беларускімі сябрамі сваім багатым досьведам. Перш за ўсё ў нас ёсьць вельмі добра наладжаны балтыйскі пагрузачны тэрмінал. У Беларусі няма доступу да мора, але яна карыстаецца партамі, і адным з такіх партоў мог бы быць польскі Гданьск. На жаль, у гэтай галіне мы страцілі шмат часу. Трэба было збудаваць чыгуначны шлях, неабходна было мадэрнізаваць чыгуначныя лініі, каб можна было даставіць кантэйнэры. У Польшчы было шмат праціўнікаў такой мадэрнізацыі, якія выступалі супраць таго, каб, як яны казалі, будаваць транстэрытарыяльны шлях. І праект на дзясяткі гадоў быў спынены. У выніку беларусы купілі тэрыторыю ў партах у Латвіі ды Адэсе, якой актыўна карыстаюцца. Цяпер, праз 20 гадоў, мы вяртаемся да сур’ёзных перамоў зь беларусамі, каб яны маглі карыстацца марскімі партамі ў Польшчы.

6-7 чэрвеня ў Беларусі пройдзе Польска-беларускі эканамічны форум «Добрасуседзтва». Падчас гэтай сустрэчы польскіх і беларускіх палітыкаў, чыноўнікаў, бізнэсоўцаў адбудзецца ўручэньне адмысловай прэміі для польскай кампаніі, якая дзейнічае на беларускім рынку і польскай, якая працуе ў Беларусі.

К. Здуноўскі: Гэта эканамічная ўзнагарода старшыні Польска-беларускай гандлёва-прамысловай палаты імя Юзэфа Лахоўскага. Яна носіць элітарны характар, уручаецца толькі раз у год, пры нагодзе форуму. Дагэтуль былі ўручаныя шэсьць такіх узнагарод, сёлета яны будуць насіць нумары 7 і 8. З польскіх кампаній мы ўзнагародзім Unibep, будаўнічую фірму, якая ажыцьцяўляе вялікія інвэст-праекты ў Беларусі, збудавала між іншым цэнтар лягістыкі ў Воршы. У сваю чаргу зь беларускага боку ўзнагароду атрымае кампанія Санта-Брэмар – вельмі цікавая, сучасная фірма, асноўным відам дзейнасьці якой зьяўляецца перапрацоўка морапрадуктаў, яе прадукцыя прысутная ў польскіх гандлёвых сетках.

Казімеж Здуноўскі кажа, што ён часта бывае ў Беларусі разам з польскімі бізнэсоўцамі. І пасьля вяртаньня ў Польшчу яны як правіла вельмі зьдзіўленыя, што паездка поўнасьцю зьмяніла іх ранейшае ўяўленьне пра Беларусь.

К. Здуноўскі: Прадпрымальнікі вяртаюцца зь Беларусі і задаюць мне простае пытаньне: як мы маглі дазволіць намаляваць такі дрэнны вобраз Беларусі? Цудоўныя, высокаадукаваныя людзі, выконваюць свае абяцаньні, гарады чыстыя і акуратныя, вельмі спрыяльны клімат для бізнэсу. Я хачу зьвярнуць увагу на некалькі аспэктаў – па-першае, прынцып «аднаго акна» – у Беларусі вельмі хутка можна зарэгістраваць фірму, і па-другое, прынцып інвэстыцыйнай дамовы – інвэстар атрымлівае поўную гарантыю беларускай дзяржавы.

Пра Польска-беларускі эканамічны форум «Добрасуседзтва» ды эканамічныя адносіны дзьвюх краін распавёў старшыня Польска-беларускай гандлёва-прамысловай палаты Казімеж Здуноўскі. Паводле падлікаў арганізатараў, у форуме прыме ўдзел звыш 300 чалавек, як з Польшчы, так і Беларусі. Гэта палітыкі, прадстаўнікі дзяржаўнай адміністрацыі, муніцыпальныя дзеячы, а таксама прадстаўнікі бізнэсу.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт