Logo Polskiego Radia
Print

16 мая ў Менску - выключны беларуска-польскі канцэрт твораў Манюшкі

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 15.05.2019 08:01
«У музыцы Станіслава Манюшкі можна пачуць танец ветра ў бярозавых галінках».
Stanisław Moniuszko (rys. Ksawery Pillati)Stanisław Moniuszko (rys. Ksawery Pillati)https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=75392611

У чацьвер 16 мая ў Менску адбудзецца канцэрт, прымеркаваны да 200-годзьдзя з дня нараджэньня выдатнага кампазытара Станіслава Манюшкі. Мерапрыемства супольна ладзяць польскі Інстытут імя Адама Міцкевіча і Вялікі тэатр Беларусі (Нацыянальны Акадэмічны Вялікі тэатар опэры й балета Рэспублікі Беларусь). З гэтай нагоды ў нашым эфіры - дырэктар Інстытуту імя Міцкевіча Кшыштаф Алендзкі (Krzysztof Olendzki).

Канцэрт зьяўляецца польска-беларускім праектам. Хто высунуў такую ідэю, хто першы набраў нумар альбо сеў за кампутар ды напісаў ліст партнэрам? Гэта былі вы – Інстытут, ці беларускі бок?

К.Алендзкі: Ня варта казаць пра тое, хто быў першы. Ідэя прыйшла падчас размовы, таму што мы часта сустракаемся з нашымі беларускімі партнэрамі й сябрамі. Падчас такіх сустрэч нараджаюцца часам вельмі добрыя ідэі, і адна з гэтых ідэй – менавіта гэты канцэрт: канцэрт, які ня толькі дасьць цудоўную музыку, напісаную Станіславам Манюшкам, а таксама нагадае нам пра нашую супольную спадчыну.

Які ўнёсак Манюшка зрабіў у беларускую культуру й што б мы маглі сказаць скептыкам, якія пытаюць: якое права на Манюшку, аўтара польскай нацыянальнай опэры, маюць беларусы?

К.Алендзкі: Манюшка - гэта польскі кампазытар, які нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Беларусі, які быў моцна эмацыйна прывязаны да беларускага краявіду, да сваіх суседзяў, да людзей. Ён пісаў музыку абсалютна польскую, але гэтая музыка таксама абсалютна беларуская. У яго музыцы можна пачуць танец ветра ў бярозавых галінках! І вось гэта нас яднае – культура й агульная спадчына, а Станіслаў Манюшка зьяўляецца сымбалем яднаньня.

Сапраўды, Станіслаў Манюшка пранік беларускасьцю: ён нарадзіўся ў вёсцы Убель ў 30 кілямэтрах ад Менска, на беларускай зямлі вырас, вучыўся, а потым пісаў музыку. Імя кампазытара непарыўна зьвязанае зь Менскам. І сёньня дом у Менску па цяпершняй вуліцы Энгельса 3 менчукі называюць «домам Манюшкі». Менская публіка бачыла прэм'еры большасьці яго опэр, у Менску склаўся творчы і сяброўскі дуэт Станіслаў Манюшка – Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Разам клясыкі стварылі першую опэру на беларускай мове «Сялянка», прэмʼера якой адбылася ў лютым 1852 года ў менскім гарадзкім тэатры.

Канцэрт, які адбудзецца 16 мая ў Вялікім тэатры Беларусі, ладзяць польскі й беларускі бакі. Які ўнёсак зрабілі палякі?

К.Алендзкі: Польскі дырыжор будзе кіраваць беларускім аркестрам, адным з самых лепшых у Цэнтральнай Эўропе, які выдатна грае творы Манюшкі на спэктаклях у тэатры опэры й балета. І вось гэта галоўнае, што польскія й беларускія артысты разам граюць і сьпяваюць творы Манюшкі, а яшчэ недзе на фоне гучыць Агінскі. Такім чынам палякі й беларусы нагадваюць пра агульную спадчыну.

Акрамя польскага дырыжора будзе таксама выступаць польская салістка: давайце іх назавем.

К.Алендзкі: Гэта адзін з найбольш знакамітых польскіх дырыжораў, маэстра Раман Рэваковіч і сьпявачка Івона Хоса, сапрана. Гэта польскія артысты, якія выступяць на гэтым канцэрце разам зь беларускімі музыкамі й сьпевакамі. І гэта вельмі важна, што мы разам выйдзем на сцэну.

Варта таксама сказаць, што будзе ў праграме канцэрта.

К.Алендзкі: Гэта найбольш знакамітыя арыі зь вядомых опэр Манюшкі. У першую чаргу опэра «Галька» – арыя Галькі, арыя Ёнтэка, дуэт Галькі й Януша, і самае лепшае, паводле мяне, на заканчэньне - самы палымяны ва ўсёй музычнай літаратуры сьвету танец мазур. Я задаволены тым, што гэты мазур будзе выкананы ў Менску. Акрамя таго, пакажам адзін-два нумары з камічнай опэры «Verbum nobile» і з опэры «Графіня», ну й арыі з опэры «Страшны двор» – ажно 6 арый і дуэтаў, якія засьпяваюць польскія й беларускія артысты.

А праз тыдзень, у чацьвер 23 мая, адбудзецца канцэрт Манюшкі ў менскай Беларускай дзяржаўнай філярмоніі. Гэта працяг ідэі Інстытута імя Адама Міцкевіча ці асобны праект?

К.Алендзкі: Праз тыдзень адбудзецца канцэрт Манюшкі, які зьяўляецца іншым праектам, часткай праграмы сьвяткаваньня году Станіслава Манюшкі, падрыхтаванай Польскім інстытутам у Менску. Польскі інстытут – гэта частка Міністэрства замежных справаў Польшчы. У нас цеснае супрацоўніцтва з інстытутам, і наогул мы падтрымліваем многія праекты, якія Польскі інстытут ажыцьцяўляе ў Беларусі.

Але так атрымалася, што канцэрты Манюшкі й Польскі інстытут у Менску, і варшаўскі Інстытут імя Адама Міцкевіча ладзяць самастойна.

Нашым суразмоўцам быў дырэктар польскага Інстытуту імя Адама Міцкевіча Кшыштаф Алендзкі.

Нагодай для гутаркі стаў канцэрт, прымеркаваны да 200-годзьдзя з дня нараджэньня Станіслава Манюшкі, які пройдзе ў Вялікім тэатры ў Менску ў чацьвер, 16 мая. Пачатак - а 19-й гадзіне.

Гутарыла Яланта Сьмялоўская

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт