Logo Polskiego Radia
Print

Кіраўніцтва Польшчы ўводзіць больш жорскія пакараньні за пэдафілію

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 14.05.2019 15:39
  • пэдафілія.mp3
Такую рэакцыю выклікаў дакумэнтальны фільм пра пэдафілію ў каталіцкім касьцёле.
Плякат да фільму Т. Сэкельскага "Толькі не кажы нікому"Плякат да фільму Т. Сэкельскага "Толькі не кажы нікому"фота: матэрыялы для прэсы

Менш за два тыдні засталося да выбараў дэпутатаў Эўрапейскага парлямэнту, якія адбудуцца ў Польшчы 26 траўня. Сёлета адной з важнейшых тэмай перадвыбарчай кампаніі стала барацьба з грамадзкай праблемай, якой зьяўляецца пэдафілія. Сталася так у выніку паказу дакумэнтальнага фільму Томаша Сэкельскага ды яго брата пра пэдафілію ў каталіцкім касьцёле.

Фільм выклікаў аграмаднае зацікаўленьне ў польскім грамадзтве, за некалькі дзён яго прагледзелі мільёны жыхароў краіны. Палітыкі не маглі пакінуць без увагі такую важную падзею. Прадстаўнікі практычна ўсіх важнейшых палітычных сілаў прадставілі свае камэнтары ў сродках масавай інфармацыі.

Кіруючая партыя «Права й справядлівасьць» прапануе ўвесьці больш жорсткае пакараньне за сэксуальнае выкарыстоўваньне непаўналетніх. Старшыня ПіС заявіў, што яго групоўка ўвядзе адпаведныя папраўкі і дапаўненьні ў Крымінальны кодэкс. Па словах Яраслава Качыньскага, ніхто не пазьбегне пакараньня за самае агіднае злачынства, якім, яго меркаваньнем, зьяўляецца пэдафілія.

Я. Качыньскі: Мы хочам быць па гэтым пытаньні сапраўды жорсткімі, бязьлітаснымі. Нішто не павінна ахоўваць злачынцу – ні высокая пасада ў нейкай арганізацыі, у тым ліку касьцельнай, ні Нобэлеўская прэмія, і нішто іншае не дапаможа пазьбегнуць адказнасьці за такія ўчынкі.

Яраслаў Качыньскі заявіў таксама, што дзякуючы зьменам у заканадаўстве ніводзін з пэдафілаў ня зможа разьлічваць на ўмоўнае пакараньне, што раней здаралася. Згадваючы пра выпадкі сэксуальнага выкарыстаньня непаўналетніх некаторымі ксяндзамі, Яраслаў Качыньскі згадаў таксама пра нападзеньні на каталіцкі касьцёл, асабліва цяпер, у пэрыяд перадвыбарчай кампаніі.

Я. Качыньскі: Злачынствы некаторых, нешматлікіх ксяндзоў, даюць іншым людзям права атакаваць касьцёл, зьневажаць касьцёл, абражаць каталікоў. Не, так не павінна быць. Мы хацелі, каб Ірляндыя была для нас узорам эканамічнага разьвіцьця, але нельга браць прыклад з Ірляндыі, калі гаворка ідзе пра адносіны да касьцёла, яго зьнішчэньне.

Меркаваньнем міністра навукі і вышэйшай адукацыі Яраслава Говіна, варта абмеркаваць прапанову юрыдычнага новаўвядзеньня, каб сэксуальныя злачынствы супраць непаўналетніх не падлягалі тэрміну даўніны. На думку Говіна, можна асуджаць паводзіны кіраўніцтва тых асоб, якія былі паказаныя ў якасьці зламысьнікаў у фільме «Толькі не кажы нікому».

Я. Говін: У фільме паказана, што некаторыя біскупы ведалі пра злачынствы ксяндзоў, але не паведамлялі ў пракуратуру. Нельга аднак забываць, што некаторыя выпадкі пэдафіліі, паказаныя ў стужцы, здарыліся даўно, нават некалькі дзясяткаў гадоў таму, немагчыма ўжо ўзбудзіць крымінальную справу. На маю думку, варта абмеркаваць прапанову Гжэгажа Схэтыны, каб у дачыненьні такіх злачынстваў не было тэрміну даўніны. Гэта злачынства, ёсьць вінаватыя і ахвяры, але няма справядлівасьці і пакараньня. З іншага боку, я хачу зьвярнуцца да ўсіх маіх калег-палітыкаў, з розных партый, каб не выкарыстоўваць гэтую справу ў выбарчай кампаніі, паколькі такім чынам мы толькі пашыраем зло, якое мела месца.

Урад неадкладна заняўся разглядам законапраекту аб павышэньні пакараньня за пэдафільскія злачынствы. Згодна прадстаўленым прапановам зьмен у заканадаўстве, пакараньне за злачынствы на сэксуальнай глебе супраць дзяцей магло б складаць нават 30 гадоў пазбаўленьня волі, без магчымасьці атрыманьня прысуду з адтэрміноўкай. Узрост ахвяры, сэксуальныя зносіны з якой лічыліся б злачынствам, будзе павышаны да 15 гадоў. У сваю чаргу калі вінаваты быў апекуном ахвяры, у такім выпадку мінімальнае пакараньне за пэдафілію складзе 8 гадоў пазбаўленьня волі. У выпадку сьмерці згвалтаванай ахвяры злачынцы будзе пагражаць пажыцьцёвае турэмнае зьняволеньне. Згодна прапанове ўраду, будзе адмененае ўмоўнае вызваленьне ад пакараньня пасьля адбыцьця частковага тэрміну зьняволеньня.

Падчас паседжаньня ўраду, прысьвечанага злачынствам супраць непаўналетніх, прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі прыгадаў, што менавіта Кабінэт міністраў партыі «Права й справядлівасьць» прапанаваў увесьці рэгістар пэдафілаў. Ён таксама адзначыў, што Міністэрства юстыцыі пачало працаваць над праектам абвастрэньня пакараньня за пэдафілію яшчэ некалькі месяцаў таму. Аднак фільм братоў Сэкельскіх «Толькі не кажы нікому» значна паскорыў гэты працэс.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт