Гэта сьвята датычыць каля 20 мільёнаў чалавек. Адзначаюць яго і ў Беларусі.
Паводле апошніх ацэнак на сёньняшні дзень у сьвеце жыве больш за 20 мільёнаў палякаў і асобаў польскага паходжаньня. Гэта польская дыяспара, якая адзначала свой дзень 2 траўня.
Гэтае сьвята адзначаецца дзеля ўмацаваньня пачуцьця нацыянальнага адзінства ўсіх палякаў замежжа, таксама, каб умацоўваць нацыянальную тоеснасьць сярод дыяспары. Дзень дыяспары ды палякаў замежжа быў усталяваны Сэймам Польшчы ў 2002-м годзе, у якасьці падзякі для дыяспары за ўнёсак у адбудову незалежнасьць краіны.
Дзень дыяспары ўрачыста сьвяткуюць палякі ў розных гарадах ва ўсім сьвеце. Так у Рыме з нагоды Дня дыяспары прайшла ўрачыстая імша каля магілы сьвятога Яна Паўла ІІ з удзелам дэлегацыі з Польшчы на чале са старшынём Сэнату Станіславам Карчэўскім. У сьвяточнай праграме была таксама сустрэча польскай дэлегацыі з прадстаўнікамі дыяспары. Палякі, што жывуць у Італіі, казалі, што яны сумуюць па Радзіме ды імкнуцца захаваць сваю польскасьць.
Полька: Гэта змаганьне за традыцыі, за нашую нацыянальную тоеснасьць, за нашу веру, за польскасьць. Для нас важны нашы нацыянальныя каштоўнасьці. Традыцыі – гэта вельмі важна, для нас, хто жыве за межамі краіны. Важна, каб наступныя пакаленьні палякаў ведалі гісторыю ды адзначалі польскія сьвяты.
У Рыме таксама адбыўся ўрачысты канцэрт польскай музыкі для дыяспары. Слухачы казалі пра сваё захапленьне ад пачутага.
Слухачка: Я пад вялікім уражаньнем ад гэтага канцэрта, выдатнае выкананьне, поўныя эмоцый артысты. Такі быў выступ, што мне ажно хацелася плакаць ад моцных уражаньняў.
У Лёндане з нагоды Дня дыяспары адбылося каля 150 мерапрыемстваў: пікнікі, рэгата, спартовыя імпрэзы. Яны ладзіліся з мэтай папулярызацыі польскай культуры ды паглыбленьня сувязяў паміж польскай дыяспарай у Брытаніі ды ангельцамі. Каардынаваньнем сьвяткаваньня занялася Амбасада Польшчы ў Лёндане пры актыўным удзелам польскай грамадзкасьці, зазначыў польскі амбасадар у Лёндане Аркады Жэгоцкі.
Аркады Жэгоцкі: Мы вельмі ўдзячныя за гэта ўсім нашым грамадзянам, за іх удзел, актыўнасьць, што спрыяе большай інтэграцыі мясцовых палякаў, часта запрашаюць далучыцца сваіх брытанскіх суседзяў, адкрываюцца на іх.
У Беларусі таксама прайшлі ўрачыстасьці, але галоўнае сьвяткаваньне заплянавана на 11-га траўня, распавяла старшыня Саюза палякаў Беларусі Анжэліка Борыс.
Анжэліка Борыс: З нагоды Дня польскай дыяспары ды Дня Канстытуцыі Саюз палякаў Беларусі замовіў у Гародні імшу, ды правёў урачыстасьці ў некаторых аддзяленьнях арганізацыі: у Лідзе, Ваўкавыску. У Іншых аддзяленьнях плянаваныя ўрачыстасьці пазьней, а галоўная ўрачыстасьць заплянаваная на 11-га траўня. Гэта будзе сустрэча для дзяцей і моладзі з моўных установаў СПБ з усяе Беларусі, будзе канцэрт ды выстава, прыедуць таксама дэлегацыі нашых структур.
2 траўня ў Польшчы ды за мяжой адзначаецца Дзень дыяспары ды палякаў замежжа. Сьвяточныя ўрачыстасьці адбыліся ў розных гарадах плянэты.
Юры Ліхтаровіч