Logo Polskiego Radia
Print

На Польскім радыё ладзіцца дабрачынны канцэрт у карысьць людзей у коме

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 23.04.2019 15:35
  • канцэрт кома.mp3
Канцэрт называецца "Будзім джазам", ён прысьвечаны творчасьці музыканта Кшыштафа Камэды.
 
www.pixabay.com/CC0

У Польшчы дзейнічае клініка, дзе лечаць дзяцей у коме. У дактароў з дадзенай мэдычнай установы ёсьць ужо назапашаны багаты досьвед, якім чынам неабходна стымуляваць пацыента, каб вывесьці яго з комы. Сёньня ў студыі Польскага радыё ладзяць канцэрт, каб сабраць сродкі для клінікі.

Усё пачалося з трагічнага здарэньня, якое мела месца амаль роўна 19 гадоў таму, калі шасьцігадовая дачка акторкі Эвы Блашчык папярхнулася таблеткай і страціла прытомнасьць. У выніку кіслароднага галаданьня яе мозг перастаў працаваць, дзяўчына з таго часу знаходзіцца ў коме. Маці прыкладала вялізныя намаганьні, каб вывесьці дачку з хваробы, прымяняліся нават экспэрымэнтальныя мэтады, але да гэтага часу дзяўчына не прыйшла ў прытомнасьць. Затое Эва Блашчык за гэтыя 19 гадоў зрабіла вельмі шмат для іншых дзяцей, якія знаходзяцца або знаходзіліся ў коме. Яна заснавала фундацыю «А каго?» (A kogo?), якая займаецца дапамогай такім пацыентам, а таксама ўдалося ёй збудаваць адмысловую клініку «Будзільнік» (Budzik), куды прымаюць малых пацыентаў у стане комы і стараюцца іх вывесьці з гэтага стану. Дактарам з клінікі ўжо ўдалося дабіцца нямала посьпехаў, пацыенты значна часьцей выходзяць з комы, чым у іншых шпіталях, паколькі іх вельмі інтэнсіўна стымулююць рознымі мэтадамі, а гэта самае важнае, каб як мага хутчэй пасьля здарэньня, у выніку якога чалавек трапіў у кому, пачаць стымуляваць яго мазгавую дзейнасьць.

Эве Блашчык не ўдалося вывесьці з комы ўласную дачку, але яна памагла ўжо сотням іншых дзяцей. Цяпер у яе мара, каб збудаваць клініку, у якой можна будзе лячыць дарослых пацыентаў у коме. Яна актыўна зьбірае сродкі на гэтую мэту. І менавіта дзеля збору сродкаў для клінікі «Будзільнік» і клінікі для дарослых у коме сёньня на Польскім радыё ладзіцца дабрачынны канцэрт у 50-ую гадавіну сьмерці вядомага музыканта Кшыштафа Камэды, які сам пад канец жыцьця быў у коме, – нагадвае каардынатарка падзеі Эльжбета Павэлец з Незалежнай асацыяцыі студэнтаў Варшаўскага Ўнівэрсытэту.

Э. Павэлец: Камэда сам цягам некалькіх месяцаў перад сьмерцю быў у коме, і мы вырашылі, што праз музыку джаз мы будзем пашыраць веды пра клініку «Будзільнік» і пра самога Камэду. Мы папрасілі выступіць на канцэрце такіх славутых музыкантаў, як Влодэк Паўлік і яго трыо, Марыся Садоўска, Агнешка Вульчыньска, Пётр Барон ды іншыя. Мы спадзяемся, што нам удасца сабраць як мага больш грошай на дзейнасьць фундацыі.

Усе сабраныя сродкі ад продажу білетаў, а таксама адмысловых «цаглінак», якія змогуць купіць гледачы, пойдуць на рамонт клінікі «Будзільнік» ды на будаўніцтва новага рэабілітацыйнага цэнтра для дарослых асобаў у коме. Пацыентам у коме вельмі патрэбная такая дапамога, – адзначае дырэктар клінікі «Будзільнік» Мацей Піруг.

М. Піруг: Мы прапануем усім жадаючым прыняць удзел у канцэрце, купіць білеты, «цаглінкі», каб грошы можна было прызначыць на гэтую высакародную мэту. Сродкі вельмі важныя, каб можна было рабіць для пацыентаў у коме яшчэ больш, уводзіць новыя тэрапіі. Мы карыстаемся рознымі мэтадамі лячэньня, у тым ліку такімі, якія яшчэ толькі на этапе ўвядзеньня, экспэрымэнту. Мы шукаем розныя магчымасьці лячэньня, якія толькі існуюць на сьвеце, каб спрабаваць увесьці іх таксама ў нас у Польшчы. Так што фінансавыя сродкі на гэта заўсёды патрэбныя.

Дабрачынны канцэрт носіць назоў «Будзім джазам». 23 красавіка спаўняецца роўна 50 гадоў з дня сьмерці славутага польскага кампазытара музыкі джаз і піяніста Кшыштафа Камэды. Як ужо было сказана, пад канец жыцьця ён трапіў у кому ў выніку трагічнага выпадку і прабыў у коме некалькі месяцаў, да сваёй сьмерці. Музыканту, які напісаў музыку ў больш чым 60 польскіх і замежных кінастужак, у хвіліну сьмерці было толькі 38 гадоў. У сваю чаргу 18 красавіка ў Польшчы адзначаўся Дзень пацыента ў коме. Арганізатары дабрачыннага канцэрта вырашылі прыгадаць гэтыя даты і сабраць сродкі на клініку для людзей у коме.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт