Карту паляка змогуць атрымаць ня толькі асобы з польскімі каранямі, якія пражываюць у дзяржавах за ўсходняй мяжой Польшчы, але таксама палякі з кожнай краіны сьвету. Парлямэнт увёў папраўкі ў Закон аб Карце паляка.
Карта паляка – гэта дакумэнт, які пацьвярджае прыналежнасьць да польскай нацыі. Да гэтага часу яе маглі атрымаць людзі польскага паходжаньня, грамадзяне 15 дзяржаў – былых савецкіх рэспублік. Гэта было прапісана ў Законе аб Карце паляка, прынятым у 2007 годзе. Каб атрымаць дакумэнт, неабходна даказаць сваё польскае паходжаньне, напрыклад, мець рэкамэндацыю адной з польскіх арганізацый у краіне пражываньня (у Беларусі гэта Саюз палякаў пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс).
Надоечы польскі Сэйм (ніжэйшая палата парлямэнту) увёў папраўкі ў Закон аб Карце паляка. Яны прадбачваюць пашырэньне дзейнасьці дакумэнту на ўвесь сьвет. Дапоўнены закон увойдзе ў сілу празь месяц пасьля таго, калі яго падпіша прэзыдэнт Анджэй Дуда. Папраўкі былі ўнесеныя кіруючай партыяй «Права й справядлівасьць», але іх падтрымалі таксама дэпутаты іншых груповак. Пра гэта казала дэпутатка ад «ПіС» Анна Шміт-Родзевіч (Anna Katarzyna Schmidt-Rodziewicz).
А. Шміт-Родзевіч: Польшча павінна падтрымліваць суайчыньнікаў, якія жывуць за межамі краіны, клапаціцца, каб яны не забывалі пра свае польскія карані. У чарговы раз мы даказваем, што наш клопат пра палякаў, раскіданых па ўсім сьвеце, мае канкрэтнае вымярэньне. Мы эфэктыўна дзейнічаем на карысьць нашых суайчыньнікаў, прымаем юрыдычныя нормы, каб вырашаць праблемы, з якімі палякі за мяжою змагаліся шмат гадоў. Прапанаваныя зьмены ў Закон аб Карце паляка дазволяць зьяднаць палякаў на ўсім сьвеце. Карта паляка дае карыстальнікам канкрэтныя правы, якімі змогуць карыстацца асобы з польскімі каранямі, якія пражываюць на ўсіх кантынэнтах. У многіх дзяржавах палякі цягам доўгіх гадоў былі пазбаўленыя магчымасьці блізкага кантакту з Айчынай і былі прымушаныя адмовіцца ад сваіх каранёў, прайсьці працэс асыміляцыі. Улады закрывалі польскія школы, выданьні, забаранялі карыстацца моваю, прымушалі адмаўляцца ад польскага грамадзянства. Прапанаваная папраўка пашырэньня дзейнасьці Карты паляка на ўвесь сьвет зьяўляецца прарывам.
Аўтар увядзеньня паправак у закон, міністар у Канцылярыі прэм’ер-міністра Міхал Дворчык адзначыў, што калісьці плянавалася, каб Закон аб Карце паляка дзейнічаў на ўсім сьвеце, але ў 2007 годзе не было згоды міністра фінансаў. Тады яе дзейнасьць была абмежаваная, а цяпер дэпутаты вярнулі пачатковую вэрсію.
М. Дворчык: Вельмі шмат асоб з польскімі каранямі пражывае ў Паўднёвай Амэрыцы, у Бразыліі, Аргентыне. Мы ведаем, што частка гэтых людзей хацела б мець блізкія адносіны з Польшчаю, вярнуцца на Айчыну і хутка атрымаць грамадзянства. Мы верым, што пашырэньне дзейнасьці Карты паляка на ўвесь сьвет дапаможа споўніць гэтыя мары.
Карта паляка не дае магчымасьці аўтаматычна атрымаць грамадзянства, яна пацьвярджае польскія карані, але не грамадзянства. Тым ня менш, яна дазваляе прасьцей атрымаць грамадзянства ў будучыні. Па словах міністра з Канцылярыі прэм’ер-міністра Паўла Шрота, ня кожная асоба з польскімі каранямі можа даказаць сваё польскае паходжаньне, паколькі тады, калі яе продкаў высялялі з Польшчы, краіны проста не было на мапе Эўропы.
П. Шрот: Рэдка здараецца, каб мы тут былі настолькі згодныя. Гэты законапраект вельмі патрэбны, ён палепшыць сытуацыю людзей з польскімі каранямі на ўсім сьвеце, ня толькі ў былых савецкіх рэспубліках. Іх продкі выехалі з польскіх зямель тады, калі фармальна Польшча не існавала, у іх не было польскага грамадзянства. Яны былі этнічнымі палякамі, многія да нашых часоў захоўваюць польскую традыцыю, культуру і мову. Аднак у іх няма доказаў, што іх продкі былі польскімі грамадзянамі, напрыклад, у міжваенны пэрыяд.
Урадавы закон з задавальненьнем успрынялі таксама апазыцыйныя партыі, як Кукіз’15 ці Грамадзянская плятформа. Эльжбеты Стэмпень з «ГП» заявіла, што Карта паляка дазваляе захаваць сувязь з Польшчаю, таму вельмі добра, што яе дзейнасьць пашыраная на ўвесь сьвет.
Э. Стэмпень: Карта паляка пацьвярджае прыналежнасьць да польскага народу. Карыстальнікі дакумэнту маюць дадатковыя правы: могуць працаваць у Польшчы без неабходнасьці атрымліваць дазвол на працу, маюць ільготы на праезд у чыгуначным транспарце ці на квіткі ў музэі.
Карыстальнік Карты паляка вызвалены ад абавязку візавай аплаты пры ўезьдзе ў Польшчу, яму таксама не прыйдзецца плаціць за консульскія паслугі пры разглядзе анкеты аб прысваеньні польскага грамадзянства, Карта паляка дае права вучыцца ў польскіх ВНУ, весьці гаспадарчую дзейнасьць і атрымаць грамадзянства паскоранымі тэмпамі (на працягу году).
нг