Logo Polskiego Radia
Print

Запрашаем на Фэстываль польскіх фільмаў у Менску і Віцебску!

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 11.04.2019 15:35
  • Festiwal Wisła.mp3
Уваход бясплатны. Усе карціны з арыгінальнай гукавой дарожкай і тытрамі на расейскай мове.
photo: www.festiwalwisla.pl/bialorus

У пятніцу ў Беларусі пачынаецца важная падзея для любіцеляў польскай сучаснай кінэматаграфіі. Вечарам у Менску адбудзецца першы паказ фільму ў рамках Другога фэстывалю польскіх кінафільмаў «Вісла». Усіх зацікаўленых арганізатары запрашаюць у сталічны кінатэатар «Цэнтральны». У гэтым годзе фэстываль адбываецца ў двух гарадах, а восеньню, магчыма, ён завітае таксама ў Горадню, – распавядае дырэктар фэстывалю Малгажата Шлягоўска-Скульска (Małgorzata Szlagowska-Skulska).

М. Шлягоўска-Скульска: У мінулым годзе наш фэстываль быў экспэрымэнтам, я да канца ня ведала, ці сэансы будуць карыстацца зацікаўленьнем. Аказалася, што цікаўнасьць да паказаў была вялізнай, залі былі запоўненыя па берагі, ня ўсім гледачам хапала месцаў. Я вельмі цешуся, што мы другі раз можам прадставіць жыхарам Беларусі сучасныя польскія кінастужкі. Вясной фэстываль адбываецца ў Менску і Віцебску, а восеньню мы плянуем паказы ў Горадні. З 12 да 16 красавіка запрашаем у менскі кінатэатар «Цэнтральны», а 13-14 красавіка адбудуцца паказы ў кінатэатры «Мір» у Віцебску.

З якімі польскімі кінастужкамі змогуць пазнаёміцца гледачы ў Беларусі? Трэба сказаць, што гэта ня толькі фільмы апошняга году-двух, але таксама старэйшыя карціны, напрыклад, фільм "Богі" быў зьняты ў 2014 годзе.

М. Шлягоўска-Скульска: Мы пастараліся, каб гэта былі фільмы, зьнятыя на працягу апошніх гадоў, якія заваёўвалі шмат прызоў на розных кінафэстывалях, як польскіх, так і замежных. Варта распавесьці пра фільм "Богі" (Bogowie). Ён расказвае пра геніяльнага польскага кардыяхірурга Зьбігнева Рэлігу, які першым зрабіў перасадку сэрца. У сваю чаргу з навейшых фільмаў будзе ў нас кінастужка "Дачка трэнэра" (Córka trenera). Фільм зьняты ў мінулым годзе, у ім паказаныя адносіны паміж трэнэрам і маладой спартсмэнкай, імкненьне да славы і барацьба за незалежнасьць асобы. Галоўная гераіня фільму Караліна Брухніцка прыедзе ў Менск і Віцебск на паказы, каб сустрэцца з гледачамі, можна будзе задаць ёй пытаньні перад сэансам ды пасьля яго.

Агулам у фэстывалі прымае ўдзел восем кінастужак. Гэта як фільмы, якія паказваюць грамадзкія праблемы ці адносіны паміж людзьмі, як у згаданых «Багах» або "Дачцэ трэнэра", так і карціны, у якіх важны гістарычны фон, напрыклад, "Халодная вайна".

М. Шлягоўска-Скульска: Гэта фантастычны фільм, які быў польскім кандыдатам на кінапрэмію Оскар. Ён таксама расказвае пра жыцьцё звычайных людзей – бацькоў рэжысёра Паўла Паўлікоўскага, паказвае цудоўную гісторыю нялёгкага каханьня. Падзеі адбываюцца ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя, фільм чорна-белы. Ён пакарыў сэрцы людзей на ўсім сьвеце, атрымаў вельмі шмат узнагарод. На маю думку, фільм пра каханьне ўнівэрсальны, усюды гледачам цікава будзе яго ўбачыць. У сваю чаргу больш экспэрымэнтальны, крыху нетыповы фільм Паўла Масьлёна «Атака панікі», тут нечаканыя павароты акцыі, шмат розных здарэньняў, жыцьцё некаторых пэрсанажаў карціны рэзка й нечакана мяняецца. Гэты фільм я раю паглядзець маладым гледачам. У сваю чаргу, на маю думку, усім прыйдзецца па смаку стужка Юліўша Махульскага "Вольт" (Volta). Гэта чорная камэдыя, фільм-дэтэктыў.

Фэстываль праходзіць ужо другі раз. Скажаце, калі ласка, якая публіка прыходзіць на паказы? Ці гэта пераважна беларускія палякі, ці таксама беларусы, якія цікавяцца польскай культурай. Дарэчы, цяпер назіраецца вялікі рост зацікаўленьня польскай мовай і культурай у Беларусі.

М. Шлягоўска-Скульска: Мы прапануем прыйсьці на паказы ўсім, каго цікавіць польская культура і польская кінэматаграфія. На маю думку, кінафільм зьяўляецца люстэркам душы грамадзтва. З кіно можна шмат даведацца пра канкрэтнае грамадзтва. Зацікаўленьне нашым фэстывалем вельмі вялікае, прыходзяць, канешне, і беларускія палякі, і беларусы. Я вельмі шчасьлівая, што шмат людзей зможа пабачыць польскія карціны, даведацца, што адбываецца ў Польшчы. Трэба адзначыць, што польская кінэматаграфія цягам апошніх дзесяці гадоў разьвіваецца вельмі імкліва, нашы фільмы перамагаюць на шматлікіх міжнародных кінафэстывалях. Так што запрашаю прыйсьці на фэстывалях усіх тых, хто хацеў бы даведацца, што цяпер здымаюць у Польшчы, пазнаёміцца з карцінамі як прызнаных, так і маладых польскіх рэжысёраў.

Другі фэстываль польскіх фільмаў «Вісла» зладжаны Пасольствам Рэспублікі Польшча ў Беларусі. Ён пачынаецца ў пятніцу ў сталічным кінатэатры «Цэнтральны». Уваход вольны, за гадзіну да сэанса можна атрымаць квіток у касе. Усе карціны з арыгінальнай гукавой дарожкай і тытрамі на расейскай мове.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт