Logo Polskiego Radia
Print

Палякі памятаюць пра ахвяр Катынскага злачынства і Смаленскай авіякатастрофы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 10.04.2019 14:50
  • Смаленск-гадавіна.mp3
У розных гарадах Польшчы і за яе межамі праходзяць урачыстасьці ўшанаваньня памяці ахвяр.
Брат прэзыдэнта Леха Качыньскага Яраслаў Качыньскі ставіць сьвечку на магіле ахвяр Смаленскай катастрофыБрат прэзыдэнта Леха Качыньскага Яраслаў Качыньскі ставіць сьвечку на магіле ахвяр Смаленскай катастрофыPAP/Leszek Szymański

Праз 9 гадоў пасьля крушэньня ўрадавага самалёту, які 10 красавіка 2010 году з польскай дэлегацыяй на борце адпраўляўся ў Катынь, да гэтага часу цяжка сказаць без сумневаў, якія былі прычыны катастрофы. Таму сёньня некаторыя ў Польшчы мяркуюць, што неабходна канцэнтраваць сваю ўвагу перш за ўсё на памяці пра ахвяр трагедыі.

У розных гарадах Польшчы, а таксама за яе межамі ў сераду праходзяць урачыстасьці ўшанаваньня памяці 96 чалавек, у тым ліку прэзыдэнта Леха Качыньскага, якія загінулі пад Смаленскам. Прэзыдэнцкая пара пахаваная ў Кракаве, у каралеўскай рэзыдэнцыі Вавэль. Прэзыдэнт Анджэй Дуда ўшанаваў памяць Марыі і Леха Качыньскіх у Кракаве разам з Мартай Качыньскай, дачкой трагічна памерлай прэзыдэнцкай пары. Яны ўдзельнічалі ў богаслужэньні і маліліся каля саркафагу, усклаўшы да яго кветкі.

Анджэй Дуда казаў, што 10 красавіка – гэта дзень памяці пра ахвяр, і гэтую памяць неабходна берагчы.

А. Дуда: Гэта для нас вельмі важна, памяць пра тых, хто загінуў, выконваючы свае дзяржаўныя абавязкі. Для іх гэта быў абавязак памятаць пра іншых ахвяр, яны ж паехалі ўшанаваць памяць польскіх афіцэраў, забітых у Катыні ў 1940 годзе. Я цешуся, што мы тут сёньня разам, можам ушанаваць іх памяць, бо нам іх вельмі не хапае. Як штогод, мы аддаём пашану спадару прэзыдэнту Леху Качыньскаму, яго жонцы Марыі Качыньскай, а таксама ўсім тым, хто тады нас пакінуў, зусім нечакана. Калі б яны жылі, магчыма, у Польшчы было б цяпер інакш, было б лепш, калі б былі ў жывых тыя людзі, якія тады паехалі ў Катынь і загінулі, тыя, хто верна служыў Рэчы Паспалітай.

Урачыстасьці з нагоды гадавіны трагедыі, шэсьці памяці адбыліся ў розных гарадах Польшчы, а таксама за яе межамі. У Варшаве каля Прэзыдэнцкага палацу прайшла пераклічка загінуўшых, усіх 96 ахвяр крушэньня самалёту, сумесная малітва і ўскладаньне кветак. У богаслужэньні, якое прайшло перад гэтым, удзельнічалі блізкія ахвяр і прадстаўнікі дзяржаўных уладаў. Ксёндз Зьдзіслаў Такарчык прамовіў малітву за ўсіх тых, хто загінуў 9 гадоў таму.

Кс. З. Такарчык: Мы хочам іх перадаць міласэрнаму Богу. Мы глыбока верым, што ён побач з імі, што яны побач з ім, што яны радуюцца, будучы блізка каля яго. Мы просім, Міласэрны Ісус, дай ім дар вечнага жыцьця.

Памятныя ўрачыстасьці ў 9-ую гадавіну Смаленскай авіякатастрофы і 79-ыя ўгодкі Катынскай трагедыі адбываюцца ў Смаленску і Катыні. Дэлегацыі з Польшчы ўсклалі кветкі на месцы крушэньня самалёту і адправіліся ў Катынь. Перадае карэспандэнт Польскага радыё Мацей Ястшэмбскі.

М. Ястшэмбскі: На польскіх могілках у Катыні прайшла імша за палякаў, забітых у розных кропках Савецкага Саюзу. Удзельнікі падзеі перш за ўсё казалі пра польскіх афіцэраў-ахвярах НКВД. 4400 забітых у 1940 годзе афіцэраў спачывае ў катынскай зямлі. Згадвалі таксама 96 ахвяр крушэньня польскага ўрадавага самалёту ў 2010 годзе. Пра гэтыя дзьве трагедыі казаў на катынскіх могілках пасол Рэчы Паспалітай Польшчы ў Расеі Ўладзімеж Марціняк. У Катыні маліліся таксама польскія дыпляматы, расейскія палякі і група паломнікаў, якія прыбылі з Польшчы.

Таксама беларускія палякі не забываюць пра трагічна загінуўшых прадстаўніках урадавай дэлегацыі, якія загінулі 9 гадоў таму пад Смаленскам, а таксама пра палякаў, забітых 79 гадоў таму ў Катыні. Па словах Анжэлікі Борыс, старшыні непрызнанага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў у Беларусі, СПБ заказаў сьвятую імшу ў касьцёле.

А. Борыс: Саюз палякаў заказаў імшу ў пабэрнардынскім касьцёле ў памяць усіх ахвяр, як забітых у Катыні, так і загінуўшых у выніку крушэньня ўрадавага самалёту.

Богаслужэньне за ахвяр авіякатастрофы прайшло і ў Берасьці. Не забываюць пра ахвяр гістарычных трагедый таксама ў іншых дзяржавах. Урачыстае богаслужэньне было адпраўлена між іншым у храме сталіцы Нямеччыны, у Бэрліне. Шануюць памяць прэзыдэнта Леха Качыньскага і ў Вільні. Будучы на сваёй пасадзе, тагачасны прэзыдэнт Польшчы наведаў Летуву з рабочым візытам 16 разоў.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт