Logo Polskiego Radia
Print

Страйк, пратэст... Розныя грамадзкія групы высоўваюць свае патрабаваньні

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 09.04.2019 09:10
  • сацыяльна-грамадзкая.mp3
У сераду ў Варшаве маніфэставалі сяляне, у панядзелак пратэставалі таксісты і забаставалі настаўнікі.
PAP/Adam Warżawa

Жыхарам Варшавы ды іншых польскіх гарадоў нялёгка арганізоўваць сваё жыцьцё апошнім часам. У выбарчы год некаторыя сацыяльныя слаі польскага грамадзтва вырашылі пазмагацца за свае правы. Адпаведна, пратэсты, якія нярэдка адбываюцца на вуліцах гарадоў, перш за ўсё сталіцы, перашкаджаюць у нармальным функцыянаваньні грамадзтва.

З вясной прыйшлі ў Польшчу пратэсты. Шматлікія сацыяльныя праекты дзяржаўных уладаў абвастрылі апэтыт розных сацыяльных груп. Нагадаем, у гэтым годзе ў Польшчы пройдуць выбары дэпутатаў Эўрапейскага парлямэнту і галасаваньне за кандыдатаў у польскі парлямэнт. Перад такімі важнымі выбарамі заўсёды ўлады стараюцца анансаваць грамадзтву новыя прывабныя прапановы. Не інакш і ў Польшчы, дзе нядаўна была прадстаўленая гэтак званая «пяцёрка Качыньскага», гэта значыць, пяць сацыяльных прапаноў кіруючай партыі «Права й справядлівасьць», якой кіруе Яраслаў Качыньскі. Прапановы накіраваныя між іншым да пэнсіянэраў, якія атрымаюць аднаразовую грашовую дапамогу і сем’яў, якія атрымаюць дапамогу ў пяцьсот злотых кожны месяц на першае або адзінае дзіця (раней выплаты ажыцьцяўляліся толькі на другое і наступнае дзіця).

У мінулую сераду ў Варшаве пратэставалі сяляне. Маніфэстацыя была зладжаная арганізацыяй AgroUnia. У гадзіну пік многія жыхары сталіцы не маглі без перашкод даехаць на працу.

Агнешка Ясік: Яшчэ перад восьмай гадзінай раніцы сяляне сабраліся на плошчы Завішы, блякавалі дарожны рух, цягам першай гадзіны пратэсту былі ўключаны сырэны. Маніфэстанты мяркуюць, што польская сельская гаспадарка знаходзіцца ў дрэннай форме, а вытворчасьць у некаторых галінах нерэнтабэльная. Яны патрабуюць між іншым пазначаць прадукты харчаваньня ў Польшчы сьцяжком або іншым графічным знакам, абмежаваць імпарт тавараў з-за мяжы. У сваю чаргу Міністэрства сельскай гаспадаркі заяўляе, што пратэставаць можа кожны, але на вуліцы не ўдасца знайсьці вырашэньне праблем, яго трэба шукаць за сталом перамоваў. А пакуль што ў Варшаве многія трамваі ды аўтобусы курсіруюць у аб’езд.

Гэтак карэспандэнтка Польскага радыё апісвала пратэсты сялянаў у мінулую сераду.

У сваю чаргу 8 красавіка, у панядзелак, былі іншыя пратэсты. На вуліцы сталіцы выйшлі, а хутчэй выехалі, каб выразіць сваё абурэньне, супрацоўнікі карпарацый таксістаў. Яны перш за ўсё патрабуюць абмежаваць магчымасьць легальнай дзейнасьці асобам, якія не зьяўляюцца таксістамі, але займаюцца перавозам пасажыраў. Гаворка ідзе пра магчымасьць заказваць машыну (не таксі) праз мабільнае прыкладаньне. Паводле заканадаўчых плянаў ураду, такія асобы змогуць у Польшчы працаваць легальна, хаця іх дзейнасьць будзе абмежаваная. У сваю чаргу таксісты мяркуюць, што гэта значная лібэралізацыя рынку.

Па словах міністра інфраструктуры Анджэя Адамчыка, урад ліквідуе ценявую зону ў галіне пасажыраперавозак. На ягоную думку, прыняты ўрадам законапраект аб дарожным транспарце зьяўляецца добрым кампрамісам. Праект датычыць фірмаў, якія дзейнічаюць пры дапамозе мабільных прыкладаньняў.

А. Адамчык: Калі законапраект пачне дзейнічаць, то ўладальнік такога прыкладаньня зможа заказваць пасажыраперавозкі толькі ў тых кампаніях, якія адказваюць элемэнтарным правілам, такім, якім адказваюць сёньня таксісты. Гэта значыць, маюць ліцэнзію таксіста, пасьведчаньне аб тым, што такая асоба не парушала законаў. Тут гаворка ідзе пра бясьпеку нас усіх.

«Нас не задавальняе тое, што ўрад падтрымлівае нелегальныя фірмы», – адзначае Артур Враноўскі з Варшаўскага Зьвязу таксістаў. За некалькі дзён да пратэсту ён казаў, што падтрымаць варшаўскіх таксістаў намераныя прыехаць таксісты з іншых гарадоў Польшчы.

А. Враноўскі: Прыстойнасьць – гэта прыстойнасьць. І гэтага мы патрабуем. Мы паедзем да працоўнага месца спадара прэм’ер-міністра, спадара прэзыдэнта, а таксама да пасольства ЗША, якое вельмі актыўна падтрымлівае сваіх нелегальных перавозчыкаў. Мы разьлічваем, што нас падтрымае шмат калегаў, у тым ліку з іншых гарадоў. Я магу толькі сказаць, што мы браніруем нумары ў гатэлях для калег.

Таксісты заявілі, што іх пратэсты будуць адбывацца да пераможнага канца.

Таксама рашуча настроеныя настаўнікі, якія пачалі ў панядзелак усяпольскі страйк. Забастоўка ахапіла каля паловы ўсіх школаў, а таксама ясьлі ды дзіцячыя садкі. Як мы ўжо паведамлялі ў нашых перадачах, галоўным патрабаваньнем пэдагогаў зьяўляецца павышэньне заработнай платы. Бацькі да апошняй хвіліны спадзяваліся, што бакам удасца дайсьці да паразуменьня, але ў панядзелак раніцай многія дырэктары адукацыйных пляцовак былі прымушаныя адмяніць заняткі па прычыне забастоўкі. Напрыклад, дырэктарка школы маіх малодшых дзяцей напісала ў мэйле да бацькоў ляканічна, што яна адмяняе адукацыйныя заняткі на пэрыяд з 8 да 9 красавіка. Пра далейшыя крокі школы паведаміць у асобным лісьце. Некаторыя бацькі забралі дзяцей з сабой на працу, іншыя пакінулі адных дома, у бацькоў ёсьць таксама магчымасьць узяць свабодны дзень на апеку над дзіцём.

ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт