Узамен Брусэль запрапанаваў Лёндану два іншыя сцэнары.
Вялікабрытанія ня выйдзе з Эўрапейскага Зьвязу 29 сакавіка. Першапачаткова менавіта гэтую дату абраў брытанскі ўрад пасьля таго, як большасьць брытанцаў прагаласавала на рэфэрэндуме за выйсьцем з Эўрапейскай супольнасьці. Аднак пасьля таго, як брытанскі парлямэнт прагаласаваў супраць дамовы аб выхадзе з ЭЗ і супраць выхаду без дамовы, афіцыйны Лёндан папрасіў у Брусэля перасунуць выхад на 30 чэрвеня.
Учора пасьля 7 гадзін перамоваў 27 лідараў краін-чальцоў Эўрапейскага Зьвязу адхілілі гэтую просьбу. Узамен Эўразьвяз пагадзіўся перанесьці дату выхаду на 22 траўня, калі брытанскі парлямэнт ратыфікуе дамову аб выхадзе. У адваротны выпадку, брытанскі ўрад будзе мець час да 12 красавіка, каб абраць іншы шлях. Калі ня будзе новай прапановы 12 красавіка Вялікабрытанія выйдзе з Эўразьвязу без папярэдніх дамоўленасьцяў.
Дадзенае рашэньне лідараў Эўразьвязу – гэта крок насустрач чаканьням брытанскіх уладаў, заявіў старшыня Эўрапейскай Рады Дональд Туск.
Дональд Туск: Зноў мы прадэманстравалі вельмі моцную цярплівасьць ды зразуменьне, і гатоўнасьць да супрацоўніцтва. Нават калі гэта каштавала нам шмат нэрваў, нават коштам таго, што не заўсёды гэта зразумела для людзей. Мы гатовыя шукаць разам з брытанцамі пазытыўнага разьвязаньня. Гэта добры знак. Хаця пакуль цяжка быць поўным аптымістам, што да канчатковага вырашэньня дадзенага пытаньня.
У сваю чаргу брытанская прэм’ер-міністар Тэрэса Мэй выступіла з заклікам да дэпутатаў парлямэнту Вялікабрытаніі падтрымаць дамову аб выхадзе з ЭЗ. Гэта павінна завершыць пэрыяд хаосу ды гарантуе арганізаваны выхад Вялікабрытаніі з Эўразьвязу.
Тэрэса Мэй: Або мы выйдзем з ЭЗ без пагадненьня, або прадставім альтэрнатыўны плян. Калі ён будзе азначаць далейшае адкладаньне brexit-у, нам давядзецца ўзяць удзел у выбарах у Эўрапейскі парлямэнт. На маю думку, памылкай будзе прасіць грамадзян ісьці на гэтыя выбары, пасьля таго як яны прагаласавалі за выхад з ЭЗ тры гады таму.
Трэба ісьці наперад, грамадзяне ды фірмы Эўропы павінны ведаць, які выбар брытанскага парлямэнту. З такімі словамі да брытанскіх дэпутатаў зьвярнуўся бэльгійскі прэм’ер Шарль Мішэль. Яшчэ больш востра камэнтавалі зацягваньне Brexit-у ў Францыі. Прэзыдэнт гэтай краіны заклікаў брытанцаў зрабіць як мага хутчэй рацыянальны выбар на карысьць эканамічных сувязяў ды бясьпекі.
У сваю чаргу ў краінах Цэнтральнай Эўропы пануе больш лагодны падыход да Brexit-у. Лідары Чэхіі ды Польшчы выступалі за перанос даты выхаду Вялікабрытаніі з ЭЗ і за тое, каб гэты працэс меў арганізаваны характар. У Эўразьвязе няма ціску на тое, каб быў «цьвёрды» Brexit, заявіў чэскі міністар па эўрапейскіх справах Алеш Хмэляж.
Алеш Хмэляж: З абодвух бакоў пануе згода што да пазьбяганьня выхаду без дамовы. Прэм’ер Мэй мае зразумелы палітычны мандат для парлямэнта. Мы разьлічваем, што яна зробіць усё магчымае, каб стрымаць слова, што ня будзе «цьвёрдага» brexit-у. Эўразьвяз і Вялікабрытанія пагаджаюцца, што трэба пазьбегнуць такой сытуацыі.
Рашэньне ЭЗ пра перанос даты выхаду дазволіць брытанскаму ўраду выйсьці з патавай сытуацыі. Так пракамэнтаваў прынятае ўначы рашэньне польскі прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі.
Матэвуш Маравецкі: Я заўсёды імкнуся знайсьці кампраміс. У сытуацыі, у якой апынулася Вялікабрытанія, лёгка даюцца ўзаемныя абвінавачаньні. Насамрэч нам ідзецца пра тое, каб не адбыўся выхад без аніякіх дамоўленасьцяў. Мы ўсе хацелі б, каб дамова аб выхадзе Вялікабрытаніі з ЭЗ дапамагла спыніць крызіс. Дзякуючы гэтай дамоўленасьці ўсе будуць мець спакойны пераход пра Чырвонае мора Brexit-у.
Эўрапейскія лідары дамовіліся пра тое перанос даты выхаду Вялікабрытаніі з ЭЗ. Да 12 красавіка брытанскі ўрад мае час, каб ратыфікаваць дамову аб выхадзе. У Эўропе спадзяюся, што не будзе «цьвёрдага» Brexit-у, то бок выхаду Вялікабрытаніі без аніякіх дамоўленасьцяў.
Юры Ліхтаровіч