Logo Polskiego Radia
Print

Польскія афтальмолягі нагадваюць пра прафіляктычныя абсьледаваньні

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 12.03.2019 15:00
  • глаўкома.mp3
Каля аднаго мільёна чалавек пакутуе ад глаўкомы, але палова хворых ня ведае дыягназу, таму ня лечыцца.
www.pixabay.com/CC0 Creative Commons

Паводле падлікаў спэцыялістаў, у Польшчы каля аднаго мільёна чалавек хварэе на глаўкому. Гэта хвароба, якая можа ў канчатковым выніку прывесьці да поўнай сьлепаты. Важнай грамадзкай праблемай зьяўляецца тое, што палова хворых ня ведае пра сваё захворваньне, і, адпаведна, ня лечыцца.

Глаўкома – гэта не адна хвароба, а цэлая група захворваньняў, якія суправаджаюцца павышэньнем ціску ўнутры вока. Глаўкома зьяўляецца другой з самых частых прычын страты зроку (першая – катаракта). У Польшчы каля аднаго мільёна чалавек пакутуе ад гэтай хваробы, аднак прыкладна палова хворых ня ведае дыягназу, і таму ня лечыцца. Нягледзячы на тое, што яшчэ ня знойдзена радыкальнае лячэньне глаўкомы (каб яе вылечыць раз на заўсёды), то пры дапамозе вочных кропляў магчыма затрымаць разьвіцьцё хваробы, хаця неабходна ўжываць лячэньне працяглы час, нават да канца жыцьця.

З 10 па 16 сакавіка ў Польшчы адзначаецца Сусьветны тыдзень глаўкомы. З гэтае нагоды адбываецца мерапрыемства пад назваю «Польскія акулісты контра глаўкома». У рамках акцыі можна бясплатна прайсьці абсьледаваньне ў шматлікіх паліклініках.

«Глаўкома – гэта хранічная і падступная хвароба, якая разьвіваецца паступова, спачатку не дае сымптомаў, але пры гэтым паступова зьнішчае зрокавы нэрв, прыводзячы да яго атрафіі і страты зроку», – тлумачыць Юстына Мазур-Самэля з Цэнтра хірургіі вока ў Жэшаве.

Ю. Мазур-Самэля: Высокі ціск унутры вока выклікае разьвіцьцё глаўкомы. Трэба сказаць, што ёсьць некаторыя выключэньні. У невялікай групы пацыентаў з нарматыўным вочным ціскам назіраецца пашкоджаньне зрокавага нэрву. Здараецца, што сама канструкцыя вока спрыяе павышэньню ціску ўнутры вока і разьвіцьцю глаўкомы.

Дактары зьвяртаюць увагу на тое, што глаўкома – выключна падступная хвароба, паколькі доўгі час яна не дае выразных сымптомаў, нічога не баліць, а зьмены ў воку ўжо могуць быць незваротныя. Таму ў рамках акцыі «Польскія акулісты контра глаўкома» можна прыйсьці на абсьледаваньне ў больш чым 70 афтальмалягічных клініках у 43 гарадах на тэрыторыі ўсёй Польшчы. Распавядае новаабраны старшыня Польскага афтальмалягічнага таварыства прафэсар Яцэк Шафлік.

Я. Шафлік: У такім звычайным абсьледаваньні мы выконваем простую дыягностыку – правяраем дно вока, ціск унутры органа і таўшчыню рагавіцы. Калі вынікі гэтых абсьледаваньняў нам здаюцца падазронымі, нейкія парамэтры выходзяць паза нормы, калі паводле нашай ацэнкі пацыент можа пакутаваць ад глаўкомы, мы кіруем яго на больш дакладнае дыягназаваньне.

Лукаш Словік даведаўся, што хварэе на глаўкому, калі быў яшчэ вельмі маладым чалавекам, падлеткам. Па ягоных словах, ён доўгі час ігнараваў рэкамэндацыі дактароў, не закапваў у вочы прапісаных кропляў. У выніку яго зрок значна пагоршыўся.

Л. Словік: Закапваць кроплі ў вочы да гэтага часу для мяне вельмі некамфортна. Я не люблю гэтага рабіць, нават ненавіджу. Але яшчэ больш мне не падабаецца, калі я амаль нічога ня бачу. Я не магу ўжо разьвіваць некаторыя свае хобі, не магу выконваць некаторыя прафэсіі, якія я ў іншай сытуацыі мог бы выконваць і хацеў бы выконваць, паколькі яны зьвязаныя з тым, што мяне цікавіць.

Якія фактары могуць павышаць рызыку разьвіцьця глаўкомы? Гэта ўзрост (больш за 40 гадоў), спадчыннасьць – захворваньне сярод блізкіх сваякоў, парушэньні кровазвароту (як гіпэртанія, так і празьмерна нізкі крывяносны ціск), галаўныя болі. Цікава тое, што здараецца глаўкома толькі ў адным воку. Тады бывае, што хворы нават не заўважае разьвіцьця захворваньня, паколькі другое вока поўнасьцю пераймае працу амаль сьляпога або сьлепнучага органу.

Афтальмолягі нагадваюць: раз у год неабходна прайсьці прафіляктычнае абсьледаваньне органаў зроку, падчас якога лекар павінен зьмерыць ціск унутры вока. Раньняе дыягназаваньне глаўкомы і лячэньне значна зьмяншае рызыка сьлепаты. Гэта пацьвярджаюць статыстычныя дадзеныя: у краінах Афрыкі прыкладна палова хворых на глаўкому страчвае зрок, у сваю чаргу ў дзяржавах Эўрапейскага Зьвязу – толькі каля 15%.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт