У сакавіку 1999 году споўніліся мары пакаленьняў палякаў. Іх краіна стала сябрам Паўночнаатлянтычнага пакту. У Польшчы пачалося ўрачыстае адзначэньне дваццацігодзьдзя гэтай знамянальнай даты.
Ня будзе перабольшаньнем сказаць, што сапраўды цэлыя пакаленьні палякаў марылі аб тым, каб іх дзяржава ўваходзіла ў структуру такога магутнага вайсковага блёку, як NATO. Аднак доўгія дзесяцігодзьдзі цяжка было пра гэта нават марыць. NATO было створана неўзабаве пасьля Другой сусьветнай вайны, але ў тыя часы Польшча знаходзілася пад уплывам Савецкага Саюзу, яна была чальцом Варшаўскага дагавору, варожай у адносінах да NATO структуры. Калі Варшаўскі дагавор распаўся, палякі распачалі дыпляматычныя захады ў напрамку ўступленьня ў Паўночнаатлянтычны зьвяз.
У панядзелак у Польшчы пачалося сьвяткаваньня гадавіны ўступленьня ў NATO. Заплянаваныя шматлікія ўрачыстасьці з удзелам высокапастаўленых палітыкаў дзяржавы. Прэзыдэнт ды міністар нацыянальнай абароны адправіліся сёньня ў мясцовасьць Жагань на паўднёвым захадзе Польшчы, дзе разьмешчаная вайсковая база. Там знаходзіцца 11-ая Дывізія танкавых войскаў і Амэрыканская танкавая брыгада Баявой групы. З жаўнерамі сустрэліся прэзыдэнт Анджэй Дуда і міністар Марыюш Блашчак. Падрабязнасьці перадае карэспандэнтка ПР Агнешка Дранжкевіч.
А. Дранжкевіч: Візыт у Жагань, сустрэча з жаўнерамі гэтак званай Чорнай дывізіі і Амэрыканскай брыгады – гэта пачатак цэлага цыклу ўрачыстасьцяў з нагоды 20-годзьдзя ўступленьня Польшчы ў NATO. На працягу гэтага тыдня як прэзыдэнт, так і кіраўнік мінабароны будуць наведваць месцы, якія маюць стратэгічнае значэньне для нацыянальнай абароны дзяржавы. У сераду двое палітыкаў наведаюць Ожыш, дзе разьмяшчаецца натаўская Баявая група, якая была створаная, каб узмоцніць усходні флянг Паўночнаатлянтычнага пакту. Заплянаванае таксама наведваньне Шчэціна, натаўскага Корпуса Поўнач-Усход, а таксама ўрачыстая сустрэча каманднага саставу Ўзброеных сілаў і кіраўніцтва Міністэрства нацыянальнай абароны. У рамках адзначэньня гадавіны адбудуцца таксама ваенныя фэсты ў дваццаці гарадах Польшчы.
Адзначэньне 20-годзьдзя сяброўства Польшчы ў NATO заплянаванае зь вялікім размахам, каб іншыя чальцы пакту, саюзьнікі Польшчы маглі пачуць – мы разам, мы можам процістаяць кожнай вонкавай пагрозе. Пра гэта казаў міністар абароны Марыюш Блашчак:
М. Блашчак: Разам мы ў стане супрацьставіцца кожнаму вонкаваму нападзеньню, агрэсіі трэціх дзяржаў. Мы салідарныя, верныя адзін аднаму. Мы ствараем хаўрус, які зьяўляецца гарантам нашай бясьпекі.
Многім беларусам NATO усё яшчэ атаясамліваецца з варожым блёкам. Асабліва старэйшае пакаленьне памятае савецкую прапаганду, якая пpадстаўляла пакт у якасьці агрэсіўнага вайсковага блёку, ды і цяперашняя расейская прапаганда не шкадуе адмоўных эпітэтаў. Зусім інакш NATO успрымаюць палякі. Гэта абумоўлена галоўным чынам гістарычнымі падзеямі. У часы Другой сусьветнай вайны Польшча не атрымала дапамогі, на якую разьлічвала, ад заходніх саюзьнікаў – Вялікабрытаніі ды Францыі, самая вялікая падтрымка паступала са Злучаных Штатаў Амэрыкі. Таксама пасьля вайны эўрапейскія дзяржавы аддалі Польшчу пад пратэктарат Савецкаму Саюзу. Пад канец 80-ых гадоў стала зразумела, што СССР засталося нямнога гадоў жыцьця, і тады ў Польшчы зьявіўся шанец стаць сябрам магутнага абарончага хаўрусу, які яна сквапна выкарыстала.
Падрыхтоўка да ўступленьня ў NATO была зьвязаная зь вялізнай перабудовай у структурах польскай арміі. Неабходна было прызначыць агромністыя сродкі на мадэрнізацыю войска, закупіць перш за ўсё ўзбраеньне, якое было б сумяшчальным з тэхнікай краін-сябраў NATO. Акрамя таго, падрыхтаваць зусім новую сыстэму сувязі, якая ў Варшаўскім дагаворы была адрозная ад той, якой карысталіся чальцы Паўночнаатлятычнага пакту, увесьці зусім іншую структуру камандаваньня, перадаць камандаваньне над арміяй цывільнаму міністру. Усё гэта ўдалося правесьці ў адносна кароткія тэрміны, і ў лютым 1994 году Польшча падпісала дакумэнт «Партнэрства дзеля міру». Гэта яшчэ не было сяброўства ў NATO, а плян блізкага супрацоўніцтва з пактам. Дзякуючы яму пачаліся сумесныя вайсковыя манэўры, удзел Польшчы ў міратворчых апэрацыях, між іншым у Босьніі. У ліпені 1997 году Польшча прыступіла да перамоваў наконт уваходу ў NATO. Калі яны завяршыліся, міжнароднае пагадненьне аб далучэньні Польшчы ратыфікавалі парлямэнты 16 дзяржаў-чальцоў, а пазьней польскі Сэйм. У сакавіку 1999 году Польшча стала паўнапраўным сябрам Паўночнаатлянтычнага пакту. Тагачасны міністар замежных спраў прафэсар Браніслаў Герэмэк перадаў акт уступленьня Польшчы амэрыканскаму дзяржсакратару Мадлен Олбрайт.
нг