Польшча, Беларусь і Летува хочуць разам ладзіць чэмпіянат па гандболе
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
20.02.2019 15:15
Прадстаўнікі трох дзяржаў падпісалі ў беларускай сталіцы пратакол аб намерах.
www.pixabay.com/JeppeSmedNielsen/CC0 Creative Commons
Беларусь, Польшча і Летува хацелі б сумесна правесьці мужчынскі чэмпіянат Эўропы па гандболе ў 2026 годзе. Адпаведнае пагадненьне было падпісана надоечы ў Менску.
Прадстаўнікі Польшчы, Беларусі ды Летувы падпісалі ў беларускай сталіцы гэтак званы пратакол аб намерах. Калі сумесная заява пераможа, то турнір пройдзе між іншым у Менску ды Берасьці зь беларускага боку. Ліст аб намерах ужо перададзены ў Эўрапейскую фэдэрацыю гандболу. Цяпер краіны, якія хацелі б правесьці чэмпіянат, чакаюць адказу.
У Менску сустрэліся старшыня Беларускай фэдэрацыі гандболу Ўладзімер Канаплёў, яго намесьнікі, а таксама калегі з суседніх краін – прэзыдэнты польскай і летувіскай фэдэрацыі – Анджэй Красьніцкі і Данатос Пасвенскас.
Цяпер аматары гандболу павінны спакойна пачакаць, ці заяўка трох краін будзе разгледжаная пазытыўна. Пра працэс прыняцьця рашэньня аб месцы правядзеньня чэмпіянату гаворыць прэс-сакратар Беларускай фэдэрацыі гандболу Тацьцяна Забаронак.
Т. Забаронак: Эўрапейская фэдэрацыя разглядае ўсе гэтыя лісты, адпраўляе свае патрабаваньні. Кандыдаты на правядзеньне чэмпіянату Эўропы прадстаўляюць сваю прэзэнтацыю, паказваюць, якія ў іх магчымасьці – інфраструктура, гатэлі, у якіх гарадах можа адбыцца чэмпіянат і г.д. Пазьней шляхам галасаваньня прадстаўнікі ўсіх 50 гандбольных фэдэрацый выбіраюць арганізатара.
Па словах прэзыдэнта польскай фэдэрацыі Анджэя Красьніцкага, гэта вельмі добрая навіна для заўзятараў – Польшча і Беларусь хочуць разам правесьці важнае спаборніцтва. Ён адзначыў, што гандбол у Беларусі ў апошнія гады дабіўся значных посьпехаў, тут адзін з найлепшых клюбаў сьвету, зборная пастаянна паказвае добрыя рэзультаты, а ўлада сур’ёзна ставіцца да спорту, гэта адзін з яе прыярытэтаў.
Каманды Польшчы і Беларусі часта сустракаюцца, краіны побач, яны блізкія адна адной у культурным пляне, таму натуральна, што яны могуць разам правесьці такі чэмпіянат. Дарэчы, ёсьць большыя шанцы, што Эўрапейская фэдэрацыя прыме заяўку ад трох краін, чым у выпадку адной дзяржавы-арганізатара, – дадае Тацьцяна Забаронак.
Т. Забаронак: Прэзыдэнт Польскай фэдэрацыі гандболу, ён жа зьяўляецца прэзыдэнтам Алімпійскага камітэту Польшчы Анджэй Красьніцкі прапанаваў нашаму старшыні правесьці супольны чэмпіянат Эўропы. Ён быў перакананы, што калі мы запросім трэцюю краіну, то наша заява будзе мець большы посьпех. Наш старшыня прапанаваў Летуву, яна згадзілася.
Як у Польшчы, так і ў Беларусі ёсьць багаты досьвед правядзеньня міжнародных спартыўных турніраў. Нагадаем між іншым пра тое, што палякі ў 2012 годзе ладзілі чэмпіянат па футболе, у 2016 у Польшчы адбыўся гандбольны чэмпіянат Эўропы ў Кракаве ды Катавіцэ, ёсьць добрая інфраструктура. Таксама ў Беларусі падрыхтаваныя сучасныя спартыўныя аб’екты, самы добры сталічны варыянт – «Менск-Арэна» і «Чыжоўка».
Т. Забаронак: Міжнародных спаборніцтваў у нас праводзіцца вельмі шмат. У нас ёсьць досьвед, ёсьць добрая інфраструктура. 15 тыс. гледачоў зьмяшчае «Чыжоўка-Арэна», а калі прыбраць лёд, то і 20 тыс. У нас праводзяцца хакейныя турніры, гандбольныя матчы. У Берасьці таксама ёсьць добрая арэна, праводзяцца матчы Лігі чэмпіёнаў. Берасьцейскі гандбольны клюб зьяўляецца цяпер найлепшым у Эўропе.
Па словах Уладзімера Канаплёва, беларусы і раней атрымлівалі прапановы правесьці топ-турнір з іншымі краінамі, напрыклад, расейцамі, але гэта не атрымалася. Ці з палякамі атрымаецца? Пакуль што рана казаць, але, меркаваньнем прэзыдэнта Беларускай гандбольнай фэдэрацыі, на эмацыйным узроўні важна таксама тое, што калісьці Польшча, Беларусь ды Летува ўваходзілі ў склад адной дзяржавы. Пра гэта Канаплёў заявіў учора на брыфінгу ў Менску.
нг