Logo Polskiego Radia
Print

Міхаіл Мясьніковіч наведаў вёску Заляшаны

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 16.02.2019 18:31
  • Мясьніковіч у Беластоку.mp3
Дэлегацыя беларускага парлямэнту сустрэлася з прадстаўнікамі беларускай нацыянальнай меншасьці ў Польшчы.

Візыт дэлегацыі беларускага парлямэнту ў Польшчу працягваўся чатыры дні: ад адзінаццатага да чатырнаццатага лютага. Узначальваў дэлегацыю старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясьніковіч.

Першы этап візыту праходзіў у Варшаве, другі - на Падляшшы.

Беларускі чыноўнік сустрэўся з прэзыдэнтам Польшчы Анджэям Дудам, прэм’ер-міністрам Матэвушам Маравецкім, старшынямі Сэйму й Сэнату Марэкам Кухціньскім і Станіславам Карчэўскім, кіраўнікамі міністэрстваў, у тым ліку зь міністрам замежных спраў Яцэкам Чапутовічам.

Падчас перамоваў былі абмеркаваныя пытаньні гандлёва-эканамічнага й інвэстыцыйнага супрацоўніцтва, супрацы ў галіне адукацыі, навукі, культуры й іншых сфэрах. Міхаіл Мясьніковіч таксама наведаў Польскую акадэмію навук.

Акрамя таго, было падпісанае пагадненьне паміж краінамі аб сацыяльным забесьпячэньні.

Сустрэча
Сустрэча М.Мясьніковіча з беларусамі ў Беластока.

З Варшавы дэлегацыя беларускага парлямэнту накіравалася ў Беласток, дзе ў чацьвер сустрэлася з прадстаўнікамі беларускай нацыянальнай меншасьці ў Польшчы, кіраўніцтвам Падляскага ваяводзтва ды наведала Беластоцкі мэдыцынскі ўнівэрсытэт.

Беларуская дэлегацыя наведала беларускую вёску Заляшаны, якая была спаленай у 1946 г. польскімі партызанамі.

М.Мясьніковіч: Каля помніка ў вёсцы Заляшаны мы аддалі даніну памяці ахвярам і ўсім загінуўшым у тыя гады. Мы зараз з вялікім неспакоем канстатуем, што ёсьць прыклады ў сучаснай Польшчы, калі ладзяцца маршы нацыяналістаў у месцах кампактнага пражываньня беларускай меншасьці. Нельга злачынцу зрабіць героем. Мы спадзеймся, што польскія ўлады ня будуць пакідаць гэтыя правакацыі без увагі. Нашую заклапочанасьць я давёў да ведама кіраўніцтва Польшчы.

Падчас сустрэчы з дзеячамі беларускай культуры, настаўнікамі і прадстаўнікамі мясцовага самакіраваньня Міхаіл Мясьніковіч падзякаваў за падтрымліваньне беларускай культуры, паабяцаў падтрымку.

Некаторыя прысутныя на сустрэчы дзеячы беларускай культуры атрымалі ад Міхаіла Мясьніковіча ўзнагароды ды граматы за сваю працу , а беларускія ліцэі ў Бельска-Падляскім і ў Гайнўцы атрымалі ў падарунак народныя касьцюмы.

Сюжэт Міхася Сьцепанюка аб сустрэчы М.Мясьніковіча з беларусамі на Падляшшы слухайце ў далучаным файле

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт