Logo Polskiego Radia
Print

Прэм'ер-міністар прапануе супакоіць эмоцыі ў палітычным жыцьці Польшчы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 24.01.2019 14:00
У сваю чаргу апазыцыя вельмі асьцярожна падыходзіць да прапаноў сваіх апанэнтаў.
Матэвуш Маравецкі ў студыі Першага каналу Польскага радыёМатэвуш Маравецкі ў студыі Першага каналу Польскага радыёWojciech Kusiński/Polskie Radio

Польскі прэм’ер-міністар намераны сустрэцца з кіраўнікамі парлямэнцкіх фракцый. Матэвуш Маравецкі плянуе абмеркаваць з калегамі прапановы міністэрстваў аховы здароўя і юстыцыі, падрыхтаваныя пасьля забойства мэра Гданьска. Такім чынам палітыкі кіруючай партыі, асабліва прэм’ер, хочуць супакоіць сытуацыю ў Польшчы, каб у палітычных спрэчках было менш нэгатыўных эмоцый – паведамляе «Rzeczpospolita».

У сваю чаргу апазыцыя вельмі асьцярожна падыходзіць да прапаноў сваіх апанэнтаў. Партыя «Сучасная» патрабуе прыслаць падрабязнасьці законапраектаў, якія прапануецца абмеркаваць, Польская сялянская партыя патрабуе «вярнуць у Польшчы сапраўдны парлямэнтарызм», чаго сымбалем павінны стаць дэбаты на тэму сьледзтва па справе забойства мэра Гданьска.

Малаверагодна, каб на дэбатах паявіліся палітыкі апазыцыйнай «Грамадзянскай плятформы». Кіруючая кааліцыя «Аб’яднаныя правыя сілы» паказвае, што пасьля трагічнай сьмерці Паўла Адамовіча менавіта «ГП» часьцей падагравае атмасфэру. У гэтым годзе адбудуцца парлямэнцкія выбары, таму апазыцыя абрала некалькі напрамкаў, праз якія яна можа нападаць на ўладу, – кажа віцэ-маршал Сэнату Адам Белян. «Грамадзянская плятформа» патрабуе таксама паўторна разгледзець усе спыненыя пракуратурай сьледзтвы, якія датычаць мовы нянавісьці.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт