Logo Polskiego Radia
Print

Палякі не павінны забывацца пра трагедыю 1981 года

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 13.12.2018 11:12
  • 1981 год.mp3
37 год таму камуністычныя ўлады Польшчы ўвялі ў краіне ваеннае становішча.
PAP / polskieradio.pl

Штогод у сьнежні ў Польшчы згадваюць падзеі пачатку 1980-ых гадоў, калі было ўведзенае ваеннае становішча. Прадстаўнікі гістарычных ды навуковых колаў заклікаюць не забываць пра тыя трагічныя здарэньні.

Ваеннае становішча ў Польшчы дзейнічала ў 1981–1983 гадах. Яно было ўведзенае 13 сьнежня 1981 году рашэньнем Вайсковай рады нацыянальнага выратаваньня – тагачаснага неканстытуцыйнага органу ўлады Польскай Народнай Рэспубліцы.

Ваеннае становішча было прыпыненае 31 сьнежня 1982 году, канчаткова скасаванае 22 ліпеня 1983 году.

Па сёньняшні дзень у Польшчы ідзе вывучэньне прычын тых падзей. Сёлета пры асьвятленьні ваеннага становішча галоўнай тэмай сталі рэпрэсіі ўладаў супраць грамадзтва ў тыя часы.

Паводле апошніх падлікаў, у часы ваеннага становішча ўлады ПНР арыштавалі ды інтэрнавалі больш за 10 тысяч дзеячаў, зьвязаных з «Салідарнасьцю», у тым ліку 300 жанчын. У выніку дзеяньняў уладаў загінула прыкладна 40 асобаў, у тым ліку 9 шахцёраў з шахты «Wujek» падчас падаўленьне страйку. Людзі атрымалі вялізарныя траўмы, распавёў гісторык з катавіцкага аддзяленьня Інстытут нацыянальнай памяці (IPN) Польшчы Яраслаў Нэя.

Яраслаў Нэй: Многія з тых жанчын былі зь дзецьмі. Уявіце сабе, як гэта жыць у ізаляцыі некалькі тыдняў ці месяцаў, як ад гэтага пакутавала сям’я. Гэтыя страты адчуваюцца па сёньня. Цяжка іх увогуле аблічыць, якую тут узяць шкалу, каб вымераць псыхалягічныя пакуты, якія зазналі ізаляваныя асобы ды іхнія сем’і.

У зьвязку з гэтым, гісторыкі заклікаюць палякаў не забываць пра падзеі сьнежня 1981-га года. Гаворыць гісторык Рышард Мазгол.

Рышард Мазгол: Штогод мы засяроджваемся на нейкай вядучай тэме. Сёлета мы імкнёмся распавесьці пра рэпрэсіі зьвязаныя з ваенным становішчам. Ідзецца як пра момант абвяшчэньня, але і нагадаць пра тое, што ўлады камуністычнай Польшчы шырока выкарыстоўвалі рэпрэсіі перад увядзеньнем ваеннага становішча.

З мэтай інфармаваньня грамадзтва пра ваеннае становішча ды распавесьці людзям пра невядомых герояў сярод інтэрнаваных актывістаў, сёлета выйшаў дакумэнтальны фільм пра тыя падзеі. Стужка «Свабодная Рэч Паспалітая Лупкоўская» распавядае пра лёс апазыцыянэраў, якія былі інтэрнаваныя ў турме ў Лупкове падчас ваеннага становішча. Пра герояў свайго фільму распавёў рэжысёр Аркадыюш Галембеўскі.

Аркадыюш Галембеўскі: Адзін зь іх Антоні Рынкевіч, які ў камуністычных турмах правёў 10 гадоў. Ён быў найстарэйшым ды часта вучыў збунтаваную моладзь, гатовых да безадказных акцый, чым ёсьць незалежнасьць. Былі таксама моладзь, якая не баялася, якае ня мела багажу сталінскіх турмаў.

У сваю чаргу Польскае радыё ладзіла акцыю сярод вучняў польскіх школаў, пытаючы іх, што яны ведаюць пра падзеі сьнежня 1981-га году. Вось некаторыя з адказаў.

Ваеннае становішча ў Польшчы было ўведзенае ноччу з 12 на 13 сьнежня 1981-га года.

У асноўным таму, што ў краіне склалася крытычная сытуацыя, людзі пратэставалі.

Я лічу, што гэта была непрыемная падзея, зь якой трэба зрабіць высновы на будучыню. Ідзецца пра тое, што папярэдні рэжым быў кепскі, а таталітарныя мэтады павінны быць забароненыя.

13 сьнежня кожнага года ў Польшчы згадваюць падзеі сьнежня 1981-га года, калі ў краіне было ўведзенае ваеннае становішча. У выніку рэпрэсіўных дзеяньняў уладаў былі арыштаваныя ды інтэрнаваныя больш за 10 тысяч чалавек, зьвязаных з прафсаюзам «Салідарнасьць».

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт