Польшча – у цэнтры ўвагі ўсяго сьвету. У горадзе Катавіцэ на поўдні краіны пачалася маштабная міжнародная канфэрэнцыя Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, прысьвечаная барацьбе з кліматычнымі зьменамі. Амаль 30 тыс. дэлегатаў з усгяо сьвету цягам двух тыдняў будуць разважаць, як прадухіліць пацяпленьне клімату.
Нагадаем, у 2015 годзе на кліматычнай канфэрэнцыі ААН у Парыжы 195 краін сьвету ўпершыню ў гісторыі падпісалі сусьветнае пагадненьне пра ахову клімату. Цяпер, на канфэрэнцыі ў Катавіцах, удзельнікі сустрэчы спрабуюць перавесьці тэорыю ў практычныя дзеяньні. Гэта ня будзе лёгка, паколькі апошнія дасьледаваньні навукоўцаў паказваюць, што нават калі ўсе дзяржавы выканаюць свае абавязацельствы па паніжэньні выкідаў вуглякіслага газу, то і так тэмпэратура паветра на Зямлі будзе павышацца. Так што патрэбныя яшчэ больш радыкальныя крокі, каб глябальнае пацяпленьне было меншае за 2 градусы Цэльсія.
Вось пра гэта пойдзе гаворка ў Катавіцах на 24-ай канфэрэнцыі ААН па зьменах клімату. Кліматычны саміт урачыста адкрыў прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда. Галава польскай дзяржавы заявіў, што Польшча намерана актыўна ўключыцца ў вырашэньне кліматычных праблем. Прэзыдэнт падкрэсьліў таксама сымболіку канфэрэнцыі, якая адбываецца ў сотую гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці польскай дзяржавы.
А. Дуда: Арганізацыя кліматычнага саміта – гэта доказ, што, таксама як адроджаная Польшча сто гадоў таму, так і сёньня наша краіна актыўна ўключаецца ў мірнае супрацоўніцтва паміж дзяржавамі. Гэтае супрацоўніцтва грунтуецца на міжнародным праве, роўнасьці, салідарнасьці ды ўзаемнай пашане.
Прэзыдэнт Анджэй Дуда дадаў, што Польшча гатовая разам з іншымі дзяржавамі вырашаць праблемы, якія стаяць перад чалавецтвам.
А. Дуда: Таксама, як сто гадоў таму, Польшча і цяпер гатовая ўзяць адказнасьць за сваю частку міжнароднай бясьпекі. На гэты раз таксама ў галіне кліматычнай палітыкі. Мы гатовыя падтрымаць заплянаваныя на бліжэйшыя два тыдні перамовы па самых істотных рашэньнях, якія паўплываюць на будучыню як нас саміх, так і наступных пакаленьняў.
Кліматычныя зьмены праходзяць ужо на нашых вачах. Пакуль што тэмпэратура на зямлі вырасла прыкладна толькі на 1 градус Цэльсія ў параўнаньні з гэтак званай даіндустрыяльнай эрай. На думку навукоўцаў, 2 градусы – гэта яшчэ адносна бясьпечная мяжа, за якой пачнуцца сапраўды драматычныя зьявы, а дзясяткі тысяч людзей будуць шукаць для сябе новае месца для жыцьця, паколькі ў выніку кліматычных зьменаў іх месца жыхарства стане непрыгодным для жыльля. Чарговыя пакаленьні будуць змагацца з жахлівымі наступствамі пацяпленьня, – кажа прафэсар Яцэк Пісказуб з Польскай акадэміі навук у Сопаце. Спэцыяліст-акіяноляг адзначае, што пад пагрозай знаходзіцца існаваньне гарадоў, якія ляжаць на беразе мора, у тым ліку Гданьска.
Я. Пісказуб: Нашы дзеці і ўнукі будуць жыць у сьвеце са значна горшым кліматам, чым цяпер. На Зямлі будуць вялізныя тэрыторыі, дзе немагчыма будзе займацца сельскай гаспадаркай, паколькі там будзе надта суха і горача. Пачнуцца масавыя міграцыі з пустынных рэгіёнаў, некаторыя гарады на беразе мора могуць аказацца пад вадою. Да канца стагодзьдзя, напрыклад, узровень вады ў Балтыйскім моры вырасьце на адзін мэтар. А два мэтры ўжо пагражаюць Гданьску, асабліва калі браць пад увагу моцныя штормы. Мы павінны перастаць выкідваць у атмасфэру цяплічныя газы, перастаць спальваць выкапні. У Польшчы балючая тэма – гэта вугаль, але таксама нафта і газ.
Міністар навакольнага асяродзьдзя Генрык Кавальчык гаворыць, што сьвет ускладвае вялізныя надзеі на кліматычную канфэрэнцыю ў Катавіцах. Падчас адкрыцьця саміта польскі міністар адзначаў, што чалавецтву патрэбная дарожная мапа, дзякуючы якой пачнуць дзейнічаць пагадненьні, заключаныя тры гады таму ў Парыжы.
Г. Кавальчык: Каб эфэктыўна затрымаць рост тэмпэратуры, зьменшыць матэрыяльныя страты і лепш ахоўваць жыцьцё людзей. Адпаведны пакет канкрэтных дзеяньняў патрэбны дзеля таго, каб слабей разьвітыя краіны маглі разьвівацца і атрымліваць фінансавую і тэхналягічную падтрымку, каб эканамічны прагрэс не выклікаў павышэньня выкідаў СО2. Мы сустрэліся тут, каб усе бакі пагадненьня атрымалі інструмэнты, пры дапамозе якіх можна дасягнуць кліматычную нэўтральнасьць.
Падставай дэбатаў у Катавіцах зьяўляецца даклад навукоўцаў з Міжурадавай групы па пытаньнях кліматычных зьменаў. У дакладзе гаворыцца аб тым, што ў выніку пацяпленьня клімату будзе расьці ўзровень вады ў марах і акіянах, часьцей будуць здарацца экстрэмальныя зьявы ў надвор’і.
нг