Выданьне "Sieci" апісвае незвычайную сытуацыю. Польскі суд выдаў пастанову, што двое дзяцей, у якіх толькі польскае грамадзянства і якія валодаюць толькі польскай мовай, павінны выехаць у Ірляндыю, паколькі гэтага патрабуе іх бацька, індус.
Усё пачалося з таго, што маці хлопчыкаў, Агнешка Савара, выехала ў Ірляндыю ў пошуках працы. Там пазнаёмілася з кухарам з Індыі. Закахалася, выйшла замуж. І тады пачалося пекла, муж паказаў свой сапраўдны твар, зьдзекаваўся з Агнешкі псыхічна і фізычна, біў яе, нават калі была цяжарнай. Жанчына зьвярнулася ў ірляндзкі суд, той выдаў рашэньне, у выніку якога мужчыне было забаронена набліжацца да Агнешкі цягам двух гадоў, але ён меў права бачыцца зь дзецьмі, а Агнешка ня мела права пакінуць Ірляндыю. Але ў 2016 годзе суд дазволіў жанчыне выехаць з дзецьмі на калядныя сьвяты ў Польшчу. Яна ў Ірляндыю ўжо не вярнулася. Бацька хлопцаў падаў заяву ў суд – маўляў, жонка незаконна вывезла дзяцей. Ірляндзкі суд загадаў вярнуць дзяцей на тэрыторыю Ірляндыі, яго рашэньне падтрымаў суд у Польшчы.
«Мае дзеці маюць польскае грамадзянства, не гавораць па-ангельску, малодшы сын быў у Ірляндыі толькі палову году, а суд загадвае вярнуць іх на чужую зямлю, да бацькі, які ня хоча імі займацца», – скардзіцца Агнешка. Яна ўпэўненая, што мужу дзеці патрэбныя толькі дзеля таго, каб мець магчымасьць атрымаць права на пастаяннае жыхарства ў Ірляндыі. Калі б яны з Агнешкай разьвяліся, ён бы ўжо ня быў мужам грамадзянкі ЭЗ і страціў бы права на пражываньне, а дзякуючы дзецям мог бы далей жыць і працаваць у супольнасьці.
Польская пракуратура ўнесла заяву ў суд з просьбаю перагледзець справу, свой пункт гледжаньня прадставіла Міністэрства юстыцыі. Пані Агнешка спадзяецца, што суд апамятаецца і возьме пад увагу перш за ўсё дабро дзяцей, якім цяпер 6 і 3 гады. Яна баіцца, што ў Ірляндыі хлопчыкі маглі б быць бяздомнымі, паколькі там цяжка зьняць кватэру.
Варта прыгадаць, што з 27 жніўня гэтага году ў Польшчы дзейнічае закон, які рэфармуе працэдуру выкананьня прысуду аб перадачы дзіцяці за мяжу. Цяпер цяжэй будзе дамагчыся выдачы польскага грамадзяніна бацьку, які знаходзіцца за мяжой, справамі займаюцца адмыслова падрыхтаваныя судзьдзі, якія добра ведаюць міжнароднае права і Гааскую канвэнцыю, але бяруць пад увагу перш за ўсё дабро дзіцяці.
А пані Агнешка спадзяецца, што яе кашмар, які цягнецца ўжо два гады, неўзабаве скончыцца і яна зможа спакойна выхоўваць сваіх сыноў у Польшчы.
Sieci/нг