Галоўная мэта дадзенага мерапрыемства - спрыяць росту нацыянальнага капіталу ды эканамічнаму росту краіны.
«Кангрэс 590» (ад штрых-коду краіны паходжаньня на таварах. 590 - гэта штрых-код Польшчы) ладзіцца вось ужо трэці раз у Ясёнцы каля Жэшава. Сёлета ў дадзеным форуме бяруць удзел больш за 5 тысяч чалавек. Гэта прадстаўнікі ўрадавых устаноў ды ведамстваў, палітыкі, прадстаўнікі бізнэсовых колаў, экспэрты, прадпрымальнікі.
За тры гады «Кангрэс 590» здабыў рэпутацыю адной з найбольш важных эканамічных падзей у Польшчы, дзе абмяркоўваюцца новыя сцэнары дзеяньняў па інтэнсыфікацыі эканамічнага разьвіцьця ў Польшчы. Пры гэтым асноўнай задачай кангрэсу зьяўляецца спрыяньне разьвіцьцю менавіта польскага капіталу.
Пра важнасьць кангрэсу сьведчыць той факт, што тут з прамовай выступаў прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі ды шматлікія міністры. У сваю чаргу прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда менавіта падчас форуму ўручыў прэміі пераможцам Эканамічнай узнагароды польскага прэзыдэнта.
Анджэй Дуда: Шаноўнае спадарства, усе вы - вельмі амбіцыйныя асобы, якія выдатна ўплываюць на разьвіцьцё Польшчы, бо моцная эканоміка – гэта галоўны фундамэнт для сучаснай эфэктыўнай дзяржавы. Для мяне гэта асабіста вельмі важна. Уручаючы Вам узнагароду, я хачу падзякаваць Вам за тое, што Вы ёсьць такія як ёсьць, рэалізуеце Вашы праекты, якія ўсе разам будуюць фундамэнт нашай дзяржавы.
Сёлета пераможцамі сталі як малыя сямейныя прадпрыемствы (фірма Ultratech, вытворца прыладаў ды дэталяў для авіяцыйнай тэхнікі, MB – Pneumatyka, вытворца мэханічных тэставых сыстэмаў), так і буйныя карпарацыя, як фірма Ceramika Paradyż (вытворца керамікі). У катэгорыі "Адказны бізнэс" перамогу атрымаў банк PKO Bank Polski.
Гэтая ўзнагарода паказвае, як з разьвіцьця нацыянальнага бізнэсу карыстаецца ўся польская эканоміка, - заявіў прадстаўнік журы ўзнагароды Кшыштаф Апольскі.
Кшыштаф Апольскі: Галоўным карыстальнікам гэтай узнагароды ёсьць мы з Вамі, наша эканоміка ды краіна. Менавіта таму гэтая ўзнагарода так важная як імпульс для эканомікі, каб яе штурхаць уперад.
Дасягненьні польскага бізнэсу ілюстравалі таксама «стартапы», новыя бізнэс-праекты. Адным зь іх быў пабудаваны ў Польшчы гарадзкі канцэпт-кар. Гэта электрычны гібрыд аўта ды матацыкла, задуманы для язды па горадзе. Аўтары назвалі яго «Triggo» і спадзяюцца, што ён здабудзе папулярнасьць у рамках гарадзкіх сыстэм кароткачасовай арэнды-машын (car-sharing). Гаворыць адзін з распрацоўнікаў Марцін Пэлка.
Марцін Пэлка: Наш транспартны сродак мае чатыры кола, чым нагадвае прыватны аўтамабіль, адна наша машына можа звузіцца да 90 сантымэтраў, дасягаючы шырыню матацыкла. Пасадка пасажыраў адзін за адным. У такім выглядзе на паваротам дзейнічае мэханізм нахіленьня машыны дзеля стабілізацыі. Рухавік цалкам электрычны, прабег – 100 кілямэтраў. На гарадзкія патрэбы дастаткова.
Распрацоўку дадзенага праекту падтрымаў Нацыянальны цэнтар навуковых дасьледаваньняў ды разьвіцьця Польшчы. Мэта дадзенай установы - спрыяць інавацыйнасьці польскай эканомікі. Пра інавацыі на Кангрэсе казалі ня толькі ў кантэксьце прамысловасьці ды тэхналёгій. Інавацыйнасьці патрабуе таксама польская сельская гаспадарка. Гэта адзіны сродак, каб рабіць якасныя прадукты і знайсьці сваю нішу на сусьветным рынку, казаў міністар сельскай гаспадаркі Польшчы Ян Кшыштаф Арданоўскі.
Ян Кшыштаф Арданоўскі: Інавацыі – гэта выклік для сельскай гаспадаркі. Адначасова – гэта абсалютная неабходнасьць. Гаспадараньне ў старым традыцыйным стылі ўжо не спраўджваецца. Сусьветныя трэнды пра гэта адназначна сьведчаць. Ёсьць буйныя вытворцы харчовых прадуктаў, якія маюць вялізарныя плошчы ды арэалы. Мы зь імі не канкурэнты па колькасьці ды нізкіх коштах. Таму мы мусім шукаць для Польшчы адпаведная нішы. Мы мусім выдзяляцца якасьцю нашых прадуктаў. Якасныя харчовыя вырабы – вось што павінна стаць нашым распазнавальным знакам.
Рэалізацыя гэтых плянаў будзе магчымая толькі пры ўмове, што ў Польшчы адбудзецца і «энэргетычная рэвалюцыя». Польшча павінна адмовіцца ад вугалю, які будзе даражаць і перайсьці на ўзнаўляльныя крыніцы энэргіі. Пра гэта казаў галоўны рэдактар часопіса «Biznes ALERT» Войцех Якубяк.
Войцех Якубяк: Усё выглядае на тое, што палітыка ў справе кліматычных зьменаў будзе ўсё больш радыкальная. Гэта азначае, што будуць павялічвацца кошты выкарыстаньня вугалю ў Польшчы. Таму ад вугалю трэба адмаўляцца. Можна інвэставаць у атамную энэргію, альбо ў абнаўляльныя крыніцы энэргіі ў спалучэньні з газам. Урад павінен прыняць такое рашэньне. Чакаецца, што яго абвесьцяць разам з прыняцьцем новай энэргетычнай стратэгіі, якую прадставяць падчас кліматычнага саміту. Тут, у Жэшаве, адбываліся заключныя дыскусіі на гэтую тэму.
У Ясёнцы пад Жэшавам прайшоў трэці "Кангрэс 590", то бок агульнанацыянальны эканамічны форум, на якім абмяркоўваліся шляхі разьвіцьця эканомікі краіны пры падтрымцы нацыянальнага капіталу.
Юры Ліхтаровіч