Logo Polskiego Radia
Print

Рэха гучнага карупцыйнага скандалу, зьвязанага з дзяржаўным чыноўнікам

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 15.11.2018 12:43
Кіруючыя сілы лічаць справу закрытай, апазыцыя патрабуе склікаць надзвычайнае паседжаньне Сэйму.
www.pixabay.com/RJA1988/CC0 Creative Commons

У выданьнях – рэха гучнага карупцыйнага скандалу, зьвязанага з прапановай кіраўніка Камісіі фінансавага нагляду (KNF – Komisja Nadzoru Finansowego). Як піша «Gazeta Wyborcza», з аўторку ў палітыцы бурліць пасьля таго, як выданьне паведаміла, што 28 сакавіка старшыня камісіі Марэк Хшаноўскі (Marek Chrzanowski) падчас гутаркі тэт-а-тэт прадставіў дырэктару Getin Банку Лешэку Чарнэцкаму (Leszek Czarnecki) карупцыйную прапанову – банк удасца захаваць, калі ў ім будзе працаўладкаваны юрыст Гжэгаж Кавальчык. Кошт – 40 млн. злотых (10,5 млн. даляраў). Чарнэцкі гутарку запісаў на дыктафон і цяпер яна стала вядомая шырокай публіцы. Выданьне дадае, што дадзены юрыст быў знойдзены журналістамі ў радзе праўленьня Plus Банку, які належыць вядомаму польскаму бізнэсмэну Зыгмунту Соляжу (Zygmunt Solorz).

Выданьне «Rzeczpospolita» адзначае, што кіруючая партыя «Права і справядлівасьць» спрабуе прыйсьці ў сябе пасьля першага шоку, зьвязанага са скандалам. Старшыня Камісіі фінансавага нагляду падаў у адстаўку, вечарам была скліканая надзвычайная нарада міністраў. Прэс-сакратар ПіС Бэата Мазурэк заявіла, што дзяржава адпаведным чынам адрэагавала на прапанову карупцыі, якая прагучала з вуснаў дзяржаўнага чыноўніка. Кіруючыя сілы лічаць справу закрытай. Але, дадае выданьне, застаецца занепакаеньне ў лягеры ўлады. Перш за ўсё ў галовах гучыць пытаньне, ці ёсьць, а калі так, то ці паявяцца новыя запісы.

У сваю чаргу апазыцыя патрабуе склікаць надзвычайнае паседжаньне Сэйму, дакладу прэм’ер-міністра і міністра юстыцыі. Палітыкі «Грамадзянскай плятформы» мяркуюць, што толькі адмысловая сэймавая камісія дазволіць дакладна высьветліць усе падрабязнасьці справы. А прадстаўнікі ПіС паўтараюць, што няма падстаў, каб склікаць сьледчую камісію, паколькі рэакцыя адпаведных дзяржаўных органаў і прэм’ер-міністра Матэвуша Mаравецкага была маланкавай.

Gazeta Wyborcza/Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт