Logo Polskiego Radia
Print

Што аб'ядноўвае, а што дзеліць беларусаў ды летувісаў?

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 26.10.2018 12:37
  • форум Летува.mp3
У Клайпедзе (Летува) сёньня пачынаецца двухдзённы Грамадзкі форум Летувы і Беларусі.
Сьцяг Летувы.Сьцяг Летувы.Photo: GDJ/pixabay.com/CC0 Public Domain

У Клайпедзе (Летува) сёньня пачынаецца двухдзённы Грамадзкі форму Летувы і Беларусі пад назваю «Што нас аб’ядноўвае?».

Арганізатары форуму адзначаюць, што народы дзьвюх дзяржаў, акрамя гісторыі, аб'ядноўваюць шырокамаштабныя эканамічныя і культурныя сувязі. Жыхарам гэтых краін дарагія агульныя гістарычныя асобы: вялікі князь Вітаўт (Вітаўтас), князі Радзівілы, Касьцюшка, Каліноўскі ды многія іншыя. Многае паказвае, што грамадзкія і міждзяржаўныя адносіны мусяць быць выдатнымі, але гэта ня так.

Існуюць рознагалосьсі з нагоды будаўніцтва беларускай АЭС у Астраўцы. Шмат хто ў Летуве занепакоеныя пытаньнем: ці ўдасца Беларусі захаваць сваю дзяржаву? Большасьць летувісаў крытычна ставяцца да палітычнага ладу Беларусі. У Беларусі, у сваю чаргу, многія насьцярожана ўспрымаюць эўраатлянтычную інтэграцыю Летувы, яе актыўную зьнешнепалітычную пазыцыю ў рэгіёне. Гэтыя вельмі складаныя пытаньні ўплываюць на адносіны паміж краінамі, і наўрад ці палітыкам з абодвух бакоў удасца канчаткова дамовіцца.

Усё гэта ня толькі ўскладняе палітычныя адносіны, але і перашкаджае разьвіцьцю сувязяў паміж інтэлектуаламі, дзеячамі культуры, бізнэсу і навукі. Так не павінна быць. Трэба імкнуцца шукаць пункты судакрананьня па агульных для нас пытаньнях і праблемах. Пачатак дыялёгу і наладжваньне супрацоўніцтва на будучыню зьяўляецца галоўнай мэтай першага Грамадзкага летувіска-беларускага форуму.

Місія форуму – пашырэньне нефармальнага, грамадзянскага дыялёгу паміж Беларусьсю і Летувой з мэтай абмеркаваньня пэрспэктыў і праблем міждзяржаўнага супрацоўніцтва, паглыбленьне ўзаемаразуменьня і павагі паміж краінамі ды народамі Летувы і Беларусі.

Арганізатарамі форуму выступаюць муніцыпалітэт горада Клайпеда, Клайпедзкі ўнівэрсытэт, Форум дыялёгу і супрацоўніцтва імя Ежы Гедройца, Інстытут Вялікага Княства Літоўскага, Інстытут «Палітычная сфэра».

У працы Форуму прымуць удзел 100 прадстаўнікоў акадэмічнай сфэры, бізнэсу, экспэртнай супольнасьці і афіцыйных структур Летувы і Беларусі. Пад канец форуму прадугледжаная заключная дыскусія «Што робім?» з прэзэнтацыяй сумесных ініцыятыў.

Мы зьвязаліся па тэлефоне з дырэктарам Інстытуту "Палітычная сфэра" Андрэем Казакевічам, адным з арганізатараў падзеі. Слухайце гутарку ў далучаным гукавым файле.

Інстытут "Палітычная сфэра"/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт