Logo Polskiego Radia
Print

Кожны год 20-40 млн. людзей на сьвеце становяцца ахвярамі рабства

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 23.10.2018 15:53
  • рабства.mp3
У Варшаве прайшло шэсьце маўчаньня, зладжанае з мэтаю выразіць салідарнасьць з ахвярамі сучаснага рабства.
pixabay.com/Public Domain CC0

Рабства – агідная зьява, якая многім людзям здаецца толькі і выключна гістарычнай чорнай старонкай разьвіцьця чалавецтва. Усе мы ведаем, чулі пра нявольніцкі сацыяльны лад, які панаваў калісьці, напрыклад, у краінах Амэрыкі. Але гэта ўжо даўно гісторыя, цяпер людзі на Зямлі свабодныя, кожны можа рабіць, што яму хочацца, хутчэй ніхто нікога не прымушае да нявольніцкай працы або іншых дзеяньняў, прынамсі ў гэтак званых цывілізаваных краінах.

На жаль, праўда выглядае зусім інакш. Рабства – гэта праблема, якую чалавецтва яшчэ доўга ня здолее перамагчы. І менавіта аб гэтым прыгадалі ў мінулыя выходныя ў Варшаве, дзе прайшло шэсьце маўчаньня, зладжанае з мэтаю выразіць салідарнасьць з ахвярамі сучаснага рабства. У «Walk For Freedom» удзельнічала каля ста чалавек, шэсьце зладжана ў Польшчы ў чацьвёрты раз. Па словах Караліны Дудзіц з арганізацыі A-Team Poland, якая наладзіла мерапрыемства, праблема сучаснага рабства датычыць некалькіх дзясяткаў мільёнаў людзей на сьвеце кожны год.

К. Дудзіц: Сёньня праходзіць «Walk For Freedom» – шэсьце дзеля свабоды, супраць сучаснага рабства. Гэта праблема, якая датычыць вялізнай колькасьці людзей, але мала хто пра яе ведае. Кожны год на ўсім сьвеце ахвярамі нявольніцтва становяцца ад 20 да 40 мільёнаў чалавек. І мы ўдзельнічаем у шэсьці дзеля таго, каб пашырыць сьвядомасьць людзей наконт гэтай зьявы, каб інфармаваць людзей, што ёсьць арганізацыі, якія змагаюцца з рабствам. Гэтыя арганізацыі зьбіраюць сродкі, можна далучыцца да акцый дапамогі ахвярам.

Сапраўды, вельмі мала людзей на сьвеце чула аб тым, што праблема нявольніцтва надалей такая шырокая і актуальная – згодны са сваёй калегай Шымон Кмецік з A-Team Poland.

Ш. Кмецік: Мы надалей змагаемся з рабскай працай, да якой людзей прымушаюць, але за яе не плацяць, з гандлем людзьмі, з гандлем дзяцьмі на ўсім сьвеце. Пра гэта шырока не гавораць, людзі ня ведаюць, што такія агідныя варварскія зьявы існуюць. Мы часам размаўляем з людзьмі, кажам, што такое ёсьць, а яны зьдзіўленыя. Пытаюцца, як гэта магчыма, каб у Польшчы, у Заходняй Эўропе, у Цэнтральнай Эўропе існавала нявольніцтва. Ім гэта здаецца немагчымым. Наша шэсьце праходзіць у маўчаньні, паколькі мы дзейнічае ня толькі ў абарону гэтых людзей, але таксама ад імя тых, хто ня можа сам нічога сказаць, паколькі ў яго няма права голасу.

У шэсьці ўдзельнічалі ня толькі тыя, хто змагаецца з рабствам, але таксама звычайныя жыхары польскай сталіцы. Напрыклад, Анна Карчэўска прыйшла на мерапрыемства, каб даведацца больш пра зьяву і каб выразіць сваю салідарнасьць з ахвярамі.

А. Карчэўска: Я хацела такім чынам паказаць, што праблема існуе, каб як мага больш людзей над ёй задумалася. І перад тым, як прымаць нейкія істотныя рашэньні, скажам, зьвязаныя з эміграцыяй, яны пра гэта прыгадалі, і былі чуткія да дадзенай праблемы, памяталі пра яе.

Згодна дадзеным ААН, праблема сучаснага рабства датычыць каля 40 млн. людзей на сьвеце, у Польшчы кожны год фіксуецца прыкладна 450 выпадкаў гандлю людзьмі. Паводле інфармацыі паліцыі і памежнай варты, у рукі гандляроў людзьмі часьцей за ўсё трапляюць асобы, якія вырашаюць выехаць за мяжу на заробкі, але карыстаюцца пры гэтым паслугамі неправераных пасярэднікаў. У апошні чацьвер адзначаўся Эўрапейскі дзень барацьбы з гандлем людзьмі. Дадзеная зьява ў Польшчы пакрысе мяняе свой характар. У 90-ыя гады ў краіне назіраўся ўздым праблемы, тады палякі як правіла былі ахвярамі гандлю людзьмі і нявольніцтва, пераважна польскіх жанчын прымушалі ў заходніх краінах да прастытуцыі. Пазьней Польшча стала транзытнай краінай для ахвяр з Ахіі ды Ўсходняй Эўропы. Цяпер жа, калі дзяржава зьяўляецца сябрам Эўрапейскага Зьвязу, а дабрабыт жыхароў і стан эканомікі значна вырас, у Польшчу на заробкі імігруе ўсё больш асоб з Азіі ды Ўсходняй Эўропы, сярод якіх частка становяцца ахвярамі нявольніцтва, як правіла прымусовай працы.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт