Кінафільм “Духавенства” прыцягвае натоўпы гледачоў
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
04.10.2018 17:31
Фільм расказвае пра рознага віду злоўжываньні ў польскім касьцёле.
Афіцыйны плякат фільму В.Смажоўскага "Духавенства" (KLER) на кінафэстывалі ў Гдыні
Кінафільм Войцеха Смажоўскага „Духавенства” („Kler”) выклікае ў Польшчы ажыятаж, правакуе гарачыя дыскусіі ў грамадзтве й палітычныя спрэчкі, а таксама аказвае ўзьдзеяньне на Каталіцкі касьцёл у Польшчы. Прыклады прыводзіць сёньняшняя Gazeta Wyborcza. Фільм расказвае пра рознага віду злоўжываньні ў польскім касьцёле.
У кінатэатры „Helios” ў Бельску-Бяла (поўдзень Польшчы) у сярэдзіне тыдня заля забітая гледачамі. Занялі нават першы рад, які пераважна заўсёды застаецца пустым. Падчас паказу ніхто ня кажа ні слова, поўная цішыня. Калі паказ заканчваецца ня ўсе падымаюцца адразу з крэслаў.
„Пасьля гэтага фільму, хіба што, можна толькі напіцца”, - кажуць журналісту дзьве жанчыны старэйшага ўзросту. Некаторыя адзначаюць, што ахвотна паглядзелі б гэты фільм яшчэ раз, таму што сцэнар густы, важныя рэчы адбываюцца на другім пляне, нельга згубіць ні аднога слова з дыялёгаў.
- З кім я б не гаварыла, усе расказваюць пра падобныя гісторыі да тых, што паказаныя ў кінакарціне. Смажоўскі павінен зрабіць „Духавенства 2”, - адзначае глядачка Яанна.
Самі ксяндзы па-рознаму рэагуюць на фільм. Некаторыя заклікаюць байкатаваць кінакарціну, іншыя дэманструюць больш стрыманую пазыцыю. У адной парафіі ў Сылезіі перад прэм’ерным паказам ксёндз падчас імшы сказаў вернікам, што пробашч у гадзіну божай міласьці будзе ляжаць крыжам у храме за свае грахі і грахі Касьцёла.
У палітыкаў фільм Смажоўскага таксама выклікае разнародныя рэакцыі. Напрыклад, у Асьвенцыме закрылі інтэрнэт-радыёстанцыю за тое, што вядучыя запрашалі насельніцтва паглядзець гэты фільм. У Закапанэ, Элку, Астралэнцы спрабуюць забараніць паказы, але гэта толькі ўзмацняе зацікаўленьне.
Gazeta Wyborcza/яс