Logo Polskiego Radia
Print

Польшча рыхтуецца да разьмяшчэньня амэрыканскай вайсковай базы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 03.10.2018 13:59
  • база.mp3
Міністар абароны: "Гэта вельмі станоўча паўплывае на абароназдольнасьць краіны".
міністар Марыюш Блашчакміністар Марыюш БлашчакФота: Wojciech Kusiński/PR

У Брусэлі пачалося двухдзённае пасяджэньне міністраў абароны краін – сябраў NATO. Мяркуецца, што польскі прадстаўнік закранае тэму разьмяшчэньня пастаянных вайсковых базаў ЗША ў Польшчы.

Яшчэ перад выездам у Брусэль міністар нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак заявіў, што польскі ўрад інтэнсіўна працуе над рэалізацыяй праекту пастаянных вайсковых амэрыканскіх базаў у краіне. Пазьней Блашчак адправіўся на сустрэчу міністраў натаўскіх краін у Брусэль. Галоўная тэматыка паседжаньня: выдаткі паасобных дзяржаў на абаронныя мэты і небясьпека, якая зыходзіць з боку Расеі. Саюзныя дзяржавы вінавацяць Расею ў парушэньні дамоўленасьці аб ліквідацыі ракет сярэдняга радыюсу дзеяньня. Акрамя таго, амэрыканская разьведка паведаміла камандзірам NATO, што Расея пачала дзеяньні па разьмяшчэньні ракет, якія могуць перанасіць ядзерныя боегалоўкі. Падрабязнасьці пакуль што невядомыя, але інфармацыя, якая прагучала ў Брусэлі, выклікае занепакаеньне.

Па словах міністра Марыюша Блашчака, які быў госьцем Першай праграмы ПР, Злучаныя Штаты Амэрыкі зьяўляюцца гарантам таго, што свабодны сьвет можа адчуваць сябе бясьпечна. Міністар нагадаў таксама пра прапанову разьмясьціць у Польшчы гэтак званы Форт Трамп – амэрыканскую ваенную базу. Прапанову прадставіў прэзыдэнт Анджэй Дуда падчас сустрэч у Белым доме з прэзыдэнтам ЗША.

М. Блашчак: У сродках масавай інфармацыі паяўляецца такі назоў – Форт Трамп. У Злучаных Штатах гэтае словазлучэньне зрабіла сапраўдны фурор. Гэта кароткі, ляпідарны назоў, якія раскрывае істоту справы. Сапраўды, мы працуем вельмі інтэнсіўна над рэалізацыяй гэтай прапановы. А чаму? Таму што яна вельмі станоўча паўплывае на абароназдольнасьць нашай краіны. Акрамя таго, яна таксама станоўча паўплывае на абароназдольнасьць усяго Паўночнаатлянтычнага пакту.

Прапанова стварыць амэрыканскую базу ў Польшчы прагучала зусім нядаўна, але ўжо зробленыя канкрэтныя крокі па яе рэалізацыі, аб чым прыгадаў міністар абароны Марыюш Блашчак.

М. Блашчак: У бюджэтным законе на будучы год ужо ўнесена абавязацельства з боку Пэнтагону, які павінен прадставіць амэрыканскаму Кангрэсу даклад на тэму абгрунтаваньня неабходнасьці стварыць амэрыканскую базу ў Польшчы. Да сакавіка будучага году такі дакумэнт павінен быць прадстаўлены. Ёсьць таксама ліст сакратара абароны Джэймса Матыза, які падпісалі сем кангрэсмэнаў, як з партыі рэспубліканцаў, так і групоўкі дэмакратаў. У лісьце ідзе гаворка аб тым, чаму неабходна разьмясьціць пастаянныя базы амэрыканскіх узброеных сілаў у Польшчы.

Расея заявіла, што яна занепакоеная плянамі стварэньня амэрыканскай вайсковай базы ў Польшчы і што намерана даць адэкватны адказ. Магчыма, Масква будзе націскаць і на беларускія ўлады наконт разьмяшчэньня большай колькасьці расейскай вайсковай інфраструктуры ў Беларусі. Праўда, паколькі што няма афіцыйнай інфармацыі пра такія пляны, і беларускія ўлады будуць бараніцца так доўга, як здолеюць, але база ЗША ў Польшчы можа падкінуць аргумэнты расейскім мілітарыстам, – кажа вайсковы аглядальнік Аляксандар Гелагаеў.

А. Гелагаеў: Беларускія ўлады, пры ўсіх іхніх хібах, усё ж такі стараюцца з усіх сілаў не дапусьціць павелічэньня беларускай вайсковай прысутнасьці ў Беларусі. Аргумэнтуюць тым, што ў нас дастаткова сваіх войскаў. Калі вы жадаеце ўзмацніць нашу агульную вайсковую групоўку, то замест таго, каб перамяшчаць свае войскі да нас, лепш дайце беларускаму войску лепшае ўзбраеньне. Гэта (база ў Польшчы – рэд.) можа, канешне, даць дадатковыя аргумэнты. Але беларускі бок знойдзе свае контраргумэнты.

Паводле падлікаў, праведзеных у Белам доме, будаўніцтва пастаяннай амэрыканскай ваеннай базы ў Польшчы каштавала б каля 7 млрд. злотых (прыкладна 1,9 млрд. даляраў ЗША). Невядома, якую частку гэтых выдаткаў возьме на сябе Польшча.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт