Сёлета адзначаюцца 210-годзьдзе з дня нараджэньня Адама Міцкевіча і 80-годзьдзе з дня адкрыцьця дома-музэя паэта ў Наваградку.
11 верасьня 1938 года ў Наваградку адкрыўся Дом-музэй Адама Міцкевіча — у будынку, дзе жыў паэт. Гэта была важная падзея ў культурным жыцьці, — гаворыць цяперашні дырэктар музэя Мікалай Гайба.
Мікалай Гайба напамінае, што музэй давялося пасьля Другой сусьветнай вайны ствараць літаральна нанова.
24 сьнежня споўніцца 210 гадоў з дня нараджэньня Адама Міцкевіча. Да гэтай даты музэй у Наваградку заплянаваў рад мерапрыемстваў. У мінулыя выхадныя тут адбыўся шляхецкі баль.
Мікалай Гайба: У балі ўдзельнічала вакальная група “Сьвіцязянка” з гуртка аматараў польскай музыкі і паэзіі Наваградка, а таксама турыстычныя групы з Польшчы. Дарэчы, 15 верасьня ў нас было 14 экскурсійных груп, і я сам адлучаўся на правядзеньне экскурсій.
Шляхецкі баль у наваградзкім Доме-музэі Адама Міцкевіча
Фота: Мікалай Гайба
Дом Міцкевіча ў Наваградку зьяўляецца адным з найбольш папулярных музэяў Беларусі. Гэта сапраўдны культурны цэнтар Наваградка. Сюды прыяжджае шмат турыстаў з Польшчы. На 6 кастрычніка заплянавана чарговае сьвята ў гонар Адама Міцкевіча.
Дом-музэй Адама Міцкевіча — гэта адзін з галоўных цэнтраў дасьледаваньня жыцьця і творчасьці польскага паэта, яго сувязей зь Беларусьсю, дзе клясык нарадзіўся, выхоўваўся.
5 кастрычніка музэй правядзе навукова-практыктычную канфэрэнцыю “Адам Міцкевіч — геній, непадуладны часу”. Адным з тых, хто зьбіраецца прыняць удзел у форуме, — Анатоль Брусевіч, дацэнт катэдры польскай філялёгіі Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэта імя Янкі Купалы, дасьледчык беларускіх матываў у творчасьці польскага пісьменьніка.
Адам Міцкевіч — постаць, якую вывучаюць вось ужо амаль два стагодзьдзі. І яшчэ ня ўсе аспэкты дасьледаваны. Калі вы вучоны або музэйны работнік, то да 25 верасьня можаце падаць заяўку на ўдзел у канфэрэнцыі на адрас mickiewicz@tut.by.
А калі вы аматар творчасьці паэта, то можаце завітаць 5 кастрычніка ў наваградзкі музэй і паслухаць выступленьні знаўцаў жыцьця і творчасьці беларуска-польска-літоўскага песьняра.
Віктар Корбут
Слухайце далучаны гукавы файл
Шляхецкі баль у наваградзкім Доме-музэі Адама Міцкевіча
Фота: Мікалай Гайба