Тады ў польскай сталіцы выбухнула паўстаньне з мэтай вызваліць Варшаву ад нацыстаў. Сёньня ўзгадвалі падзеі, зьвязаныя з месцам, якое стала сымбалем злачынстваў гітлераўцаў ня толькі ў сталіцы, але ва ўсёй Польшчы.
74 гады таму 21 жніўня 1944 года немцы ўзарвалі вязьніцу «Павяк». Гэта быў апошні этап ліквідацыйнай апэрацыі, якую немцы пачалі ў ліпені 1944 года ў зьвязку з набліжэньнем савецкіх войск да Варшавы.
Паводле падлікаў гісторыкаў, за 1939-44 гады праз гэтую турму прайшло каля 100 тысяч чалавек. Зь іх 37 тысяч былі расстраляныя, частка загінала падчас допытаў у сядзібе гестапа на праспэкце Шуха, частка памерлі ў камэрах ды турэмным шпіталі. Астатнія 60 тысяч чалавек нацысты вывезьлі ў канцэнтрацыйныя лягеры, найбольш у Аўшвіц-Біркэнаў.
30 ліпеня 1944 года немцы вывезьлі апошні канвой 1800 вязьняў з турмы «Павяк». Пасьля падаўленьня Варшаўскага паўстаньня ў мікрараёне «Воля», былі расстраляныя апошнія вязьні той турмы. 20 жніўня адбылася эвакуацыя нямецкіх турэмных ахоўнікаў. 21 жніўня будынак турмы быў узарваны.
Падчас урачыстасьці, прысьвечанай памяці ліквідацыі «Павяка», былыя вязьні ўзгадвалі, што кожны дзень знаходжаньня ў той турме чалавек жыў са страхам сьмерці. Гаворыць Багуслаў Задрожны.
Багуслаў Задрожны: Тут панавала атмасфэра крыку. Менавіта крык быў тым, што найгорш пераносілі вязьні. З біцьцём вядома было, што некалі перастануць, альбо вязень ня вытрымае, затое крык ніколі не заціхаў. Панавала атмасфэра страху. Кожны праз той енк думаў, што зараз прыйдуць за ім. Чалавек жыў увесь час са страхам сьмерці, бо ніколі не было вядома, калі забяруць і навошта.
Сымбалем «Павяка» ды пакутаў палякаў стала дрэва – вяз, які рос побач з даўняй брамай. Дрэва ацалела падчас той вайны. Сем’і вязьняў, якія загінулі ў турме, прымацоўвалі да дрэва таблічкі зь прозьвішчамі блізкіх. У 2004-м годзе дрэва засохла. Тады з бронзы была выкутая копія. 8 чэрвеня 2005-га года бронзавы вяз стаў на месца, дзе раней расло жывое дрэва.
Былы вязень «Павяка» Зьдзіслаў Яска казаў, што для іх той вяз быў сымбалем надзеі.
Зьдзіслаў Ясько: Кожны вязень, які праходзіў праз гэтую браму, зьвяртаў увагу на тое дрэва. У турме «Павяк» гэта была адзіная зялёная расьліна, якая супакойвала душу. Зь ёй мы ўсе зьвязвалі надзею на хуткае вызваленьне.
Для іншых дрэва сымбалізавала перажытую трагедыю. Так казаў у 2005-м годзе варшаўскі паўстанец, вязень «Павяка» Генрык Лагоцкі.
Генрык Лагодзкі: Я памятаю той вяз, побач былі буды з сабакамі, сюдой мяне ўвозілі. Гэта былі гады маёй маладосьці, тут я спазнаў жудасныя пакуты. Мяне білі, катавалі, ледзь выжыў. У любы момант мяне маглі расстраляць ці выслаць у лягер. Гэта месца памяці для наступных пакаленьняў, гэта – сымбаль.
Цяпер на тэрыторыі турмы знаходзіцца Музэй вязьніцы «Павяк». Ён быў створаны ў 1965-м годзе па ініцыятыве былых вязьняў. Адзін зь іх, Леў Заўлодзкі казаў два гады таму, што гэтае месца павінны быць перасьцярогай для наступных пакаленьняў.
Лех Заўлодзкі: Павяк – гэта адзін з фрагмэнтаў злачыннай дзейнасьці немцаў на тэрыторыі Польшчы падчас акупацыі. Я лічу, што нельга забываць пра гэта, у першую чаргу, каб такія падзеі ніколі не паўтарыліся.
Музэй вязьніцы «Павяк» зьяўляецца аддзелам Музэя Незалежнасьці. Установа займаецца экспазыцыйнай дзейнасьцю, а таксама ладзіць культурна-асьветніцкія мерапрыемствы, як музэйныя лекцыі альбо Дні памяці «Павяка».
Юры Ліхтаровіч