Logo Polskiego Radia
Print

Анджэй Дуда заклікаў аўстралійскіх палякаў вяртацца

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 20.08.2018 15:45
  • 0820 Візыт А. Дуды ў Аўстралію.mp3
Праходзіць першы з 1989 года візыт польскага прэзыдэнта ў Аўстралію і Новую Зэляндыю.
Мэльбурн, 19 жніўня 2018 г. А. Дуда з жонкай А. Корнхаўзэр-Дуда ў касьцёле Божай Міласэрнасьці зь мясцовымі польскімі дзецьміМэльбурн, 19 жніўня 2018 г. А. Дуда з жонкай А. Корнхаўзэр-Дуда ў касьцёле Божай Міласэрнасьці зь мясцовымі польскімі дзецьміФота: PAP/KPRP/Jakub Szymczuk

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда наведвае Аўстралію. Гэта першы з 1989 года візыт польскага прэзыдэнта ў Аўстралію і Новую Зэляндыю.

Прэзыдэнт Польшчы знаходзіцца ў Аўстраліі з 18 верасьня. Тут ён наведвае розныя гарады, сустракаецца як з уладамі, так і з прадстаўнікамі польскай дыяспары.

Бясьпека, абарона і энэргетыка — вось асноўныя тэмы перамоў прэзыдэнта Анджэя Дуды, якія адбыліся 20 жніўня ў Канбэры, сталіцы Аўстраліі.

Сьпярша паведамлялася пра тое, што падчас візыту кіраўніка Польшчы будзе падпісаны дагавор аб намерах набыцьця Варшавай аўстралійскіх фрэгатаў “Адэляіда”. Аднак падпісаньне дакумэнта адкладзена.

Кшыштаф Шчэрскі, кіраўнік канцылярыі прэзыдэнта Польшчы: Перагаворы, якія датычаць канкрэтных закупак, вядуць урад, Міністэрства нацыянальнай абароны. І яны будуць працягвацца. Нам важна, каб гэты дагавор меў шырэйшы характар і датычыў ня толькі закупак, але і падрыхтоўкі спэцыялістаў, тэхналягічнага супрацоўніцтва, супольных вайсковых вучэньняў.

Польшча хоча заключыць з Аўстраліяй усёабдымнае пагадненьне аб супрацоўніцтве ў галіне абароны. Прэзыдэнта падчас візыту ў Аўстралію суправаджае міністар нацыянальнай абароны Марыюш Блашчак.

У Канбэры прэзыдэнт Польшчы сустрэўся з генэрал-губэрнатарам Аўстраліі, а таксама з прэм'ер-міністрам краіны і міністрамі замежных спраў, абароны, абароннай прамысловасьці і гандлю, а таксама зь лідарам апазыцыі.

Анджэй Дуда гутарыў зь міністрамі Аўстраліі аб супрацоўніцтве ў энэргетычным сэктары.

Кшыштаф Шчэрскі: Ішла гаворка пра здабычу вугалю, газу. Але перш за ўсё гаварылі пра сучасныя тэхналёгіі. Гэта такая галіна эканомікі, дзе геаграфічная адлегласьць не адыгрывае ролі. Польшча і Аўстралія ў сьвеце віртуальных тэхналёгій зьяўляюцца такімі самымі суседзямі, як і іншыя краіны сьвету. Бо гэтыя тэхналёгіі дазваляюць пераадолець адлегласьць.

Канбэра,
Канбэра, 20 жніўня 2018 г. Афіцыйная цырымонія прывітаньня А. Дуды з жонкай А. Корнхаўзэр-Дуда Фота: PAP/KPRP/Jakub Szymczuk

Прэзыдэнт Анджэй Дуда падкрэсьліў падчас перамоў, што польскія ўлады хочуць паставіць пытаньне аб магчымых пастаўках аўстралійскага газу ў Польшчу. 21 жніўня гэта тэма будзе абмяркоўвацца на аўстралійска-польскім энэргетычным форуме, які пройдзе ў Сыднэі.

Адной з важных частак візыту Анджэя Дуды ў Аўстралію зьяўляюцца сустрэчы з дыяспарай.

18-19 жніўня прэзыдэнт Польшчы знаходзіўся ў Мэльбурне. Тут ён прыняў удзел у цырымоніі ў Маўзалеі Памяці, які прысьвечаны аўстралійскім салдатам, якія ваявалі ва ўсім сьвеце за апошнія сто гадоў.

Анджэй Дуда аддаў даніну памяці ўдзельнікам бітвы за крэпасьць Тобрук у Лібіі, што адбылася ў 1941 годзе. У бітве ўдзельнічалі поплеч польскія і аўстралійскія салдаты. Бітва пачалася ў красавіку 1941 года і працягвалася восем месяцаў. Гэта была першая значная перамога брытанцаў і іх саюзьнікаў падчас Другой сусьветнай вайны.

Анджэй Дуда: У той перамозе, у той страшнай бітве, страшнай, бо былі сытуацыі, калі вораг знаходзіўся на адлегласьці 150 мэтраў ад пазыцый нашых салдат, немцы пагардліва назвалі абаронцаў Тобрука пацукамі. Яны кпілі з нашых салдат. Але гэта характарыстыка стала сымбалем гераізму той абароны і той перамогі.

Пасьля вайны ў Аўстраліі была створана арганізацыя былых удзельнікаў бітвы, у тым ліку палякаў. Яе назвалі «Пацукі Тобрука».

Боб Сэмпл, адзін з вэтэранаў бітвы за Тобрук: Гэта вельмі важна, што мы можам разам успамінаць пра вялікія дасягненьні, падтрымку, сяброўства ўсёй нашай брыгады. Польскія салдаты былі выдатнай часткай нашых вайсковых структур. І зьяўляюцца імі дагэтуль у розных частках Аўстраліі.

Анджэй Дуда таксама сустрэўся з прадстаўнікамі польскай дыяспары ў Мэльбурне. Прэзыдэнт сказаў, што дыяспара зьяўляецца вітрынай Польшчы ў Аўстраліі і падзякаваў за працу настаўнікам, якія выхоўваюць польскіх дзяцей у Аўстраліі.

Анджэй Дуда: Усім, хто польскіх дзяцей, польскую моладзь вучаць польскай гісторыі, мове — вялікі дзякуй! Дзякуючы вам польскія дзеці гавораць і сьпяваюць па-польску. Я за гэта вельмі спадарству ўдзячны.

Анджэй Дуда таксама расказаў аўстралійскім палякам пра палітычныя працэсы, якія адбываюцца на бацькаўшчыне.

Анджэй Дуда: Мы заплацілі вялікую цану за бяскроўную рэвалюцыю 1989 года. Але ёсьць яшчэ ўстановы, якія трэба ўвесь час рэфармаваць і выганяць зь іх камуністаў. Аднак пакуль што нам удаецца адбудоўваць Польшчу. І я спадзяюся, што мы гэта будзем плённа рабіць і далей.

Мэльбурн,
Мэльбурн, 19 жніўня 2018 г. А. Дуда ў касьцёле Божай Міласэрнасьці Фота: PAP/KPRP/Jakub Szymczuk

Анджэй Дуда лічыць сустрэчы з польскай дыяспарай адной з галоўных мэт свайго візыту ў Аўстралію.

20 жніўня прэзыдэнт Дуда сустрэўся з прадстаўнікамі польскай дыяспары ў Сыднэі.

Анджэй Дуда: Хачу падзякаваць вам за тое, што аўстралійцы добра гавораць пра Польшчу і палякаў. Гэта сьведчыць пра тое, кім вы тут зьяўляецеся. Вы зьяўляецеся ляяльнымі грамадзянамі Аўстраліі, добразычлівымі людзьмі, добрымі суседзямі, сумленнымі работнікамі, прадпрымальнікамі. Вас паважаюць. І калі вас шануюць як палякаў, то адпаведна за вашы справы паважаюць і Польшчу.

Мясцовыя палякі гавораць, што жыцьцё ў Сыднэі ім вельмі падабаецца.

Жыхарка Сыднэя: Перш за ўсё тут жывецца спакойна. Людзі маюць працу. Таму ў меру задаволены. Існуюць таксама досыць добрыя ўмовы для дзяцей. Тут дбаюць пра моладзь, пра старэйшых людзей.

Жыхар Сыднэя: Я прыехаў сюды ў 1978 годзе і ўжо праз тры дні адчуваў сябе як дома. Я люблю Мэльбурн і лічу гэты горад адным з найлепшых, у якім можна жыць.

Анджэй Дуда заклікаў палякаў вярнуцца ў краіну. Паводле ацэнак мясцовых улад, у Аўстраліі пражывае каля 180 000 чалавек польскага паходжаньня. Самая вялікая група — 56 000 чалавек жыве ў штаце Вікторыя і яе сталіцы Мэльбурне.

IAR/вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт