У апошнія гады асабліва моцна паспрыяў збліжэньню Польшчы ды Грузіі трагічна загінулы прэзыдэнт Лех Качыньскі.
Сёлета Польшча ды Грузія адзначаюць 100-ю гадавіну ўсталяваньня афіцыйных дыпляматычных адносінаў. За мінулыя 100 гадоў кантакты паміж дзьвюма краінамі былі вельмі інтэнсіўныя, часта цёплыя ды сяброўскія. Таксама й цяпер Польшча ахвотна выступае ў падтрымку Грузіі на міжнароднай арэне. З Тбілісі перадае карэспандэнт Польскага радыё Мацей Ястжэмбскі.
Мацей Ястжэмбскі: Як зазначаюць самі грузіны, адносіны з Польшчай пачынаюцца ў 15 стагодзьдзі, і заўсёды былі поўныя сяброўства й даверу. Паводле словаў грузінскіх гісторыкаў, нашыя народы зблізіла яшчэ больш барацьба за незалежнасьць ды супольны вораг – Расея. Цяпер, калі Расея акупавала частку грузінскай тэрыторыі, менавіта Польшча на міжнароднай арэне бароніць інтарэсы Грузіі ды падтрымлівае яе намаганьні да поўнай эўраатлянтычнай інтэграцыі.
Гэтае польская сяброўства асабліва праявілася падчас расейска-грузінскай вайны 2008-га году. У нядзелю была гадавіна візыту прэзыдэнта Леха Качыньскага ў Грузію ў разгар таго канфлікту.
У Грузіі чуваць меркаваньні, што той жэст салідарнасьці з грузінскім народам быў важным элемэнтам спыненьня расейскай агрэсіі. Менавіта таму грузіны высока ацэньваюць заслугі былога прэзыдэнта для іх краіны. У 10-ю гадавіну той вайны грузінскія журналісты ўзгадвалі выступ Леха Качыньскага ў Тбілісі. Польскі прэзыдэнт заклікаў тады сьвет да салідарнасьці з грузінскім народам. Той візыт грузіны называюць «ахоўным парасонам для іх дзяржавы». Таксама грузінскія экспэрты зазначаюць, што прыезд 5 прэзыдэнтаў - Польшчы, Летувы, Латвіі, Эстоніі ды Ўкраіны - значна паўплываў на падпісаньне пагадненьня аб спыненьні агню. Гаворыць амбасадар Польшчы ў Грузіі Марыюш Машкевіч.
Марыюш Машкевіч: У грузінскіх СМІ паведамляецца пра ключавое значэньне візыту польскага прэзыдэнта. Грузіны лічаць, што расейцы пайшлі б далей, а Сарказі лягчэй было б саступіць Пуціну, калі б не было таго візыту прэзыдэнтаў. Расейцы былі вымушаныя абмежаваць свае апэтыты ў дачыненьні да Грузіі. Гэтыя 100 гадоў былі часам вельмі інтэнсіўных кантактаў. Грузіны былі вымушаныя ўцякаць са сваёй краіны ад бальшавікоў. Менавіта Польшча стала для іх другой бацькаўшчынай. Многія грузінскія афіцэры служылі ў Войску Польскім, а многія загінулі ў Катыні ці падчас Варшаўскага паўстаньня. Яны былі сапраўднымі героямі.
У сваю чаргу ў Грузіі Лех Качыньскі ўспрымаецца як нацыянальны герой - узгадвае тагачасны першы сакратар польскай амбасады ў Грузіі Мацей Дахоўскі.
Мацей Дахоўскі: Я надоўга запоўніў Леха Качыньскага, я перакананы, што памяць пра яго, пра ягоны прыезд падчас вайны доўга яшчэ будзе жыць тут.
Грузіны з павагай адзываюцца пра былога польскага прэзыдэнта, кажа польскі дыплямат Лех Коньчак.
Лех Коньчак: Горы – гэта такі горад, дзе з асаблівай сымпатыяй ставяцца да Леха Качыньскага, у зьвязку з гуманітарнай дапамогай. Гэты горад вельмі моцна пацярпеў падчас той расейска-грузінскай вайны 2008-га году. Там некалькі тысяч чалавек упісаліся ў кнігу спачуваньня.
У Грузіі пастаўлены помнікі Леху Качыньскаму, таксама шэраг вуліц названа яго іменем, ягоныя заслугі для Грузіі ня раз згадваліся падчас афіцыйных урачыстасьцяў у гэтай каўкаскай краіне.
Юры Ліхтаровіч