Роўна 10 гадоў таму, ноччу з 7 на 8 жніўня пачалася расейска-грузінская вайна за Паўднёвую Асэтыю. Канфлікт, які працягваўся толькі некалькі дзён і закончыўся перамір’ем, нагадвае пра сябе да нашых часоў, паколькі Расея ня выканала ўзятых на сябе абавязацельстваў, між іншым, ня вывела сваіх войскаў з Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі.
8 жніўня 2008 году адбыліся рэгулярныя баі паміж салдатамі грузінскай арміі і ўзброенымі паўднёваасэтынскімі сэпаратыстамі. Перад гэтым прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі прыняў рашэньне аб тым, каб пераняць кантроль над збунтаваным рэгіёнам пасьля доўгіх месяцаў правакацый з боку паўднёваасэтынскіх сэпаратыстаў. Расея выслала сваю 58-ую армію на дапамогу сэпаратыстам. Расейскія жаўнеры занялі прадмесьце Цхінвалі і адтуль абстрэльвалі грузінскія атрады. Калі аказалася, што грузіны на працягу сутак ўзялі пад кантроль амаль увесь рэгіён, расейская авіяцыя пачала бамбардаваць грузінскі порт Поці і вайсковую базу Сэнакі.
Што было прычынай грузіна-расейскай вайны? Дзейсны прэзыдэнт Грузіі Георгій Маргелашвілі тлумачыць, што Расея пасьля распаду Савецкага Сасюзу ў 90-ыя гады не хацела выпусьціь са сваёй зоны ўплываў былыя расейскія рэспублікі.
Г. Маргелашвілі: В 2008 годзе расейскія рэгулярныя войскі акупавалі частку Грузіі. Тады мы стараліся ўжо быць незалежнай краінай. Палітыка Расеі ў адносінах да сваіх суседзяў наступная: мы вас будзем караць за тое, што ў вас думкі пра незалежнасьць.
Чатыры эўрапейскія краіны патрабуюць, каб Расея перастала падтрымліваць Абхазію ды Паўднёвую Асэтыю. З такім заклікам зьвярнуліся да расейскіх уладаў міністры замежных спраў Польшчы, Летувы, Латвіі ды віцэ-прэм’ер Украіны, якія наведалі надоечы Тбілісі. Палітыкі паляцелі на Каўказ напярэдадні гадавіны вайны, каб засьведчыць сваю падтрымку Грузіі. Перадае карэспандэнт Польскага радыё Войцех Цэгельскі.
В. Цэгельскі: У сумеснай дэклярацыі палітыкі высунулі патрабаваньне, каб Расея вывела сваіх жаўнераў і перастала падтрымліваць Абхазію і Паўднёвую Асэтыю. Гэтыя рэспублікі ў час вайны аддзяліліся ад Грузіі, у аднабаковым парадку аб’явілі незалежнасьць. “Мы ў чарговы раз заклікаем Расею, каб яна перастала прызнаваць нелегальныя рэспублікі - Абхазію і Паўднёвую Асэтыю, каб яна выконвала рашэньні мірнай дамоўленасьці, прынятай 12 жніўня 2008 году”, - заявіў у Тбілісі польскі міністар замежных спраў Яцэк Чапутовіч. Міністры абяцалі таксама, што яны будуць падтрымліваць Грузію на міжнароднай арэне.
На думку дэпутаткі партыі “Права й справядлівасьць” Малгажаты Гасеўскай, Грузія магла б стаць часткай Расеі, калі б 10 гадоў таму ў становішча не ўмяшаўся прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі (які загінуў 10.04.2010 пад Смаленскам у авіякатастрофе). Старшыня польска-грузінсай парлямэнцкай групы мяркуе, што рашучая пазыцыя польскага прэзыдэнта выратавала Грузію ад шырокамаштабнай вайны з Расеяй.
М. Гасеўска: Калі б не загінулы Лех Качыньскі, калі б не польскі прэзыдэнт, то мы б цяпер агулам не размаўлялі пра Грузію. Гэта была б тэрыторыя, поўнасьцыю занятая расейскімі войскамі, а ня толькі часткова, як цяпер. Эўрапейскія палітыкі вельмі хутка заплюшчылі вочы, хуценька забыліся на тое, што зрабіла Расейская Фэдэрацыя, пра вайну, пра тое, што зрабіў Пуцін. І вельмі хутка яго зноў пачалі прымаць з візытамі ў эўрапейскіх краінах.
Па словах Малгажаты Гасеўскай, канфлікт быў праверкай, на што Пуцін можа сабе дазволіць у кантактах з Захадам. Аказалася, што можа сабе дазволіць вельмі шмат.
Сытуацыя на мяжы Грузіі і Паўднёвай Асэтыі супакоілася, але паводле інфармацыі грузінскіх уладаў, там надалей пануе хаос. Гаворыць міністар замежных спраў Грузіі Давід Залкаліяні.
Д. Залкаліяні: Мэта нашай сустрэчы – зьвярнуць увагу міжнароднай грамадзкасьці на праблему. Тое, што адбываецца ў Грузіі, ніяк нельга назваць мірам.
У выніку вайны ўступленьне Грузіі ў Нато ды Эўрапейскі Зьвяз, хоць фармальна ўсё яшчэ магчымае, на самой справе было перасунута на далекую будучыню. Тым ня менш, прадстаўнікі Польшчы, Латвіі, Летувы ды Ўкраіны выразілі перакананьне, што раней ці пазьней Грузія стане чальцом гэтых структур.
нг