Logo Polskiego Radia
Print

Кожны жыхар Польшчы зможа атрымаць бясплатную юрыдычную дапамогу

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 31.07.2018 14:47
  • юрыдычная дапамога.mp3
Дастаткова толькі заявіць пра адсутнасьць магчымасьці скарыстацца платнай падтрымкай.
www.pixabay.com

Некалькі гадоў таму ў Польшчы быў прыняты закон, дзякуючы якому некаторыя катэгорыі грамадзян атрымалі магчымасьць карыстацца бясплатнай юрыдычнай дапамогай. Цяпер па ініцыятыве прэзыдэнта, усе асобы, якія ня могуць плаціць за такую дапамогу, атрымаюць кансультацыю юрыста без аплаты.

Дзякуючы ўвядзеньню зьменаў і дапаўненьняў у закон, які падпісаў прэзыдэнт Анджэй Дуда, будзе пашыраны лік асобаў, што змогуць атрымаць бясплатна юрыдычную дапамогу. Новыя правілы ўводзяць таксама навінку – формы дапамогі, якіх раней не было – грамадзкія кансультацыі ды юрыдычнае пасярэдніцтва.

Закон, падрыхтаваны па ініцыятыве прэзыдэнта, гарантуе бясплатную юрыдычную дапамогу кожнаму чалавеку, які ў заяве сьцьвердзіць, што па фінансавых прычынах ён ня можа сабе дазволіць заплаціць за юрыскансультацыю. Нагадаем, у 2015 годзе ў заканадаўстве ўжо паявілася магчымасьць атрымаць такую дапамогу, але яе адрасатамі маглі быць толькі некаторыя катэгорыі слаба забясьпечаных грамадзян – між іншым пэнсіянэры, інваліды ды беспрацоўныя. Гаворыць Анджэй Дуда.

А. Дуда: Няма ўжо асобных катэгорый людзей ці ўстаноў, якія могуць атрымаць такую юрыдычную дапамогу. Яна будзе аказаная кожнаму, каму кансультацыя праўніка будзе патрэбная. Якія існуюць абмежаваньні? Гэта абмежаваньне, якое здаецца элемэнтарным. Калі хтосьці вядзе эканамічную дзейнасьць, а такая дзейнасьць засноўваецца заўсёды з думкаю пра атрыманьне прыбытку, то ён у рамках сваёй эканамічнай дзейнасьці ня зможа атрымаць бясплатнай юрыдычнай дапамогі.

Папраўкі ў закон уводзяць таксама бясплатныя гэтак званыя грамадзкія кансультацыі. Гэта дапамога людзям, якія трапілі ў складаную сытуацыю. Прэзыдэнт Анджэй Дуда згадаў пра тры асноўныя прынцыпы аказаньня бясплатнай юрысдапамогі ў гэтай галіне.

А. Дуда: Па-першае, гэта праблема празьмернай задоўжанасьці, гэта значыць, людзі, якія трапілі ў даўгавую пятлю, па-другое, гэта праблемы, зьвязаныя з кватэрным пытаньнем, і па-трэцяе, такая дапамога ахопіць людзей, якім неабходная сацыяльная падтрымка.

Некаторыя асобы змогуць таксама скарыстацца юрыдычным пасярэдніцтвам спэцыяліста. Па словах прэзыдэнта, такім чынам удасца хаця б крыху разгрузіць суды, якія заваленыя грамадзянскімі справамі.

А. Дуда: Ня кожнае спрэчнае пытаньне неабходна вырашаць у судзе. Многія справы, магчыма, удасца вырашыць дзякуючы перамовам, пасярэдніцтву юрыстаў. Такое пасярэдніцтва носіць не судовы характар, гэта значыць, што бакі зьвяртаюцца да юрыста, але ня ўносяць патрабаваньня пачаць судовую справу. Часта дзякуючы перамовам, пасярэдніцтву адпаведна падрыхтаванага спэцыяліста ўдаецца вырашыць спрэчнае пытаньне. У якой галіне юрыдычнай дзейнасьці найбольш патрэбнае такое пасярэдніцтва, калі яно спрацоўвае? На маю думку, гэта рознага роду канфлікты на глебе сямейных сварак.

Ніколі невядома, што можа здарыцца ў жыцьці чалавека, што прымусіць яго прасіць дапамогу іншых людзей. Можна трапіць у даўгавую пастку, можна выклікаць дарожна-транспартнае здарэньне са сьмяротным вынікам і трапіць у турму. Ня кожны чалавек можа дазволіць сабе заплаціць за адваката, часам за дапамогу праўніка плаціць дзяржава. Аднак у іншых, не крымінальных справах таксама нярэдка патрэбная дапамога юрыста, якая дазволіць зірнуць на праблему, на канфлікт аб’ектыўна і без эмоцый.

Бясплатная юрыдычная дапамога – гэта, канешне, добра. Аднак, як звычайна, праблема можа заключацца ў грашах, адкуль узяць фінансы. Канцылярыя прэзыдэнта замоўчвае гэтае пытаньне, з якімі коштамі з дзяржаўнага бюджэту зьвязана новаўвядзеньне. Раней прадстаўніца прэзыдэнцкага ведамства паведамляла, што кошты залежаць ад колькасьці асоб, якія скарыстацца такой дапамогай. На этапе падрыхтоўкі закону і абмеркаваньня яго ў Сэнаце Вярхоўная рада адвакатаў згадвала пра суму 100 млн. злотых. Менавіта самаўрад адвакатаў і юрыдычных дарадчыкаў пратэставаў супраць пашырэньня ліку грамадзян, якія змогуць атрымаць бясплатную юрыдычную дапамогу. На думку адвакатаў, прынятая заяўная схема можа схіляць да злоўжываньняў, паколькі дастаткова толькі заявіць пра адсутнасьць магчымасьці скарыстацца платнай падтрымкай. Праўнікі прапанавалі акрэсьліць ліміт максымальнага заробку, вышэй за які бясплатная дапамога не аказвалася б.

ІАР ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт