Сучаснае беларускае мастацтва існуе ня толькі ў Беларусі. Творы мастакоў зь Менску можна ўбачыць і ў Польшчы. Напрыклад, у мастацкай галерэі Świetlica Matejki ў варшаўскім раёне Брудна. Сюды 25 чэрвеня прыяжджаў вядомы плякатыст Уладзімір Цэсьлер.
Творчасьць Уладзіміра Цэсьлера шырока вядома ў Беларусі, Расеі. Аднак і ў Эўрапейскім саюзе мастак карыстаецца прызнаньнем. У панядзелак ён наведаў Варшаву. Увогуле, з польскай сталіцай плякатыста аб’ядноўваюць даўнія сувязі. Досыць сказаць, што яшчэ
Плякат Уладзіміра Цэсьлера, Сяргея Войчанкі і Андрэя Шалюты, што ў 1986 годзе атрымаў гран-пры на ІХ міжнародным біенале пляката ў Варшаве
І на наступных фэстывалях пляката ў Варшаве Цэсьлер атрымліваў ўзнагароды. Толькі што яшчэ адну ўзнагароду мастак атрымаў на біенале пляката ў Асьвенціме.
Уладзімір Цэсьлер: Мая творчасьць — гэта звычайная руціна, якую робіш штодня. Хтосьці ставіцца да гэтага як да творчасьці, але для мяне гэта звычайная руціна. Кожную раніцу прачынаешся, і штосьці ў галаве нараджаецца. Але не заўсёды пасьпяваеш гэта зрабіць. Бо думак і задумак нашмат больш, чым ты рэалізуеш. Усё роўна ідэі няма куды дзяваць. Я карыстаюся інтэрнэтам: нешта зрабіў — і кінуў у інтэрнэт. І далей раблю нешта іншае. Як гэта ў мяне атрымліваецца, я ня ведаю. Атрымліваецца, і ўсё.
Але ж гэта ваш хлеб. Калі вы кідаеце ў інтэрнэт, то кідаеце ва ўсеагульны доступ...
Уладзімір Цэсьлер: Гэта ніякі ня хлеб. Хлеб — гэта калі да цябе нехта зьвяртаецца і нешта заказвае. Тады гэта хлеб. Але мастак усё роўна будзе працаваць, нават калі яму ня будуць плаціць. Калі яму ня плацяць і ён не працуе, — значыць, ён не мастак. Я так лічу.
Варшава, 25 чэрвеня 2018 г. Уладзімір Цэсьлер
Уладзімір Цэсьлер гэтым разам прыехаў у Варшаву да сяброў — польскіх мастакоў. Каб паўдзельнічаюць у камэрным кангрэсе графікаў, якія разам малявалі вялікі постэр на тэму міру і каханьня.
Ініцыятыва кангрэса належыць Дар’юшу Жукоўскаму, знаўцу Беларусі і яе мастацтва, які спэцыяльна запрасіў у сталіцу Польшчы Ўладзіміра Цэсьлера.
Дар’юш Жукоўскі: Вова на самай справе цудоўны чалавек, ня толькі мастак. Ён адкрыты. Прыехаў да нас спэцыяльна: ехаў з Бэрліна на гэта наша біенале. Але больш за ўсё мне падабаюцца яго адносіны да людзей. Мастацтва яго мне таксама падабаецца, але яго мастацтва — гэта дыялёг зь іншым чалавекам. І гэта мне ў ім падабаецца.
Варшава, 25 чэрвеня 2018 г. Пэрфоманс у Świetlicy Matejki
Побач са Świetlicą Matejki знаходзіцца Парк скульптуры на Брудне. Цяпер тут праходзіць выстаўка, арганізаваная сябрам Уладзіміра Цэсьлера — Паўлам Альтхамэрам — пад назвай “Вэнэцыянскае біенале на Брудне”.
Пра тое, як пазнаёміліся польскі і беларускі мастакі, што іх аб’ядноўвае спадар Альтхамэр расказаў падчас прэзэнтацыі ў Świetlicy Matejki.
Павал Альтхамэр: Я вельмі люблю Вову Цэсьлера. Перш чым, пазнаёміўся зь яго творчасьцю, ён запрасіў мяне да сябе ў менскую кватэру на самагонку, пачаставаў салам. І я быў ужо ў такім добрым настроі, што мог захапляцца тым, што робіць Цэсьлер. Я належу да кола яго сяброў. І пазнаёміўшыся з тым, чым ён займаецца, пераканаўся ў тым, што мы робім адно і тое ж. Існуе такі фэномэн, як духоўнасьць. І ён выклікае паміж людзьмі здольнасьць адчуваць эмоцыі адно аднаго. Той, хто мае гэту здольнасьць, любоў да сябе, да сьвету, той вельмі часта становіцца мастаком, рэдка — салдатам або палітыкам, як я заўважыў. І мы з Цэсьлерам належым да адной духоўнай арміі — людзей, якія неабыякавыя да прыгажосьці.
Варшава, 25 чэрвеня 2018 г. Павал Альтхамэр
Уладзімір Цэсьлер: Павал — польская зорка. І не ўзыходзячая, а існуючая. Альтхамэр прыяжджаў у Менск, рабіў тут праект “Горад сонца”, у якім удзельнічалі многія вядомыя людзі, напрыклад, Піт Паўлаў. Я таксама ў ім удзельнічаў. Тады ў Менск прыляцеў залаты самалёт без апазнавальных знакаў, і адтуль выйшлі 180 пасажыраў у залатых камбінэзонах і з залатымі вазкамі разышліся па горадзе. Удзельнікі акцыі хадзілі па горадзе ў і трохі пашумелі. Альтхамэр у 2000 годзе зрабіў вельмі цікавую акцыю, калі жыхары шматпавярховага дома ў варшаўскім раёне Брудна запалілі ў кватэрах вокны такім чынам, што высьвецілася лічба 2000. Гэта яго найбольш вядомая праца.
Цэсьлер і Альтхамэр — сусьветна вядомыя мастакі. Аднак іх творчасьць вядома не шырокім масам, а перш за ўсё тым, хто сочыць за разьвіцьцём сучаснага мастацтва.
Афіша “Вэнэцыянскага біенале на Брудне”
Дар’юш Жукоўскі 12 гадоў таму трымаў у Варшаве галерэю сучаснага беларускага мастацтва Zoja. Аднак мусіў закрыць. І, кажа, гэта праблема ня толькі польская ці беларуская.
Дар’юш Жукоўскі: Беларускае мастацтва не ўкаранілася ў Польшчы. Ня ведаю, ці прыжылося ў Беларусі. Але на працягу трох гадоў я трымаў галерэю. Аднак беларусы, якія жылі ў Варшаве, на жаль, ня ўдзельнічалі ў выстаўках беларускага мастацтва, хаця на іх экспанаваліся творы Цэсьлера. Увогуле, мне здаецца, сучасны чалавек цяжка ўспрымае сучаснае мастацтва. Але чаму? Дагэтуль не знаходжу адказу.
Мастацкая акцыя, што прайшла ў Варшаве, адбылася пры ўдзеле Яна Бакшчаніна — вядомага арганіста, выкладчыка варшаўскай Музычнай акадэміі імя Фрыдэрыка Шапэна, які выступаў на сцэнах Менска і Віцебска.
Віктар Корбут
Фота: Віктар Корбут/radyjo.net
Слухайце, калі ласка, далучаны гукавы файл
Постар, створаны ўдзельнікамі пэрфоманса ў Świetlicy Matejki