Logo Polskiego Radia
Print

„За Пазьняком павінна заставацца апошняе слова” (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 20.06.2018 16:45
  • 0620 Курапаты.mp3
У Міністэрстве культуры пра Курапаты не захацелі размаўляць і кінулі трубку.
КурапатыКурапатыФота: radyjo.net

20 чэрвеня ў Міністэрстве культуры Беларусі адбылася сустрэча намесьніка міністра Аляксандра Яцко з групай грамадзян, якія праводзяць пікетаваньне рэстарана ля мэмарыяльнага комплексу “Курапаты”.

Міністэрства культуры наведала група асоб на чале зь вядомым грамадзкім дзеячам Паўлам Севярынцам. Гэтыя людзі ўжо трэці тыдзень запар праводзяць акцыю пратэсту супраць адкрытага побач з Курапатамі рэстарана “Поедем поедим”. Удзельнікі пікетаваньня патрабуюць закрыцьця ўстановы грамадзкага харчаваньня. Аднак для гэтага павінны быць прававыя падставы. На гэту тэму ішла размова ў Міністэрстве культуры.

Карэспандэнт Польскага радыё пазваніў намесьніку міністра культуры Беларусі Аляксандру Яцко і спытаў пра дэталі.

Я Вам званю па такім пытаньні: у прэсе распаўсюджваецца інфармацыя...

Аляксандар Яцко: Я... Честно... Вы к пресс-секретарю обращайтесь, вам все дадут... (Я... Шчыра... Вы да прэс-сакратара зьвяртайцеся, вам усе дадуць...)

А. Яцко кінуў трубку.

А работнік міністэрства, адказны за сувязі з прэсай, трубку не здымаў.

Для таго, каб высьветліць, пра што ж ішла размова ў Міністэрстве культуры, Польскае радыё зьвярнулася да Паўла Севярынца.

Павел
Павел Севярынец Фота: facebook.com

Павел Севярынец: Мінкульт адказны за Курапаты, яго супрацоўнікі павінны змагацца за Курапаты. Мы прыйшлі сюды са зваротамі грамадзян, з дакумэнтамі самога Мінкульта, Генпракуратуры. Але ў Мінкульце мы нічога па сутнасьці справы не пачулі. Усё, што мы пачулі, — гэта спасылкі на нейкія бясконцыя працэдуры. Мы прапанавалі Міністэрству культуры сабраць навукова-мэтадычную раду, якая мае права вызначаць ахоўныя зоны, вярнуцца да старых ахоўных зон — і зьняць усе пытаньні. А таксама прапанавалі хадайнічаць перад Менскім аблвыканкамам, Міністэрствам гандлю аб адкліканьні ўсіх дазволаў і ліцэнзій рэстаранна-забаўляльнаму комплексу “Поедем, поедим”. Замест гэтага мы пачулі: “Усё ў межах заканадаўства, мы нічога мяняць ня будзем”. А мы пытаемся, як у Курапатах пабудавалі рэстаранна-забаўляльны комплекс з танцполам, лазьняй, батутамі?

На думку грамадзян, якія пікетуюць рэстаран ля Курапат, комплекс “Поедем, поедим” знаходзіцца занадта блізка да месца, дзе ляжаць астанкі ахвяр сталінскіх рэпрэсій.

Павел Севярынец: Калі гэты комплекс быў пабудаваны наўмысна, каб зьняважыць памяць беларусаў, тых, хто загінуў у Курапатах, то гэта проста злачынства. Я іншага слова не падбяру.

Група грамадзян, якія пікетуюць рэстаран ля Курапат, настроена вельмі рашуча. Паводле Паўла Севярынца, з сытуацыі, якая цяпер склалася, магчымы толькі адзін выхад.

Павел Севярынец: Мы з самага пачатку высоўвалі лёзунг “Не шынок, а музэй”, мяркуючы, што будынак рэстарана можна перадаць пад музэй сталінскіх рэпрэсій, і такім чынам юрыдычна пытаньне было б вырашана. Бо тое, што пабудавана ў ахоўнай зоне, павінна мець дачыненьне да мэмарыяла Курапаты. Але прагучала меркаваньне Зянона Пазьняка, — а я лічу, што з улікам яго заслуг у справе Курапат за ім павінна заставацца апошняе слова, дык вось ён лічыць, што трэба зачыняць, зносіць або пераносіць [комплекс “Поедем поедим”]. Тут я салідарызуюся зь меркаваньнем Зянона. Я лічу, што сапраўды гэта будзе найлепшы выхад. Каб усе іншыя зразумелі: нельга рабіць бізнэс, нельга рабіць такія брудныя рэчы з Курапатамі.

Сытуацыя вакол Курапат і рэстарана, што пабудаваны побач зь месцам расстрэлу людзей, не зусім адназначная.

Павел Севярынец і яго аднадумцы лічаць, што рэстаран пабудаваны ў ахоўнай зоне. Аднак установа “Поедем поедим” на самай справе знаходзіцца не на тэрыторыі Курапат, а побач, хаця і вельмі блізка. З другога боку, побач з мэмарыяльным комплексам існуюць іншыя свабодныя тэрыторыі, дзе інвэстары могуць узьвесьці нейкія будынкі.

Вадзім
Вадзім Гліньнік (зьлева) Фота: facebook.com

Вадзім Гліньнік, архітэктар, рэстаўратар, распрацоўшчык ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасьці «Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій 1930-1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты»: У 2004 годзе была распрацавана схема зон аховы. Яна дзейнічала каля дзесяці год. За гэты час з захаду ад Курапат быў пабудаваны рэстаранны комплекс, што выклікала законнае абурэньне грамадзкасьці. З усходу ад Курапат у той час плянавалася ўзьвядзеньне выставачнага комплексу “Белэкспа”. Так узьніклі дзьве праблемы. Іх аб’ядналі ў адну, калі было прынята рашэньне распрацаваць стацыянарныя зоны аховы замест ранейшай часовай схемы. Горадабудаўнікі пачалі распрацоўваць дэтальны плян гэтага раёна. У той час інстытут “Мінскграда” даручыў мне распрацаваць зоны аховы.

Паводле Вадзіма Гліньніка, была грунтоўна прааналізавана схема 2004 года. Аказалася, яна недакладная.

Рэстаран быў пабудаваны зьлева ад урочышча, ад лініі 2004 года.

Галоўны ўваход у мэмарыял знаходзіцца ў правай частцы цяперашняга ўрочышча.

Вадзімам Гліньнікам былі выяўлены карты і аэрафотаздымкі 1930-х гадоў, а таксама часоў нямецкай акупацыі, якія дазволілі дакладна высьветліць, дзе падчас сталінскіх рэпрэсій праходзіла мяжа ўрочышча, у якім расстрэльвалі людзей.

Так былі ўдакладнены межы цяперашняга мэмарыяльнага комплексу.

Мэмарыяльны
Мэмарыяльны комплекс Курапаты (лясны масіў у цэнтры, паміж трас). Зьлева, між дарог, -- рэстаран "Поедем, поедим" Фота: Google

Вадзім Гліньнік: Калі б схема 2004 года была дасканалай, то яе ня трэба было б мяняць. Але мы не зьмянялі, не зьмяншалі мяжу Курапат, мы яе выпрасталі, недзе дадалі, недзе ўбавілі.

Цяпер Нацыянальная акадэмія навук рыхтуе публікацыю нашых навуковых дасьледаваньняў.

Калі ж мы гаворым пра межы, то сёньня вакол Курапацкага лесу па стане на 1937 год вырас малады лес, які як буфэр з усіх бакоў яго акаляе.

Мэмарыяльнаму комплексу, відавочна, нічога не пагражае. Аднак пытаньне пра знаходжаньне ў блізкасьці да яго розных новых аб’ектаў застаецца адкрытым.

Віктар Корбут

Слухайце, калі ласка, далучаны файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт