Варшава падтрымлівае цэласнасьць Грузіі
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Viktar Korbut
                        
                        15.06.2018 12:25
                    
                                 
                
                
                    Віцэ-міністар замежных спраў Польшчы Барташ Ціхоцкі наведаў Батумі.
                
                
                    
                        
Грузінскі краявідpixabay.com/Public Domain CC0
                     
                
                
                
               
                
                         Польшча падтрымлівае Грузію па пытаньні яе тэрытарыяльнай цэласнасьці. Гэта тычыцца праблемы рэгіёнаў Абхазія і Цхінвалі (Паўднёвая Асеція), якія знаходзяцца пад расейскай акупацыяй. З такой заявай выступіў віцэ-міністар замежных спраў Польшчы Барташ Ціхоцкі. На яго думку, Грузія выконвае важную ролю ў захаваньні бясьпекі і міру ў сьвеце. Ціхоцкі прыняў удзел у міжнароднай канфэрэнцыі Georgia's European Way (“Эўрапейскі шлях Грузіі”), што адбылася ў грузінскім горадзе Батумі.
Спадар Ціхоцкі дадаў, што Польшча зьяўляецца прыхільнікам узмацненьня ўсходняга крыла вайсковага блёку НАТА. Варшава падтрымлівае разьмяшчэньне войск НАТА ў Польшчы, краінах Балтыі і Румыніі. Бо гэта забясьпечвае стабільнасьць у рэгіёне. Гэта павінна паўплываць і на бясьпеку Грузіі. Барташ Ціхоцкі пра гэта гаварыў у Батумі зь віцэ-міністрам замежных спраў Грузіі Міхеілам Джанэлідзэ.
Пасьля ўварваньня Расеі на тэрыторыю Грузіі ў 2008 годзе Абхазія і Паўднёвая Асеція абвясьцілі аб сваёй незалежнасьці. Дагаворы аб саюзе з гэтымі “дзяржавамі” заключыла Расея. Аднак пераважная большасьць сусьветнай супольнасьці лічыць гэтыя тэрыторыі грузінскімі, а сама Грузія — акупіраванымі Расеяй.
Дарэчы, у чацьвер Эўрапейскі парлямэнт па ініцыятыве польскага дэпутата Анны Фатыгі прыняў рэзалюцыю, у якой заклікаў Маскву да вываду сваіх войск з грузінскіх тэрыторый.
Niezalezna.pl/вк